20 жніўня ў Маладзечне прайшла праўладная акцыя, на якой выступіла Юлія Хоміч. Напачатку верасня Хоміч размясціла ў сацсетках публікацыю наконт мінскага салона прыгажосці, які, па яе словах, адмовіўся абслугоўваць яе па палітычных матывах. Сёння, 3 кастрычніка, Еўрарадыё паведаміла, што ў той салон прыгажосці прыйшлі дзяржслужбы і выявілі шмат парушэнняў.

Выступ у Маладзечне

20 жніўня прайшла праўладная акцыя, на якой сабралася каля тысячы чалавек. Працягвалася яна каля гадзіны, выступілі некалькі чыноўнікаў, вайсковец і адзінкі простых людзей. Адной з выступоўцаў і была Юлія Хоміч.

– Як хораша ў вас! Упершыню я ў Маладзечне, у захапленні ад вашага гораду. Убачыла вас, гэтую прыгажосць, і зразумець не магу, чым ім не падабаецца жыць тут усім. Чым яны не задаволеныя? Проста смешна, даходзіць да смеху. Калі быў мітынг у Мінску, прыйшлі мы, мы паказаліся. Увесь гэты час мы працавалі для таго, каб “гэтыя” хадзілі. Усіх нашых бела-чырвона-белых, заблукаўшую моладзь апрацавалі там, менавіта ў інстаграме, тэлеграм-каналах, TUT.BY, усе тыя апазіцыйныя сайты, якія замбіравалі людзей. Але вы ж не празамбіраваныя, у вас жа ёсць стрыжань, у вас жа ёсць сіла духа і сіла волі. А гэтых заблукаўшых мне проста шкада. Наша талерантнасць і памяркоўнасць прывяла да таго, што мы прайгралі інфармацыйны бой, але не вайну. Вайну інфармацыйную мы пераможам тым, што мы пакажам на мітынгах, на плошчах, раскажам пра наш сцяг, раскажам, што мы таксама ёсць. Нам не трэба нічога паказваць, мы і так сказалі ўжо 9 жніўня, нас 80%. Чамусьці стала не модным быць за бацьку. А я хачу, каб гэта стала модным. Так, я маладая, і, так, я калгасніца, я родам з Плешчаніц, і я ганаруся, што дзякуючы нам усім, хто працуе і не ходзіць па плошчах, мы працуем на карысць і квітненне краіны.

Хоміч выступала і раней на праўладных акцыях. Першы раз яна трапіла ў аб’ектыў відэакамеры журналістаў на першай праўладнай акцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 15 жніўня ў Мінску.

Салон прыгажосці

У пачатку верасня Юлія Хоміч размясціла ў сацыяльных сетках публікацыі, у якіх сцвярджала, што салон прыгажосці адмовіўся яе абслугоўваць з-за яе палітычных поглядаў.

«Гэта сапраўдны фашызм», — са шматлікімі клічнікамі пісала Хоміч. «Зло не будзе непакараным».

У салоне прыгажосці расказалі зусім іншую гісторыю. Па словах адміністратара салона прыгажосці Зарыны Сафіўлінай, усе пачалося пасля праўладнага мітынга 15 жніўня. На наступны дзень Хоміч прыйшла ў салон на прыём, пачала размову пра палітыку і давяла майстра да слёз.

— Разумееце, у Хоміч вельмі цяжкая энергетыка. Майстар па манікюры адмовіўся з ёй працаваць, вось і ўсё.

Працяг гісторыі

3 кастрычніка Еўрарадыё паведаміла, што ў салон прыгажосці прыходзілі шматлікія праверкі ад дзяржаўных органаў. Супраць службовай асобы прадпрыемства распачатыя адміністрацыйныя працэсы.