Лета 1978 года. Студэнт Ігар Таранікаў падчас палявой практыкі на Заходняй Дзвіне. Фота з архіва Ігара Таранікава.

Маладзечанец Ігар Таранікаў любімай справай – геалогіяй – займаецца больш за сорак год. Пачынаў яшчэ падчас вучобы ў БДУ на геаграфічным факультэце, на кафедры геалогіі ад 1975 года да 1980.

Пасля кожнага курса была палявая практыка. Падчас адной з такіх экспедыцый, летам 1978 года, студэнт Ігар Таранікаў пазнаёміўся з Гаўрылам Гарэцкім – навукоўцам, акадэмікам, доктарам навук, братам расстралянага камуністамі беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага.

Помніцца стары стол з зялёным сукном і чарнільніца

– Пасля першага курса я працаваў на геабазе ў Валожынскім раёне, вывучалі Заходнюю Бярэзіну. Пасля другога курса трапіў у Сібір, на БАМ. А знаёмства з Гаўрылам Іванавічам адбылося пасля трэцяга курса. Летам 1978 года нас размеркавалі ў Акадэмію навук, у інстытут геахіміі і геафізікі, у лабараторыю геалогіі і палеапатамалогіі – навукі, якая вывучае старажытныя рэкі, – прыгадвае Ігар Таранікаў.

Усіх студэнтаў, кожнага ў вызначаны час, па адным запрасілі да кіраўніка лабараторыі Гаўрылы Гарэцкага. Ён з кожным знаёміўся асабіста.

– Пра Гаўрылу Іванавіча я шмат чуў, але да таго ніколі не сустракаўся з ім. Добра запомніў нашу першую сустрэчу. Я зайшоў, прадставіўся. З-за стала ўстаў высокі, дужы сталы чалавек у касцюме. Падышоў да мяне, павітаўся, таксама прадставіўся. Размаўляў па-беларуску. Але спытаў, на якой мове будзе зручна мне. Я беларускую добра разумеў. А каб размаўляць, трэба было напружвацца. Таму прапанаваў, каб ён – па-беларуску, а я – па-руску. Так і дамовіліся, – расказвае Ігар.

Студэнт расказаў пра сябе, пра тое, што ў геалогіі ўмее і чаго не ўмее. Гарэцкі даў яму пачытаць праграму практыкі – дастаткова тоўстую кніжку:

– Кажа: ты пачытай, потым спытаеш, што незразумела. А я пакуль лісты ў Еўропу напішу.

Да сёння майму суразмоўцу запомніўся стары масіўны стол з зялёным сукном, чарнільны прыбор, напэўна, яшчэ з 1930-х гадоў, пёравая ручка, прэс-пап’е, каб прамакаць напісанае.

– Уявіце: Гаўрыла Іванавіч бярэ чысты аркуш паперы, чарнільную ручку і пачынае пісаць. Я гляджу: піша па-нямецку. Без слоўніка. Напісаў, узяў другі аркуш і таксама без слоўніка пачаў іншы ліст – ужо на англійскай мове.

Гарбата ад Гаўрылы Гарэцкага

Праз тыдзень студэнт ужо ехаў на практыку на аўтобусе разам з іншымі ўдзельнікамі экспедыцыі. Паехалі на мяжу Беларусі і Расіі. Працавалі на берагах Заходняй Дзвіны:

– Па беразе ракі быў слой шчыльна спрасаванага торфу. А ў ім – пыльца, насенне раслін, зубы грызуноў, якія жылі тут 10-12 тысяч год таму. Відаць, быў нейкі перыяд пацяплення паміж рухамі ледавіка. Студэнты прамывалі гэты торф, сеялі праз сіта. Тое, што заставалася на сіце, складалі ў мяшэчкі для лабараторыі. І кіраўнікі, і студэнты звярнулі ўвагу, што насенне вельмі незвычайнае для сучаснага перыяду. Таму патэлефанавалі Гаўрылу Гарэцкаму. І ў хуткім часе ён прыехаў.

Вядомы навукоўца, як і ўсе, жыў у палатцы. Дзяжурыць па кухні яму не дазвалялі. У свае 78 ён рана падымаўся, ішоў да ракі па зарасніках і збіраў зёлкі – мяту, чабор. Пасля сушыў для вячэрняй гарбаты.

– Гарбату ён рабіў сам. Запарваў у вялікім чайніку на некалькі літраў. На спецыяльную цырату клаў заварку і некалькі кучак розных зёлак. Заварку кідаў у апошнюю чаргу, спачатку – зёлкі. Я так разумею, што такая звычка – з часоў, калі савецкая ўлада асудзіла яго і этапавала ў Беламора-Балтыйскі лагер НКВД, – дзеліцца Ігар.

Размаўляў проста пра складаныя рэчы

За гарбатай акадэмік, доктар навук размаўляў са студэнтамі, паводзіў сябе проста. Па назіраннях суразмоўцы, не гледзячы на ўсе заслугі, чалавек ён быў вельмі просты. Відаць, што інтэлект дазваляў яму адчуваць сябе свабодна ў любых умовах, мяркуе суразмоўца.

Лета 1978 года. Вывучэнне берагоў Заходняй Дзвіны. Фота з архіва Ігара Таранікава.

Падчас такіх вячэрніх гутарак Гаўрыла Іванавіч расказваў пра сваё зняволенне, працу на Беламора-Балтыйскім канале. Пра тое, у якіх умовах жылі асуджаныя. Расказваў, што жытлом была ці то стайня, ці то хлеў, прадзіманы вятрамі з усіх бакоў. Зняволеныя самі спрабавалі стварыць утульнасць, прыносілі дошкі, мох, затыкалі шчыліны, каб было цяплей. Пасля Беламора-Балтыйскага канала пачалі будаваць каскад гідраэлектрастанцый па Волзе. На іх будаўніцтве Гарэцкі таксама працаваў як геолаг.

– Чалавек быў вельмі адкрыты, адказваў проста на складаныя і нязручныя пытанні. Так, працавалі зэкі. Так, з імі было няпроста. Але калі да іх нармальна ставішся, то і яны добра працавалі, – прыгадвае Ігар вячэрнія размовы за гарбатай.

Студэнты шмат пытанняў задавалі па геалогіі. Можна сказаць, прайшлі цэлы курс менавіта ад практыка, а не тэарэтыка, якіх шмат было ва ўніверсітэце, адзначае Ігар.  Вучыліся вызначаць, адкуль рухаўся ледавік, які матэрыял прынёс са Скандынаўскага паўвострава, з якой часткі Скандынавіі. Часам нават спрачаліся з Гарэцкім. Але часцей ад свайго няведання.

Шкадаваў, што доўга не давалі вярнуцца на радзіму

Пра сям’ю, пра расстралянага брата-пісьменніка Максіма Гарэцкага Гаўрыла Іванавіч згадваў не часта. Успамінаў, што дапамагаў Максіму ствараць маскоўска-беларускі слоўнік. З горыччу прыгадваў, як пасля зняволення хацеў вярнуцца ў Беларусь, але яму доўга не дазвалялі. Хоць рэабілітавалі ў канцы 1950-х, на радзіму змог вярнуцца ў канцы 1960-х.

– Уражанні ад сустрэчы з такім людзьмі, як Гаўрыла Гарэцкі, застаюцца на ўсё жыццё. Рэдка сустрэнеш такога чалавека – інтэлігентнага, выхаванага, неабмежаванага розуму, з якім вельмі простага ў зносінах, – адзначае Ігар.

І прыгадвае, што яшчэ ў канцы 1970-х Гарэцкі казаў, што нас чакаюць вялікія праблемы з вадой і кліматам. Вось яны ўжо пачынаюцца: стаяць бясснежныя зімы, у людзей з калодзежаў знікае вада:

– У нас ужо цяпер шырата Кіева. Вінаград выспявае. Год 30-40 мы і падумаць пра такое не маглі, а Гаўрыла Іванавіч ужо прадбачыў.

Гаўрыла Гарэцкі. Фота з Вікіпедыі.

Даведка «РГ»

Гаўрыла Гарэцкі (1900 – 1988). Вядомы беларускі геолаг, географ, эканаміст, адзін з заснавальнікаў і акадэмік (1928) Беларускай акадэміі навук, дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі. Доктар геолага-мінералагічных навук (1946), заслужаны дзеяч навукі Беларусі. Брат пісьменніка Максіма Гарэцкага. Родам з Магілёўшчыны. Скончыў Гора-Горацкую каморніцкую вучэльню і Пятроўскую сельскагаспадарчую акадэмію. Быў некалькі разоў арыштаваны камуністамі, пазбаўлены звання акадэміка. Два разы прыгавораны да расстрэлу, але выжыў.

• Текст доступен на языке: Русский