Восень у Маладзечне. Фота Аксаны Ярашонак.

Кастрычнік у гэтым годзе чакаецца цяплейшы, чым звычайна, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

– Сярэдняя месячная тэмпература паветра ў кастрычніку чакаецца на 1-2 градусы вышэй за кліматычную норму (норма – плюс 6-8). Месячная колькасць ападкаў прагназуецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў (36-66 мм), – сказалі ў Белгідрамеце.

Сярэднямесячная тэмпература ў параўнанні з вераснем паніжаецца на 5-6 градусаў. У залежнасці ад характару развіцця атмасферных працэсаў у асобныя гады яна можа прыкметна адхіляцца ад кліматычнай нормы. Найбольш халодным (ніжэй за норму на 3-4 градусы) быў кастрычнік 1946, 1951, 1976 і 1992 гадоў. Найбольш цёплым (вышэй за норму на 2-3 градусы) – кастрычнік 1967, 2008 і 2019 гадоў.

Ноччу тэмпература паветра ў сярэднім знаходзіцца ў межах ад плюс 2 да 4 градусаў вышэй за нуль, днём бывае 9-12 градусаў цяпла. У перыяды пахаладанняў ноччу тэмпература паніжаецца да нуля – мінус 5, днём тэмпература не перавышае 3-7 градусаў вышэй за нуль.

У кастрычніку на працягу 10-14 дзён адзначаюцца туманы. Навальніцы ў гэтым месяцы – з’ява рэдкая: у сярэднім па краіне бываюць адзін раз у 3-10 год.

• Текст доступен на языке: Русский