2 кастрычніка ў судзе Маладзечанскага раёна судзілі Аляксандра Валуя, якога затрымалі пасля пратэстнай акцыі 13 верасня.

«Рэгіянальная газета» паведамляла раней пра затрыманне Аляксандра 13 верасня. У той дзень жонка прынесла яму ў РАУС лекі, а міліцыянеры затрымалі яе і склалі пратакол.

Судовае пасяджэнне вяла суддзя Вікторыя Паляшчук.

«Патлумачылі, калі не падпішу, то пакінуць на суткі»

У Аляксандра Валуя ёсць 16-гадовы сын, паўналетнія сын і дачка. Афіцыйна даглядае чалавека з інваліднасцю.

У пратаколе аб адміністратыўным правапарушэнні пазначана, што 13 верасня каля 15-16 гадзін Валуй парушыў парадак правядзення масавага мерапрыемства, удзельнічаў у шэсці, выказваў незадаволенасць да дзеючай улады.

Аляксандр расказаў, што 13 верасня каля 15 гадзін знаходзіўся на Цэнтральнай плошчы ў Маладзечне, потым пайшоў па праспекту ў бок «Е-Сіці», што на Будаўнікоў. У гэты час бачыў калону людзей, якая ішла па пешаходнай дарожцы па Вялікім Гасцінцы. Мужчына ішоў побач з калонай, а пасля звярнуў на вуліцу Міра, каб дайсці да «Е-Сіці». На вуліцы Міра Аляксандра і затрымалі.

— Каля скрыжавання ля «Гастранома» пад’ехаў УАЗ, выскачылі хлопцы ў форме і прапанавалі прайсці ў аўтамабіль.

Потым прывезлі ў РАУС. Там з Аляксандрам размаўлялі тры супрацоўнікі міліцыі.

— Так разумею, што склалі адзін пратакол, але яго перадавалі ад аднаго супрацоўніка да іншага. Спачатку пратакол пісаў капітан, потым дакументы глядзеў маёр, а заканчваў афармляць мяне сяржант.

У пратаколе апытання ў міліцыі Аляксандр расказаў, што ўдзельнічаў у акцыі, але лозунгі не крычаў і сцягі не трымаў.

— Я падпісваў нейкія паперы, але гэта не маё тлумачэнне. Далі стос паперак і патлумачылі, калі не падпішу, то пакінуць на суткі, а можа быць на трое.

Аляксандра вызвалілі у той жа дзень.

— Не памятаю, колькі было, але ўжо цёмна. Прыйшоў Прыгара, сказаў, каб мяне хутка афармлялі і выпускалі. Пасля пачаўся хоць нейкі рух.

Шэсце ў Маладзечне 13 верасня.

Хацкевіч: Валуя ўпершыню заўважылі каля парка

У судзе выступіў сведка Аляксандр Хацкевіч. Ён працуе міліцыянерам у Маладзечанскім РАУС. 13 верасня быў на службе па ахове грамадскага парадку.

— У нядзелю як звычайна планавалася шэсце. Як у мінулую нядзелю грамадзяне збіраліся каля Лядовага палаца. Там сабралася 50-70 чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі. Тлумачылі людзям, што мерапрыемства несанкцыянавае і незаконнае, аднак яны не разыходзіліся.

Па словах Хацкевіча, людзі ішлі натоўпам у бок Смаргоні, крычалі лозунгі. Дайшлі да музвучылішча і павярнуліся назад у бок Лядовага палаца. Мерапрыемства працягвалася каля 1,5 гадзіны. Калі людзі дайшлі да касцёла, то самых актыўных удзельнікаў пачалі затрымліваць. Па словах Хацкевіча, Валуя міліцыянеры заўважылі яшчэ каля гарадскога парка.

— Ён ішоў разам з жонкай, жонка махала кветкамі. Калі не памыляюся, ён быў у кепцы.

Хацкевіч ехаў у службовым аўтамабілі побач з кіроўцам, з машыны не выходзіў. Міліцыянер заўважыў Валуя ў калоне каля музкаледжа.

У судзе паказалі два відэазапісы, на якім знялі частку шэсця 13 верасня. Трэба адзначыць, што ў адным з відэа на заднім фоне з міліцэйскага аўто гучала песня «Мама Беларусь». Валуй адмовіўся, што ішоў разам з калонай у бок «Спадарожніка».

Аляксандра Валуя прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 КоАП. Суддзя Паляшчук аштрафавала мужчына на 25 базавых велічынь.

• Текст доступен на языке: Русский