У вёсцы Бузуны знік геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння – валун «Вялікі камень» бузуноўскі.

Як паведамляе Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў адказе на зварот жыхара вёскі, знікненне камяня заўважыла Валожынская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў сакавіку 2020 года.

«Па выніках праведзеных інспекцыяй ў рамках кампетэнцыі мерапрыемстваў звестак пра месцазнаходжанне помніка прыроды, а таксама асоб, вінаватых у яго крадзяжы, знайсці не ўдалося. Цяпер матэрыялы па факце крадзяжу помніка прыроды накіраваны ў праваахоўныя органы для пошуку вінаватых асобаў».

Якраз у сакавіку жыхар Бузуны звяртаўся па тэлефоне да Крысціны Косік, галоўнага спецыяліста Валожынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, і яна такім чынам адрэагавала на пытанні аб валуне:

«Да вашага званка я не ведала, што камяня няма там, і куды ён мог знікнуць – тым больш ня ведаю. Значыць, будзем прымаць рашэнне аб выключэнні яго як помніка прыроды. Знайсці яго будзе практычна немагчыма. Тым больш, калі ён прапаў? Год назад, два гады таму ці пяць гадоў таму? Знайсці яго будзе немагчыма, таму што на ім няма інвентарнага нумара».

Як распавядаюць мясцовыя жыхары Бузуны, камень вывозілі гады тры таму: прыехала тэхніка, валун памерам з бытоўку паднялі, паставілі на платформу і павезлі, а месца разраўнялі. Хто гэта зрабіў – невядома.

Помнік прыроды, нягледзячы на ​​фізічную адсутнасць, усё яшчэ фігураваў у спісах асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый Валожынскага раёна ў «Схеме комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Валожынскага раёна», якая выносілася на грамадскае абмеркаванне ў сакавіку 2020 года.

Валун «Вялікі камень» бузуноўскі быў абвешчаны геалагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння ў 2007 годзе (Пастанова Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь №25 ад 19 сакавiка 2007). Плошча валуна складала 12,8 кв.м.