Напрыканцы 1950-х у Польшчы стварылі сілавую арганізацыю, якая ўваходзіла ў склад МУС, — ЗОМО. Па сутнасці ЗОМО павінна была займацца затрыманнямі небяспечных злачынцаў, ліквідаваць надзвычайныя сітуацыі, аднак супрацоўнікаў насамрэч выкарыстоўвалі для падаўлення пратэстаў і разгонаў дэманстрацый. 

«Рэгіянальная газета» распавядае гісторыю польскага ЗОМО і як яна завяршылася пасля знішчэння камуністычнага ладу ў Польшчы, а таксама што адбылося пасля з байцамі гэтай сілавой структуры.

Фота wyborcza.pl.

Летам 1956 года ў Познані прайшлі масавыя дэманстрацыі з-за цяжкай эканамічнай абстаноўкі і незадаволенасцю камуністычнай уладай. Пратэст падавілі сілавікі. Пасля пратэстныя акцыі адбыліся ўвосень ў Быдгашчы і ўзімку ў Шчэцыне. Для польскага ўраду гэтыя народныя выступленні сталі штуршком для стварэння асобых падраздзяленняў міліцыі.

Афіцыяльна ЗОМО стварылі ў 1957 годзе.

ЗОМО выкарыстоўвалі амаль ва ўсіх падаўленнях пратэстаў у 1960-я гады. У 1970 годзе супрацоўнікі ЗОМО актыўна ўдзельнічалі ў падаўленні пратэстаў рабочых на поўначы Польшчы. Улада вырашыла, што пратэсты аказаліся буйнымі, таму ўвяла войскі. Пратэст падавілі, але коштам шматлікіх ахвяр. Таму ў наступным ЗОМО атрымаў сваеасаблівы карт-бланш на сілавы ўдзел у пратэстах — армію цяпер выкарыстоўвалі значна менш.

У 1976 годзе падчас падаўлення пратэстаў у Радоме зафіксаваны метад ścieżka zdrowia («шлях здароўя») — збіццё затрыманых дубінкамі ў два міліцэйскіх шэрагі.

Фота newsweek.pl.

1980-я гады ў Польшчы — гэта «Салідарнасць». 14 жніўня 1980 года пачаўся страйк на верфі ў Гданьску. Страйк трансфармаваўся ў буйную пратэстную хвалю, якая захапіла ўсю Польшчу. Тады ўлада не выкарыстала ўзброеныя атрады ЗОМОўцаў. Дыялог улады і пратэстнага руху прывёў да стварэння незалежнага прафсаюза «Салідарнасць». Аднак хваля гвалту з боку польскіх сілавікоў не спынілася.

Вясной 1981 года ў Быдгашчы байцы ЗОМО (і іншыя сілавікі) збілі актывістаў «Салідарнасці».

Дарэчы, у адказ на правакацыю польскай улады і сілавікоў тады прайшоў адзін з найбуйнешых страйкаў 1980-х, у якім прынялі ўдзел практычна ўсе рабочыя краіны.

У 1981-1983 гады ў Польшчы ўвялі ваеннае становішча. Атрады ЗОМО згулялі адну з ключавых роляў у гісторыі разгонаў, гвалту і забойстваў пратэстоўцаў. ЗОМОўцы займаліся захопам і падаўленнем рабочых на прадпрыемствах, якія баставалі, арыштоўвалі актывістаў.

Узімку 1983 года на шахце Вуек (Катовіце) баставалі рабочыя. На падаўленне традыцыйна кінулі атрады ЗОМО. Спачатку каля шахты вадамётамі разагналі людзей, значная частка якіх была сваякамі шахцёраў. Потым пачаўся штурм тэрыторыі шахты: выкарысталі спецсродкамі са слёзатачывым газам (шмат шахцёраў атруціліся). Тэрыторыю шахты таранілі танкі, за імі ішлі супрацоўнікі ЗОМО. Шахцёры аказалі супраціўленне, пацярпелі міліцыянеры і вайскоўцы, якія займаліся штурмам.

Адзін з атрадаў ЗОМО пачаў страляць — забілі 9 шахцёраў, 21 паранілі.

Ужо тады супрацоўнікаў ЗОМО называлі гестапаўцамі, а саму арганізацыю — гестапа. У Польшчы з’явілася пагардлівыя выразы zomole (уніжальная мянушка супрацоўнікаў) і bijące serce partii («сэрца партыі, якое б’ецца»).

У 1988 годзе падчас хвалі страйкаў польскія ўлады зноўку выкарысталі байцоў ЗОМО. Таксама былі шматлікія факты збіцця пратэстоўцаў, ужывалі спецсродкі.

Напрыканцы 1980-х камуністычная ўлада ў Польшчы значна аслабла. «Салідарнасць» фактычна перамагла на выбарах у 1989 годзе, а ЗОМОўцаў ужо не выкарыстоўвалі ў карных аперацыях.

Фота m.interia.pl.

Скасаванне ЗОМО і суды

У 1989 годзе міністр МУС Польшчы Кішчак расфармаваў сістэму ЗОМО. Першапачаткова, гаворка ішла толькі пра перайменаванні, але ўжо праз паўгода загадам новага міністра Казлоўскага ЗОМО была перафармавана ў новую структуру. Фармальна ў гэтай структуры былі тыя ж задачы, але без карна-палітычных функцый, таму атаясамліваць яе з ЗОМО будзе няправільна.

У сучаснай Польшчы дзейнасць ЗОМО разглядаецца як злачыная дзейнасць. Супрацоўнікаў і ніжэйшы афіцэрскі склад прыцягнулі да крымінальнай адказнасці.

Напрыклад, адказныя за расстрэл на шахце Вуек атрымалі рэальныя тэрміны ў турме. На судовых працэсах супрацоўнікі ЗОМО спасылаліся на атрыманыя загады ад кіраўніцтва.

Суд над начальнікам спецыяльнага ўзвода ЗОМО, які падаўляў пратэсты на шахце Вуек. Фота wiadomosci.wp.pl.

Некаторыя супрацоўнікі ЗОМО працягнулі працу ў польскай паліцыі.