Прадпрымальнік Рамуальд Улан у Смаргоні. Фота .facebook.com.

Смаргонец Рамуальд Улан – прыватны прадпрымальнік, які аказвае паслугі друку. Таксама ён – былы выдавец і заснавальнік «Новай газеты Смаргоні» (1996-2005). У рамках крымінальнай справы па артыкуле 188 КК (паклёп) 26 верасня ў яго дома і ў офісе прайшлі ператрусы, канфіскавалі неабходную для працы аргтэхніку, тэлефоны. Аднак неабыякавыя смаргонцы дапамаглі свайму прадпрымальніку.

– Так, у горадзе з’явіліся ўлёткі. У іх – інфармацыя пра некалькіх смаргонскіх міліцыянераў і аднаго чыноўніка. Я ўбачыў улёткі ў некалькіх месцах горада, сфатаграфаваў іх і размясціў у гарадскім пабліку «укантакце». Цяпер мяне абвінавачваюць у апублікаванні непраўдзівых звестак.

А яшчэ падазраюць, што нібыта на абсталяванні Улана друкавалі тыя самыя ўлёткі.

– Я адразу заявіў следчаму, што ўлёткі друкаваліся не на маім абсталяванні, на паліграфе гэта можна пацвердзіць. Мяне не паслухалі. 26 верасня канфіскавалі ўсю тэхніку на працы, у тым ліку каляровыя прынтары, сістэмныя блокі. І яшчэ дома – тэлефоны, планшэт, прынтар.

У роспачы, пазбаўлены тэхнікі, на якой ён зарабляе грошы, прадпрымальнік вечарам у суботу звярнуўся да смаргонцаў, каб дапамаглі з аргтэхнікай, далі пакарыстацца на некаторы час.

– Быў вельмі прыемна здзіўлены, што людзі адгукнуліся на маю просьбу. Да панядзелка ўжо было 90% тэхнікі для працы. Смаргонцы прывозілі, прыносілі прынтары, сістэмныя блокі. Два чалавекі нават прапаноўвалі пералічыць грошы на картку. Для прадпрымальніка, які прывык грошы зарабляць, гэта было нязвыкла. Я, вядома, адмовіўся.

Вельмі ўдзячны сваім смаргонцам за такую падтрымку.

Суразмоўца дадае, што многія кліенты спачуваюць яму. Некаторыя бачылі, як у суботу ў офісе адбываўся ператрус і канфіскацыя.

Да сёння людзі прыносяць у офіс пачкі офіснай паперы, нешта замаўляюць, купляюць, каб падтрымаць Рамуальда Улана.

Па яго словах, дзякуючы дапамозе смаргонцаў, у першы дзень працы пасля вобшуку, даход быў амаль такі, як і ў астатнія дні. Ну можа, крыху меншы.

• Текст доступен на языке: Русский