Пра кліп расказаў лідар гурта, тэхнічны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Ігар Палынскі. Яго прэм’ера адбылася сёння.

Песню «Чэрці» лідар рок-гурта Sumarok напісаў і ўпершыню выканаў у снежні 2015 года. Падзеі, якія сталі разгортвацца сёлетнімі вясной і летам, паказалі: за пяць год яна стала яшчэ больш актуальнай. Музыкі гурта Sumarok запісалі песню ў пачатку лета-2020, рэліз адбыўся 20 чэрвеня.

— Я веру, што кожны з нас хутка будзе шчасліва ўсміхацца — у свабоднай, шчаслівай, паспяховай Беларусі. Мы — годныя людзі ў годнай краіне. Памятайце пра гэта кожнае імгненне. Пра гэта — наш новы трэк», — заявіў Ігар Палынскі, прэзентуючы песню ў анлайне.

Кліп з кадрамі пратэстаў

«Чэрці» — першы кліп Sumarok за 11 год існавання гурта. Здымкі адбываліся ў верасні ў Маладзечне. У кліпе выкарыстоўваюцца кадры з пратэстаў у Маладзечне і іншых гарадах Беларусі, а таксама з мітынгаў аб’яднаных штабоў Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкала. У аснове сюжэта — успаміны галоўнага героя, які на ўласныя вочы бачыў затрыманні і збіццё маладзечанцаў 9 і 10 жніўня.

Ігар Палынскі.

Вось што пра гэта кажа Ігар Палынскі:

— Я працаваў на мірных акцыях як журналіст, мы з калегамі фіксавалі на відэа ўсё, што адбывалася ў Маладзечне ў тыя вечары. Тады ніхто не мог нават уявіць, у што гэта выльецца. Як журналіст, выступаю аб’ектыўна і непрадузята ў кожным слове — але як беларус, не магу быць абыякавым, калі на маіх вачах фальсіфікуюць выбары, збіваюць людзей, затрымліваюць мінакоў, а афіцыйныя асобы не абмяжоўваюцца ў фармулёўках у дачыненні да той большасці, якая імкнецца да шчаслівай і паспяховай Беларусі.

— Тое, што месцам дзеяння кліпа з’яўляецца Маладзечна, прадыктавана толькі зручнасцю?

— Ідэя кліпа як такая прыйшла пасля таго, як на ўласныя вочы ўбачыў і паспрабаваў асэнсаваць усё, што адбывалася ў тыя жнівеньскія дні.

То бок гэта не Маладзечна з-за зручнасці лакацыі ў кліпе, а кліп агулам — з-за Маладзечна.

— Што адбываеццаз героем ў выніку асэнсавання разгону пратэстаў?

— Падчас здымак ўвесь час успамінаў Мікіту Крыўцова — яго смелы ўчынак ёсць у тым ліку на кадрах, знятых мной 9 жніўня. Наколькі вядома, пасля таго вечара ён з’ехаў з Маладзечна, на наступны дзень быў у Мінску. Герой кліпа з’язджае, пераконваючы сябе верыць у шчаслівы лёс Беларусі. Я ўжо пачуў ад знаёмых шмат варыянтаў тлумачэнняў канцоўкі, але гэта проста сустрэча чалавека, які сумняецца (у сродках, мэце — не важна), і яго альтэр эга, які перакананы. І за стырно, як мы бачым, сядае ў канцы менавіта той, другі.

А значыць, шчаслівы лёс Беларусі будзе будаваць цэльны чалавек — цэльны народ.

Аляксей Кастоўскі.

Рэжысёрам кліпа выступіў блогер, аўтар YouTube-канала Рэйні Аляксей Кастоўскі:

— 2020 год стаў сапраўды пераменным. Мы бачым, як беларусы адчулі, што яны — народ. Гэты кліп — мая першая праца як рэжысёра, таму вельмі прыемна, што ён менавіта пра беларускіх людзей. Увесь гвалт, які мы бачым у кліпе, нагадвае хронікі з Другой сусветнай вайны. Але ўсе мы ведаем, што беларусы перамаглі самы буйны рэжым у гісторыі. Таму няма падстаў не верыць і ў светлую будучыню!

Здымачны працэс і мантаж занялі 20 гадзін няспыннай працы, а бюджэт кліпу склаў роўна нуль рублёў.

Гурт Sumarok быў утвораны ў 2009 годзе ў Полацку аўтарам і выканаўцам Ігарам Палынскім. У 2012 годзе стаў пераможцам інтэрнэт-адбору на фестываль «Бардаўская восень» і выступіў у Польшчы, тады яшчэ пад назвай «Горад N».  Дэбютны альбом пад назвай «Мінор» выйшаў у 2015 годзе, у дыскаграфіі таксама — двайны канцэртны альбом «Як ёсць»/«Флэшбэк» (2016/2020) і шэраг сінглаў. Сёння музыканты гурта жывуць у розных гарадах, таму займаюцца пераважна студыйнай працай, а лідар гурта Ігар Палынскі выступае з акустычнымі канцэртамі.

1 ліпеня 2020 года Sumarok далучыўся да акцыі #культпратэст і падпісаў адкрыты Ліст культурных дзеячаў супраць беззаконня.

Медыі гурта Sumarok:
SoundCloud — https://soundcloud.com/sumarok
YouTube — https://www.youtube.com/channel/UCM7UGyexNjTcRTvTZe-wL_g
Twitter — https://twitter.com/sumarokband
Instagram — https://www.instagram.com/sumarokband/
Facebook — https://www.facebook.com/sumarokband
VK — https://vk.com/sumarok_band.