У суботу, 3 кастрычніка, у Салігорску праходзіла шэсце ў парку 4 стыхій. Падчас акцыі пачаліся затрыманні, а сярод затрыманых апынуліся трое маладзечанцаў. «Рэгіянальная газета» расказвае іх гісторыю.

«Зараз пачнуць нас «пакаваць»

Аляксандр Карнееў, Аксана Ачыновіч і Вікторыя Козак не адмаўляюць, што спецыяльна прыехалі на акцыю ў Салігорск. Яны расказалі, што перад шэсцем у салігарчан было чаяванне, а потым ужо і сама акцыя. Маладзечанцы трохі спазніліся, але паспелі на пачатак шэсця.

— На шэсце засталося менш людзей, як было, напрыклад, тады, калі чай пілі, — дзеліцца Аляксандр.

У маладзечанцаў з сабой былі два плаката: на адным з іх размясцілі фотаздымак Мікіты Крыўцова.

— Мы прайшлі каля 20 метраў, можа і менш, а потым убачылі амапаўцаў. Яны падыходзілі з двух бакоў, акружалі, — успамінае Вікторыя.

Адзін плакат хутка парвалі і выкінулі, а другі з выявай Крыўцова схавалі. Пайшлі шукаць аўтамабіль, на якім прыехалі. Маладзечанцы кажуць, што каля машыны паспелі пакурыць, а потым вырашылі схадзіць у краму за вадой. Яны ўжо падыходзілі да крамы, калі ля іх спыніўся мікрааўтобус.

— Яшчэ тады пажартаваў, ведаеце. Кажу дзяўчатам, уявіце, калі з гэтага буса выбегуць гэтыя ў масках і зараз пачнуць нас «пакаваць», — кажа Аляксандр.

Пасля гэтай фразы Аляксандра з бусу як раз і выбеглі сілавікі. Адзін з іх быў у цывільным. Маладзечанцы паспелі спытацца ў яго, чаму іх затрымліваюць. Аксана сказала, што мужчына ў цывільным вельмі хутка паказаў пасведчанне, і яна не пабачыла, што ў ім было напісана. А вось Вікторыя запомніла, што мужчына паказаў пасведчанне, у якім было напісана «КГБ».

Вікторыю, Аксану і Аляксандра прывезлі ў Салігорскі РАУС.

«Не здымеш золата — адвядзём да зэчак, яны там табе здымуць»

Па словах маладзечанцаў, калі яны прыехалі ў Салігорскі РАУС, то ім адразу сказалі здымаць золата, даставаць каштоўныя рэчы, шнуркі з абутку.

— Прыйшоў начальнік аховы грамадскага парадку Салавей і сказаў мне, каб адводзілі ў ізалятар. Паказаў на Аксану, паўтарыў тое самае, — кажа Вікторыя.

Аксана цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, але яе не выпусцілі з аддзялення міліцыі. У панядзелак яна даведалася, што мужчыну, які быў у дэкрэтным адпачынку, адпусцілі ў дзень затрымання ў суботу. У Вікторыі таксама ёсць непаўналетнія дзеці. Аднак жанчыны ўсё роўна сядзелі ў ізалятары да суда ў панядзелак.

— Не змагла зняць залатыя кольцы, калі нас збіраліся ў ізалятар адправіць. Мне сказалі, «Не здымеш золата — адвядзём да зэчак, яны там табе здымуць», — распавяла Аксана.

Вікторыя пасля затрымання выходзіць з Маладзечанскага РАУС 9 верасня.

Шахматы з хлеба, ноч без матрацаў і музыка ад ахоўнікаў

Уражанні ад умоў ізалятара ва ўсіх трох аднолькавыя. Вікторыю і Аксану размясцілі ў двухмеснай камеры ўдваіх. Аляксандр быў з яшчэ дванаццаццю мужчынамі ў васьмімеснай камеры. Адпаведна, ежу мужчынам давалі на васьмярых чалавек. Мужчыны дзялілі ежу паміж сабой, але і адмаўляліся ад яе, казалі перадаць маладзечанскім дзяўчатам.

У Аксаны і Вікторыі ў камеры ўжо былі два матрацы, прасціны і падушкі ім у першую ноч не далі.

— Мы ўдваіх ляглі на адзін матрац, а другім накрыліся. У камеры было вельмі холадна, таму хоць так. Яшчэ цьмянае святло, відэакамера, — успамінае Вікторыя.

Аляксандр кажа, што ў мужчын у першую ноч было інакш: яны спалі па чарзе, без матрацаў. Маладзечанец дзеліцца, што толькі ў першую ноч было складана, на наступны дзень стала лягчэй.

У ізалятары прачыналіся пад гімн Беларусі. Па словах маладзечанцаў, музыка ўвогуле гучала часта. Вікторыя памятае рэпертуар аднаго з беларускіх выканаўцаў:

— Уключалі часам гучна. Памятаю, што Саладуху са «Здравствуй, чужая милая» ўключалі некалькі разоў запар! Ведаеце, ды і адносіны ахоўнікаў да нас былі, скажам так, нечалавечыя.

На другі дзень, у нядзелю, да Вікторыі і Аксаны прывялі яшчэ двух дзяўчат. Іх таксама затрымалі падчас суботняга шэсця, але да нядзелі трымалі таксама ў двухмеснай камеры. Вікторыя мяркуе, што падсялілі для таго, каб вызваліць камеры ў ізалятары падчас нядзельнага марша.

Па словах усіх трох, адносіны да затрыманых змяніліся ў нядзелю, калі прыйшла новая змена ў ізалятар. Жанчынам далі новыя матрацы, выдалі падушкі, далі кубкі, каб наліваць туды кіпень. Мужчынам толькі ў нядзелю далі матрацы.

У нядзелю прыкладна ў дзве гадзіны, калі ў Мінску і астатніх беларускіх гарадах пачынаўся марш, мужчыны ў камеры таксама пачалі сваю акцыю.

— Спецыяльна падлічылі час, каб было дзве  гадзіны. Мы хадзілі вакол стала ў камеры, скандавалі «Жыве Беларусь!». Ахоўнікі спецыяльна вельмі гучна ўключылі музыку, каб у астатніх камерах не пачулі тое, што мы крычым.

Затрыманых з камер выпускалі некалькі разоў у дзень на вуліцу. Вікторыя і Аксана кажуць, што на вельмі кароткі час — па адчуваннях, менш за 10 хвілін. У камеры ў гэты час праводзілі так званую дэзінфекцыю, калі на падлогу проста вылівалі вядро з растворам хлоркі. Аляксандр успамінае, што затрыманыя мужчыны гулялі, то бок хадзілі па кругу, каля гадзіны на свежым паветры.

Вікторыя і Аксана ўспамінаюць, што шмат паміж сабой не размаўлялі, былі ў нейкім ступары. Аляксандр распавёў, што разам з мужчынамі наадварот спрабавалі сябе забаўляць: зрабілі з хлеба шахматныя фігуры, намалявалі ручкай (якую пасля адабралі ахоўнікі) дошку і гулялі. Яшчэ загадвалі загадкі, гулялі ў словы. Там жа Аляксандр пазнаёміўся з салігорскім шахцёрам Юрыем Корзунам.

У нядзелю затрыманым маладзечанцам упершыню паказалі пратаколы, зрабілі пратакол апытання. Толькі тады ім паведамілі, што суд адбудзецца ўжо ў панядзелак. Да гэтага моманту яны спрабавалі даведацца ў ахоўнікаў, колькі ім сядзець, але яны ніяк не рэагавалі на затрыманых.

Суд у міліцыі і «даверанасць АМАПа»

У панядзелак раніцай адбыўся суд. Затрыманых у салігорскі суд не павезлі, суддзя сам прыехаў у аддзяленне.

Вікторыя і Аксана прызналі сваю віну. Па іх словах, на судовае пасяджэнне сыходзіла каля 10 хвілін. Маладзечанкам далі па 20 базавых велічынь. Яны чакалі судовага разбіральніцтва Аляксандра.

— Доўга чакалі Аляксандра, а потым нам прадстаўнік стачкаму Беларуськалія паведаміў, што яму знайшлі адваката. Вельмі ўдзячныя стачкому, яны нас вельмі падтрымалі.

Аляксандр кажа, што зайшоў у кабінет, дзе разглядалі справы па артыкуле 23.34, а там сядзіць жанчына.

— Гаворыць, я — ваш адвакат.

На судзе ў Аляксандра былі два сведкі з салігорскай міліцыі, але яго з дзяўчатамі затрымліваў АМАП, і мужчына бачыў гэтых супрацоўнікаў упершыню.

— Сведкі блыталіся, адвакат лавіла іх на маленькіх момантах. Адзін сказаў, што затрымлівалі нас у натоўпу, хаця мы ішлі ў краму толькі ўтрох, побач нікога не было. А іншы ў выніку сказаў, што паўнамоцтвы казаць аб затрыманні яму дэлегавалі па даверанасці АМАПа.

Аляксандру далі 25 базавых велічынь.

• Текст доступен на языке: Русский