Адрэстаўраваная сцяна замка.

Чаму Крэўскі замак неабходна рэканструяваць? Што мы ўбачым тут пасля рэканструкцыі? У чым асаблівасць крэўскіх гаворак? Як будынак мясцовай сінагогі стаў прадпрыемствам? Якія перспектывы чакаюць Крэва – сёння аграгарадок, а стагоддзі таму – старажытны горад, дзе вяршыліся важнейшыя для Беларусі гістарычныя падзеі? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі навукоўцы і краязнаўцы на другіх Крэўскіх чытаннях – Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі.

Мерапрыемствы ладзілі 1 і 2 кастрычніка ў Мінску, Крэве і Смаргоні. Нашы карэспандэнты наведалі Крэва 2 кастрычніка.

Канферэнцыя – плён супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук і Смаргонскага райвыканкама.

Вітальнае слова Ігара Шчаснага.

– Гісторыя Крэва – вельмі важная для нашага краю і блізкая асабіста мне, – расказаў карэспандэнту намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Ігар Шчасны. – Я родам з вёскі Сялец, што зусім побач з Крэва. Мая дыпломная праца ў часы студэнцтва так і называлася – «Крэва».  Шмат тады прыйшлося папрацаваць у архівах Вільні.

Мы падрыхтавалі некаторыя вытрымкі з выступленняў навукоўцаў і краязнаўцаў.

Пра кансервацыю і рэстаўрацыю Крэўскага замка

Пра гэта распавяла Алена Карлянок, галоўны архітэктар праектаў, праектнага філіяла ААТ «Белрэстаўрацыя».

Алена Карлянок – пра рэстаўрацыю.
  • Праект разлічаны на тое, каб рэстаўраваць замкавыя сцены, галерэі і вежы, закансерваваць іх ад атмасферных ападкаў. А ў вежах стварыць музеі.
  • Самая вялікая сцяна замка – 108 метраў. Яна ж – і самая разбураная. 47 метраў з яе – няма.
  • Калі сцяны няма зусім, яе ўзводзяць на тры метры.
  • У малой вежы плануюць размясціць музей Першай сусветнай вайны, у княскай вежы – музей археалагічных знаходак.
  • У двары замка захаваюць варонкі часоў Першай сусветнай і выкапаюць сажалку, якая першапачаткова тут была.
  • Рэканструююць галерэі. Уваходзіць на іх трэба будзе па драўлянай лесвіцы.
Сяргей Гапон.

Пра вынікі, пытанні і перспектывы найноўшых даследаванняў Крэўскага замка

Па гэтай тэме выступіў  Алег Дзярновіч, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, пастаянны кіраўнік раскопак у Крэве.

Алег Дзярновіч са зборнікам матэрыялаў першых Крэўскіх чытанняў.
  • Першыя інжынерна-археалагічныя даследаванні замка былі ў 1929-1930 гадах. Іх ладзілі польскія даследчыкі. У 1970-1980-х тут працаваў навуковец Міхась Ткачоў з гродзенскімі студэнтамі, а таксама – Алег Трусаў. У 1988-1989-х – Ігар Чарняўскі.
  • Уздоўж сцен знаходзяць дахоўку 14-15 стагоддзяў. Верагодна, ёй крылі драўляныя галерэі.
  • Археолагі знайшлі пласт пажару. Верагодна, што некалькі стагоддзяў таму галерэі гарэлі.
  • Міхась Ткачоў знайшоў на тэрыторыі замка старажытны брук, які вёў ад галоўнай брамы да вежы.
  • Падмуркі замка на вялікай глыбіні, бо ён будаваўся ў балаціне.

Нядаўняя знаходка – бутэлькі ад лідскага піва 19-пачатку 20 стагоддзя. Верагодна, іх пакінулі турысты. У пачатку мінулага стагоддзя турызм ужо быў даволі распаўсюджанай з’явай.

  • Вядома, што акрамя галоўнай брамы, была малая, аднак яе рэшткаў пакуль не знайшлі.
  • Крэўскі замак – не толькі помнік 14 стагоддзя. Гэта помнік розных эпох.
  • Адзін з кутоў замка быў разбураны ў 19 стагоддзі. Калі сучасныя навукоўцы расчысцілі завал, знайшлі там рэшткі цаглянай пабудовы.
  • Асноўны будаўнічы матэрыял замка – камень. Цэгла выкарыстоўвалася ў адказных выпадках – арках, кутах.

У адным з завалаў знайшлі пражскі грош – універсальную старадаўнюю валюту, як сёння долар.

  • Невялікія аркі ўнізе ў сценах замка мелі сваю функцыю – падтрымліваць гідралагічны рэжым на тэрыторыі.

Крэўскі замак пры нашым клімаце ў руінах не захаваць. Таму рэстаўрацыя неабходная.

  • Верагодна, што ў будаўніцтве замка  ўдзельнічалі нямецкія майстры

Крэўскі замак у тэлефільме «Замкі Беларусі»

Гісторыю пра тое, як у канцы 1990-ых здымалі фільм «Замкі Беларусі» расказаў Андрэй Кіштымаў, старшы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскай лабараторыі гісторыка-культуранй спадчыны, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук.

Андрэй Кіштымаў.
  • Сярод замкаў, пра якія расказваюць у фільме, ёсць Крэўскі. Яго здымалі падчас дажджу.
  • Унікальнасць фільма ў тым, што ўсе замкі ў ім – яшчэ да рэстаўрацыі
  • Калі пасля здымак творчая група прыйшла засяліцца ў гасцініцу ў Ашмянах, здарыўся такі выпадак. На сцяне гасцініцы быў дэкор – пейзаж са сцяжынкай. Нехта з групы сказаў: «О! Сцяжына Шарамета», згадаўшы выпадак, калі журналіст Павел Шарамет і аператар Дзмітры Завадскі на Ашмяншчыные перайшлі беларуска-літоўскую мяжу і зрабілі пра гэта сюжэт.

Адміністрацыя гасцініцы так спалохалася такому жарту, што выклікала раённую міліцыю. Разбіраліся да начы.

Уладзімір Тугай – загадчык цэнтра ўсеагульнай гісторыі і міжнародных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар уручыў падзякі ясцовым работнікам адукацыі і культуры.

Пра лексічную разнастайнасць крэўскай гаворкі

Мясцовы краязнаўца, былы настаўнік Крэўскай школы Аляксандр Камінскі звярнуў увагу прысутных на дыялекты Крэва. Паглядзіце на некаторыя з іх. Вы чулі такія?

  • Аглядацца – не толькі глядзець па баках, але і рабіць справы па гаспадарцы
  • Абсадзіць – супакоіць
  • Акруціцца – затрымацца ў гасцях на кароткі час
  • Каза – вялікія сані
  • Петухі – гасцінцы з вяселля для тых, хто на ім не быў
Аляксандр Камінскі.
  • Лятонцы – непаседлівы
  • Памаўза – павольны
  • Адымачка – ануча, якой гападыня карыстался ля печы
  • Арбон – аўтобус
  • Цвічыць – караць
  • Цапу-лапу – хутка, абы-як

Як змяняліся функцыі і вобраз Крэўскай мураванай сінагогі

Старшыня праўлення Мясцовага дабрачыннага фонда «Крэўскі замак», магістр архітэктуры, магістр гісторыі Андрэй Шулаеў расказаў прысутным пра гістарычны будынак, што месціцца побач з замкам.

Андрэй Шалаеў.
  • Сінагога, замак, царква Аляксандра Неўскага і лазня – самыя старыя будынкі ў Крэве. Яны перажылі Першую сусветную.
  • Сінагога адлюстраваная на старой мапе 1809 года.
  • Самая старая яе выява адносіцца да канца 19 стагоддзя.
  • Пасля Першай сусветнай змяніўся дэкор вокнаў сінагогі, з’явіліся карнізы.
Пытанні з залы.
  • Сваё асноўнае прызначэнне будынак дакладна выконваў да 1939 года. Магчыма, нават да 1940. Пасля вайны тут месціўся гліняны завод імя Вавілава.

Пра драўляную гандлёвую забудову Крэва міжваеннага перыяду

Вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту з Мінска, Аляксей Друпаў расказаў пра драўляную гандлёвую забудову Крэва міжваеннага перыяду.

Аляксей Друпаў.

Такіх будынкаў у Крэве захавалася няшмат. Часта гандлёвыя памяшканні і склады былі сумешчанныя з жылымі ў адным доме. У такіх будынках было два ўваходы – адзін жылы, другі – для пакупнікоў, звычайна з ганкам з вуліцы.

Яшчэ адна рыса – уваход на куце. Як прыклад – будынак старой аптэкі.

Кацярына Лаўрыненка – пра распаўсюджванне Ягайлам каталіцтва.
Секцыя ваеннай гісторыі Крэва.

Фэст-майстэрня Kreva Create – як новы інструмент для даследавання і трансфармацыі прасторы Крэва

Пра фатографа Сяргея Гапона, які некалькі год таму вярнуўся са сталіцы ў роднае Крэва, мы не раз пісалі. Вось што адзначыў Сяргей у сваім выступленні.

  • Насельніцтва Крэва змяншаецца. За год у сельсавеце стала менш на 150 чалавек. У ваколіцах пазачынялі ўсе школы. Калі так будзе працягвацца, праз некалькі дзесяцігоддзяў у сельсавеце не застанецца нікога.
  • Ягайла некалі ўжо заключыў унію. Цяпер – наша чарга. Заключыць унію гісторыі з мастацтвам, ладзіць культурніцкія імпрэзы, фэсты, увасабляць праекты па развіцці і добраўпарадкаванні мястэчка, каб мяцовым не хацелася з’язджаць, каб іншыя людзі набывалі дамы ў Крэве.
Сяргей Гапон.
Фотавыстава Сяргея ля сцен замка.

Сяргей з аднадумцамі добраўпарадкуюць старыя яўрэйскія могілкі, вядуць перамовы з нашчадкамі яўрэяў, што жылі раней у Крэве, арганізавалі выставу ля сцен замка, стварылі сайт Крэва, вядуць акаўнты ў сацсетках. На сёлетні жнівень планавалі зладзіць фэст-майстэрню Kreva Create, аднак у святле апошніх падзей вымушаныя былі адкласці мерапрыемства.

А так Сяргей з аднадумцамі “ажывіў” пустыя крэўскія будынкі.
Вольга Сямашка.

Што яшчэ плануюць зрабіць у Крэве

Актывісты і навукоўцы распавялі таксама аб праектах, якія ўжо былі рэалізаваныя ў Крэве і якія яшчэ чакаюць рэалізацыі. Так, ад намесніка старшыні ГА «Смаргонская ініцыятыва» Надзеі Карасёвай прагучала думка, што выдатна было б арганізаваць тэатр, які б ладзіў гістарычныя рэканструкцыі на тэрыторыі замка.

А Вольга Сямашка, сузаснавальніца фонда «Крэўскі замак», бакалаўр права, адзначыла, што пры пэўных умовах  Крэва можа нават стаць музеям-запаведнікам.

Гісторыю мястэчка вывучаюць і ў мясцовай школе. Так, вучаніца 11 класа Вікторыя Капыш расказала пра тое, як  Крэва ад сталіцы княства стала цэнтрам сельскага савета. Кіраўнік даследавання – настаўнік Міхаіл Міхалькевіч.

Вікторыя Капыш.

Асобна працавала секцыя, прысвечаная ваеннай гісторыі Крэва.

Мы не змаглі падрабязна ахапіць усе выступленні. Аднак удзельнікі спадзяюцца, што па выніках канферэнцыі выйдзе зборнік матэрыялаў. Па першай канферэнцыі такі зборнік ёсць.

А мы спадзяёмся большасць выступленняў надрукаваць і на старонках нашай газеты.

Экскурсія па замку.

Фотаздымкі Ігара Палынскага.

 

 

• Текст доступен на языке: Русский