Фота narachanka.by.

34-гадовага вілейчука судзілі за рабаванне. Здарэнне адбылося сёлета, 2 жніўня. Днямі фігуранту агучылі прысуд.

– Мужчына ў 2019 годзе ўжо быў асуджаны за крадзеж. Атрымаў пакаранне – папраўчыя работы. У перыяд неадбытага пакарання ён здзейсніў яшчэ адно злачынства, – паведаміла карэспандэнту памочнік галоўнага пракурора Вілейшчыны Наталля Стрэж.

Па яе словах, сёлета, 2 жніўня, мужчына выпіў дома. Каля 13.30 пайшоў у краму «Дабраном». Там скраў бутэльку піва, два шакаладныя батончыкі «Снікерс» і цукеркі «Холс». Піва схаваў у рукаў, шакаладкі і цукеркі – у кішэні. Каб адцягнуць увагу прадаўца, уязяў бутэльку мінеральнай вады і падышоў да касы, каб за яе разлічыцца. Аднак прадавец папрасіла паказаць, што ён схаваў.

Тады фігурант уцёк з магазіна з півам, шакаладкамі і цукеркамі. Скрадзенае схаваў дома. У хуткім часе да яго прыйшлі міліцыянеры. Мужчына прызнаўся ў зробленым і паказаў скрадзеныя прадукты.

– Фігурант станоўча характарызуецца па месцы працы і пражывання. Суд гэта ўлічыў. Улічылі таксама тое, што мужчына мае дваіх малалетніх дзяцей і тое, што ён прызнаўся ў зробленым. Абцяжарваючымі абставінамі стала здзяйсненне злачынства ў стане алкагольнага ап’янення і тое, што мужчына здзейсніў яго, не адбыўшы пакаранне за ранейшы крадзеж, – растлумачыла Наталля Стрэж.

У выніку віляйчук атрымаў год і два месяцы абмежавання волі без накіравання ў адпаведную ўстанову. Яго папярэдзілі, што калі будзе парушаць правілы прызначанага пакарання, тады атрымае тэрмін, звязаны з пазбаўленнем волі.

 

• Текст доступен на языке: Русский