Пётр Краўчанка ля свайго партрэта аўтарства мастачкі Алесі Скарабагатай. Фота Аксаны Ярашонак.

25 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі зладзілі імпрэзу, прысвечаную 70-годдзю нашага земляка, палітыка, навукоўца, першага міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі.

Сярод гасцей Пятра Кузьміча былі пісьменнікі і журналісты, мастакі і спевакі, палітыкі і прадпрымальнікі, дыпламаты і навукоўцы. Юбіляр у вышыванцы распавёў прысутным пра свае карані, выкладчыцкую, навуковую і палітычную дзейнасць, прыгадаў сустрэчы з вядомымі палітыкамі еўрапейскіх краін.

Мы падрыхтавалі з прэзентацыі некалькі цікавых і, магчыма, невядомых вам раней фактаў з жыцця юбіляра-земляка.

  1. Прадзед Краўчанкі, Аляксандр Шыкавец, быў першым адукаваным чалавекам на Мядзельшчыне. Ён скончыў рамесніцкае вучылішча. На той час гэта была сур’ёзная адукацыя.
  1. Пётр Кузьміч атрымаў сваё імя ў гонар брата бабулі – Пятра Шыкаўца – аднаго з першых лётчыкаў Расіі.

З невялічкай вёскі Русакі, што на Мядзельшчыне, Шыкавец паехаў у Санкт-Пецярбург, атрымаў там вышэйшую адукацыю. Ажаніўся з артысткай Марыінскага тэатра і прывёз яе ў Русакі. Лёс Пятра Шыкаўца склаўся трагічна. У 1922 годзе ён перайшоў польска-савецкую мяжу. У 1937 годзе ў Савецкім Саюзе яго зрабілі польскім шпіёнам і расстралялі ў 1937. Яго ўдава, былая артыстка Марыінскага тэатра, жыла ў Маладзечне.

Падчас прэзентацыі. Галіна дзягілева і пётр Краўчанка. Фота Аксаны Ярашонак.
  1. Бабуля Краўчанкі Аляксандра Шыкавец і дзядуля Сяргей Мількота бралі шлюб у 16 год.

– Дзядуля прыехаў да бабулі ў Русакі сватацца з вёскі Літвінкі, што побач з Куранцам, і сказаў: «Саша, выходзь за мяне. У нас весела – з акна цягнік відаць. А ты жывеш у пушчы».

  1. Ведае свае карані ад 1565 года.

Па словах юбіляра, род Мількотаў – вельмі старажытны. Хата гэтага роду на адным і тым жа падмурку ў Літвінках стаяла амаль 500 гадоў. Паводле архіваў, першы вядомы продак Зміцер Мількоціч у 1565 годзе меў 30 валок зямлі.

  1. Пасля вайны бацька служыў у КДБ у Вілейцы.

Кузьма Краўчанка ў 11 год застаўся сіратой. Гадаваўся сярод атары авечак. У 18 пайшоў служыць у Чырвоную армію, стаў афіцэрам.

  1. Сям’я Кузьмы і Галіны Краўчанкаў была добра знаёмая з Героем Савецкага Саюза з Вілейшчыны Аляксандрам Азончыкам.

Па словах Пятра Кузьміча, яго маці нават пісала пад дыктоўку Азончыка пісьмо Сталіну, у якім ён заступаўся за партызана свайго атраду.

  1. Будучы палітык у пачатку 1970-х гуляў у футбол за маладзечанскую каманду «Селена».

Ад ліпеня да верасня 1972 года ў дакументах Пятра Краўчанкі стаяў штамп «сталяр Маладзечанскай мэблевай фабрыкі». Паколькі прафесійнага футбола ў СССР не было, спартсмены, гуляючы ў футбол, былі токарамі, слесарамі, сталярамі.

  1. З жонкай Галінай пазнаёміўся падчас вучобы ў Насілаўскай школе.

Першы раз убачылі адно аднаго прыкладна ў сёмым-восьмым класе. Пасля школы сустрэліся. Штогод на 8 Сакавіка шукаў для яе самыя прыгожыя ружы. Праз два гады сям’я адзначыць залатое вяселле.

  1. Збірае кнігі 48 год.

Першую набыў 17 верасня 1972 года.

Так выглядае вокладка кнігі. Фота забяспечанае Пятром Краўчанкам.

Пра кнігу Аляксандра Медзяльцова «Пётр Краўчанка. Чалавек, палітык, дыпламат»

Падчас імпрэзы прэзентавалася кніга Аляксандра Медзяльцова «Пётр Краўчанка. Чалавек, палітык, дыпламат». Кніга прысвечаная жыццю і шматграннай дзейнасці вядомага беларускага палітыка, дыпламата і навукоўца Пятра Краўчанкі і ахоплівае перыяд ад яго нараджэння да распаду СССР у снежні 1991 года. Над кнігай гісторык і пісьменнік Аляксандр Медзяльцоў працаваў амаль дзесяць год, выкарыстоўваючы практычна невядомыя архіўныя матэрыялы з асабістага архіва першага міністра замежных спраў Беларусі, які ўнёс значны ўклад у стварэнне падмурка сучаснай нацыянальнай дзяржаўнасці і адраджэнне беларускай дыпламатыі. Прадмову да кнігі пісаў шматразовы чэмпіён свету па шахматах Анатоль Карпаў.

Унікальнае выданне Аляксандра Медзяльцова можна будзе набыць у кнігарнях «Белкніга» ў Маладзечне, Вілейцы, Мядзеле, Валожыне, Смаргоні, Ашмянах, Астраўцы.

• Текст доступен на языке: Русский