30 верасня і 1 кастрычніка ў судзе Маладзечанскага раёна разглядзелі справу праграміста Міхаіла Атрахімовіча. Міхаіла затрымалі разам з бацькам яшчэ 10 жніўня, пратрымалі амаль усю ноч і адпусцілі пасля складання пратаколаў.

Судовае пасяджэнне вяла суддзя Інэса Южык.

Судовае пасяджэнне пачалося з хадайніцтва Міхаіла — ён хацеў азнаёміцца з матэрыяламі справы і паклікаў у суд сведкам бацьку Мікалая.

«Я ляжаў тварам уніз пад гаражом РАУС»

11 жніўня ў адносінах да Міхаіла склалі пратакол па адміністратыўнаму артыкулу 23.34. У пратаколе пазначана, што 10 жніўня каля 22 гадзін ён прыняў актыўны удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Міхаіл не згодны з пратаколам. Адначыў, што гэты пратакол не падпісваў, а яго подпіс наогул падроблены.

Па словах Міхаіла, 10 жніўня прыехаў з працы і пайшоў дадому разам з бацькам. Яны пераходзілі вуліцу Віленскую ад будынка МНС да банка БелВЭБ каля 19 гадзін.

Бацька перайшоў дарогу, а Міхаіл прапускаў міліцэйскі аўтамабіль, а потым пайшоў да бацькі. У гэты момант да мужчын пад’ехалі дзве машыны міліцыі, з іх выйшлі пяць чалавек. Яны паклікалі мужчын, пасадзілі ў аўто, адвезлі ў РАУС.

Ва ўнутраным дворыку Маладзечанскага РАУС Міхаіла і Мікалая паклалі тварам уніз на асфальт. У такім становішчы яны праляжалі прыкладна да двух гадзін ночы.

— Я ляжаў тварам уніз пад гаражом у РАУС да ночы, было ўжо цёмна. Калі мы ляжалі ў РАУС у першыя 20 хвілін нас абшукалі, перапісвалі ўсе рэчы. Нас знялі на відэакамеру. Гэта было дзесьці ў 19:30.

Міхаіл не ведае, хто яго затрымліваў: не прадстаўляліся, былі ў масках. Аднак упэўнены, што гэта былі міліцыянеры, а не амапаўцы.

Што сказана ў пратаколе

Супрацоўнік Маладзечанскага РАУС Дзмітры Гадун напісаў у пратаколе, што Атрахімовіча затрымалі на вуліцы Віленская, 2 (там райвыканкам). Міхаіл крычаў лозунгі, публічна выказваў меркаванне наконт выбараў, якія адбыліся 9 жніўня.

Атрахімовіч адказаў, што не даваў ніякіх тлумачэнняў, а гэты пратакол несапраўдны.

Сведка Гадун: нічога не памятае, нічога не можа сказаць

Дзмітры Гадун працуе ў Маладзечанскім РАУС. Міхаіла Атрахімовіча ён ведае, таму што жывуць побач, суседзі.

10 жніўня Гадун знаходзіўся ў РАУС, складаў пратаколы на затрыманых. Ён не памятае, у колькі Атрахімовічаў прывезлі ў аддзяленне. Гадун не ведае і хто затрымліваў Міхаіла і Мікалая.

Суддзя зачытала рапарт, які ўвогуле быў складзены 9 жніўня, у якім Гадун пазначаў, што Атрахімовіч удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, і гэта пацвярджаецца словамі самога Міхаіла.

Суддзя: Складалі такі рапарт?

Гадун: Так, складаў.

Суддзя: Раскажыце тады сутнасць гэтага рапарта, калі быў затрыманы Атрахімовіч?

Гадун: Ну затрыманы не мной быў.

Суддзя: У колькі быў затрыманы?

Гадун: Не магу сказаць.

Суддзя: Вы не можаце сказаць ці вы не памятаеце?

Гадун: Я не магу сказаць.

Суддзя: Паглядзіце пратакол адміністратыўнага затрымання. Кім ён складзены?

Гадун: Мной.

Суддзя: Што вынікае з гэтага пратаколу?

Гадун: Што вынікае? Што сказалі, тое і напісаў.

У пратаколе адміністратыўнага затрымання напісана, што затрымліваў Міхаіла менавіта Дзмітры Гадун. Суддзя спытала ў сведкі, ці адпавядае напісанае ў пратаколе рэчаіснасці. Міліцыянер адказаў яшчэ раз, што напісаў тое, што яму сказалі. Суддзя спыталася, хто яму гэта казаў.

— Я не магу сказаць.

Суддзя: Чаму затрымалі Атрахімовіча?

Гадун: Удзельнічаў у мерапрыемстве.

Суддзя: Удзельнічаў у якім мерапрыемстве? Дзе ўдзельнічаў? Расказвайце.

Гадун: Ну я ж яго не затрымліваў.

Суддзя: Вы ж складалі рапарт. Адкуль вам стала вядома, што Атрахімовіч удзельнічаў?

Гадун: Не магу адказаць на ваша пытанне.

Суддзя: Адкуль вам стала вядома тады, што Атрахімовіч прыняў актыўны ўдзел у мерапрыемстве?

Гадун: Мне няма чаго сказаць.

Суддзя: Вам няма чаго сказаць. А рапарт склалі, таму што самі прыдумалі?

Гадун: Не.

Суддзя яшчэ некалькі разоў запыталася ў сведкі, якім чынам ён напісаў пратакол, калі не ведае абставін затрымання. Сведка не змог растлумачыць. Па словах Гадуна, затрыманых дастаўлялі яму ў кабінет, а ён проста складаў пратаколы.

Справа — міліцыянер Дзмітры Гадун на адной з вераснёвых пратэстных акцый.

Суддзя: Хто дастаўляў вам людзей?

Гадун: Не ведаю.

Суддзя: То бок, вам даставілі людзей, але вы не ведаеце хто дастаўляў. Не ведаеце, як гэтыя людзі прыйшлі да вас?

Гадун: Не ведаю.

Суддзя: Хто-небудзь можа ведаць, як гэтыя людзі з’явіліся ў вас?

Гадун: Не ведаю.

Суддзя: Згодна з пратаколам затрымання, як і з рапартам, вы таксама прыдумалі абставіны? І растлумачыць не можаце? Як гэта разумець?

Гадун: Як ёсць.

Суддзя: Значыць, пратакол затрымання таксама не адпавядае рэчаіснасці?

Гадун: Ну я не ведаю.

Пасля сведка Гадун растлумачыў, што сведчанні ў пратаколе затрымання не выдуманыя, а проста неправераныя. Суддзя запыталася, як іх праверыць, на што сведка адказаў, цяпер ужо ніяк.

«Сказалі, калі не падпішу пратакол, то сяду на 15 сутак»

Мікалай Атрахімовіч — бацька Міхаіла. Увечары 10 жніўня каля 19 гадзін яны разам ішлі дадому. Мікалай пацвердзіў словы, што міліцыянеры затрымалі іх каля будынку былога банка БелВЭБ.

— Нас с сынам затрымалі супрацоўнікі РАУС. Яны не прадстаўляліся. Адзін быў прапаршчыкам, другі — маёр, а іншых не запомніў.

Мікалай прасіў міліцыянераў патлумачыць, чаму іх затрымліваюць. Ніхто з супрацоўнікаў нічога не патлумачыў. У другі раз на просьбу патлумачыць прычыну затрымання, міліцыянеры абяцалі апрануць кайданкі.

Потым бацьку і сына адвезлі ў РАУС, звязалі рукі і паклалі на зямлю ва ўнутраным дворыку. Там яны ляжалі пакуль не стала цёмна. Асабістыя рэчы забралі. Агляд паказаў, што Мікалай і Міхаіл былі цвярозыя. Пратакол складалі ў будынку РАУС.

— Там сядзелі супрацоўнікі. Сказалі, каб падпісваў ужо гатовы пратакол. Спытаўся, а калі адмаўляюся падпісваць, што будзе? Адказалі, што сяду на 15 сутак, а калі падпішу — адпусцяць дадому.

Мікалай падпісаў пратакол.

— Не памятаю, што было ў тым пратаколе. Я быў у шоку пасля таго, што там адбывалася. Дрэнна сябе кантраляваў, перажыў такое ўпершыню ў жыцці.

Пасля таго, як Мікалай і Міхаіл падпісалі пратаколы, іх адпусцілі дадому. Мікалая асудзілі па артыкулу 23.34 КоАП на мінулым тыдні, далі штраф памерам у 20 базавых велічынь.

Суддзя яшчэ раз дапытала Гадуна. Яна паведаміла, што Гадун адзначыў у графе пацярпелых двух супрацоўнікаў Маладзечанскага РАУС — Кафанава і Судніковіча. Гэтых супрацоўнікаў Гадун не апытваў, таму што не было часу. Чаму яны ў графе пацярпелых, патлумачыць не змог. Гадун таксама сказаў, што не падрабляў подпіс Атрахімовіча.

«Я быў не экіпіраваны, у нас паляцелі яблыкі і камяні»

Аляксей Кафанаў працуе міліцыянерам у Маладзечанскім РАУС. 10 жніўня заступіў на службу ў 12 гадзін. Згодна з ўнутранай расстаноўкай, паведамілі, што на тэрыторыі горада могуць адбывацца мітынгі, пікеты і шэсці. Кафанаў працаваў у групе інфармавання, каб паведамляць удзельнікам, што іх дзеянні незаконныя і могуць прывесці да адміністратыўнай адказнасці.

Кафанаў з мегафонам у бронекамізэльцы і шлэме 10 жніўня.

Кафанаў паведаміў, што людзі пачалі падыходзіць на Цэнтральную плошчу з бел-чырвона-белымі сцягамі, у некаторых на адзенні былі выявы герба Пагоні. Па словах Кафанава, каля 19:30 групы людзей сталі аб’ядноўвацца, людзі пачалі крычаць лозунгі. Кафанаў сказаў, што плошчу ачапілі вайскоўцы. Ён знаходзіўся за спінамі вайскоўцаў, казаў у мегафон пра адказнасць аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

— Праз некаторы час грамадзяне паспрабавалі прайсці праз шарэнгу вайскоўцаў у бок Цэнтральнай плошчы. Супрацоўнікі пачалі іх выціскаць. Потым людзі пайшлі ў парк. Я быў не экіпіраваны, у нас паляцелі яблыкі і камяні.

Міліцыянер справа — Дзмітры Судніковіч на плошчы 10 жніўня.

Судніковіч: здымаў пратэстоўцаў, Атрахімовіча не бачыў

Дзмітры Судніковіч таксама працуе міліцыянерам у Маладзечанскім РАУС. 10 жніўня знаходзіўся на службе па ахове грамадскага парадку. Судніковіч не памятае, у колькі завяршыўся мітынг. Міліцыянер займаўся відэаздымкай пратэстоўцаў.

Судніковіч не бачыў на Цэнтральнай плошчы Атрахімовіча:

— Яго не памятаю. На відэазапісы ён не трапляў.

Яраслаў Туровіч.

Відэакамеры ў Маладзечанскім РАУС зламаліся ў дзень выбараў

Яраслаў Туровіч яшчэ адзін сведка, супрацоўнік Маладзечанскага РАУС. 10 жніўня ён знаходзіўся ў аддзяленні, размяркоўваў затрыманых для складання пратаколаў.

Туровіч патлумачыў, што Атрахімовіча затрымалі супрацоўнікі АМАП Мінаблвыканкама. Амапаўцы сказалі Туровічу, што Атрахімовіч знаходзіўся на вуліцы Віленскай 2, актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Менавіта Туровіч патлумачыў Гадуну, які складаў пратакол, што Атрахімовіч удзельнічаў у мітынгу.

Атрахімовіч сказаў, што яго затрымлівалі не амапаўцы, а супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС. Туровіч адказаў, што прайшло шмат часу, таму не памятае, хто дакладна затрымліваў Атрахімовіча, і яшчэ ўсе супрацоўнікі былі ў балаклавах.

Атрахімовіч патлумачыў, што супрацоўнікі, якія яго затрымалі не былі ў балаклавах, а ў медыцынскіх масках чорнага колеру.

Міхаіл Атрахімовіч хадайнічаў правесці экспертызу подпісу пад пратаколам. Суддзя Южык не ўхваліла хадайніцтва.

Атрахімовіч папрасіў выклікаць яшчэ аднаго сведку — кіроўцу міліцэйскага аўто, у якім Міхаіла везлі ў РАУС. Сведка Туровіч патлумачыў наступнае:

— 9 і 10 жніўня задзейнічалі шмат супрацоўнікаў міліцыі, вайскоўцаў унутраных войск. Думаю, што ў сувязі з гэтым будзе складана, нават немагчыма высветліць, хто быў за рулём аўтамабіля. Яшчэ бы сказаў, што гэта інфармацыя службовая.

Атрахімовіч хадайнічаў далучыць да справы відэазапіс з унутранага дворыка РАУС.

— Забралі ўсе рэчы, я ляжаў звязаны. Побач стаялі два супрацоўнікі. Адзін апісваў мае асабістыя рэчы, а другі супрацоўнік перавярнуў мяне на бок і здымаў на камеру. Ён прасіў назваць імя, прозвішча і дзе быў затрыманы.

Міхаіл дакладна не памятае, на які сродак вялі відэазапіс міліцыянеры. Туровіч сказаў, што нікога не здымалі на відэакамеру, а звяралі твары затрыманых з тварамі тых, хто ёсць у базе. Атрахімовіч запытаўся, ці ёсць відэаназіранне ва ўнутраным двары РАУС. Туровіч сказаў, што ў дзень правядзення выбараў відэакамеры ў РАУС зламаліся.

***

Суддзя Інэса Южык аштрафавала Міхаіла Атрахімовіча на 20 базавых велічынь.

• Текст доступен на языке: Русский