Мядзельская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету нагадвае, што ад 1 кастрычніка пачынаецца адно з самых масавых і папулярных у Беларусі паляванняў – загоннае паляванне на капытных жывёл, якое працягнецца па 31 снежня. Ад 3 кастрычніка адкрываецца асенне-зімовы сезон палявання на зайца-русака і зайца-беляка.

Паляваць на зайца дазваляецца толькі ў светлы час сутак ружэйным спосабам з падыходу з паляўнічым гонччым сабакам, у якога ёсць палявы дыплом па зайцы і (або) лісіцы. Пры гэтым з адным сабакам могуць знаходзіцца да трох паляўнічых.

Выкарыстоўваць дазваляецца толькі гладкаствольную паляўнічую зброю з патронамі, забяспечанымі шротам.

Дапускаецца безружэйны спосаб палявання з паляўнічымі борзымі сабакамі і (або) лоўчымі птушкамі.

Калі Вам стала вядома пра факты парушэння прыродаахоўнага заканадаўства, Мядзельская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету просіць паведамляць пра гэта на «тэлефон даверу» +375 (17) 390-00-00 альбо па тэлефоне +375 (17) 975-07-40. Інфармацыю правераць.