Фота Настассі Уткінай.

Чытачы паведамляюць нам, што на пад’ездах некаторых шматкватэрных дамоў Маладзечна вывешваюць спісы запазычанасці па аплаце за кватэру.

У спісах пазначаюць нумары кватэр і суму, якую жыхары гэтай кватэры не пагасілі.

– Імён і прозвішчаў гаспадароў кватэр у спісах няма, – адзначае адна з чытачак. – Але ў пад’ездзе ўсе адзін аднаго ведаюць па кватэрах. Калі я спыталася ў домакіраўніцтве, як гэтыя спісы абгрунтаваныя з прававога пункта гледжання, мне толькі задавалі сустрэчнае пытанне – а чаму вы думаеце, што такога права ў нас няма? Мне так і не патлумачылі, чаму такую інфармацыю распарадзіліся вывешваць у агульнадаступным месцы, каб усе іх бачылі. Хаця можна накіроўваць паведамленне пра запазычанасць прыватна кожнаму ўласніку, у якога доўг.

Чытачка дадае, што людзі могуць не плаціць за кватэру па розных прычынах. Некаторыя – у знак пратэсту.

– Асабліва абурае, што патрабаванні пра вывешванне пратаколаў аб выніках галасавання на прэзідэнцкіх выбарах для ўсеагульнага доступу праігнаравалі, – дадае маладзечанка. – Тут жа зваротная сітуацыя. Іх ніхто не просіць публічна распаўсюджваць гэту інфармацыю, а яны распаўсюджваюць.

Жанчына звяртае ўвагу на палажэнне аб парадку пераразліку платы за некаторыя віды камунальных паслуг, зацверджанае пастановай Савета Міністраў. Паводле дакумента, калі грамадзянін без уважлівай прычыны мае запазычанасць за два і больш разліковых перыядаў і не пагасіў яе цягам пяці дзён пасля пісьмовага папярэджвання, якое дастаўляецца па пошце заказным лістом або ўручаецца пад распіску, камунальная арганізацыя можа прыпыніць свае паслугі.

Фота даслана чытачом.

Паспрабуйце паразумецца з суседзямі

Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі дырэктара мінскага прыватнага прадпрыемства «Аймалін», якое аказвае жыллёва-камунальныя паслугі ў Мінску, Віктара Кліменку.

У шматкватэрным доме жывуць уласнікі пад адным дахам. Яны аб’яднаныя тым, што разам аднолькава адказваюць за стан і догляд дома. Таму калі ёсць злосныя неплацельшчыкі, то вывешванне спісаў можа быць стымулам для аплаты. А суседзі могуць абгрунтавана быць незадаволеныя тым, што хтосьці з жыхароў не плаціць частку агульнай сумы.

Крыху іншая сітуацыя тычыцца тых, хто не плаціць за кватэру з прычыны пратэсту. У першую чаргу дырэктар прадпрыемства раіць такім жыхарам паспрабаваць знайсці паразуменне з суседзямі і патлумачыць прычыны нясплаты.

Яшчэ адзін момант – з квартплаты частка сумы ідзе на пакрыццё паслуг, частка – у бюджэт.

І жыхары, чые дамы абслугоўвае звычайная ЖЭС, не адсочваюць розніцу паміж сумамі, што пайшлі ў бюджэт, і якія забяспечылі паслугі. Напрыклад, падагрэў вады быў забяспечаны, на гэта пайшлі рэсурсы. І калі іх не аплаціць, то бюджэт не далічыцца пэўнай сумы. Сума ж, што ідзе ў бюджэт, ідзе на тыя ж заробкі чыноўнікам. Пры нясплаце камунальнай платы не будзе ні грошай для бюджэту, ні для пакрыцця паслуг.

Кліменка патлумачыў, што вельмі мала камунальных арганізацый у Беларусі прыватнага характару, якія працуюць па прынцыпе самакіравання. Прытым, ён на сваім досведзе ведае, наколькі вялікая розніца ў стаўленні да агульнай уласнасці, калі гэта прыватны ЖЭС і калі дзяржаўны. Пры прыватнай форме людзі дбаюць пра кожную лямпачку, сочаць за парадкам і тым, каб не пераплачваць. У такім выпадку ўласнікі нашмат больш адказныя.