Кадр з фільма «Парфумер». Фота kinopoisk.ru.

Восень – перыяд года, калі з асаблівым задавальненнем можна разгарнуць новую кнігу і правесці з ёй восеньскі вечар.

Прапануем вам спіс некалькіх кніг нямецкіх аўтараў, якія могуць вас захапіць.

  1. «Трыумфальная арка», Эрых Марыя Рэмарк

Раман апісвае падзеі ў Еўропе за некалькі год да пачатку Другой сусветнай вайны. Нямецкі хірург без грамадзянства жыве ў Парыжы, аперыруе пацыентаў. Ён – эмігрант, і над ім заўсёды вісіць пагроза – у любы момант могуць выслаць або арыштаваць.

Галоўны герой знаёміцца з італьянскай актрысай, з якой завязваецца бурны раман. У іх вельмі напружаныя адносіны, якія яны пастаянна высвятляюць. Чакае героя і сустрэча з галоўным мучыцелем.

У канцы рамана пачынаецца вайна, якая вымушае кожнага рабіць свой выбар.

  1. «Парфумер», Патрык Зюскінд

Раман напісаны мовай, ад якой чытач будзе ў захапленні – гэта асалода, калі аўтар можа пісаць тонка і з гумарам. Разам з тым галоўны герой, які падаецца небаракам, трымае на сабе ўвагу, ад яго немагчыма адвесці вачэй. Герой з цяжкасцю прыйшоў у свет, рос у беднаце і адзіноце. У смярдзючым Парыжы 18 стагоддзя герой быў адметны яшчэ і тым, што нічым не пах. Гэта было дзіўна і ніяк не тлумачылася.

Раман падрабязна апісвае адчуванні чалавека, якога не прымаюць у грамадстве. Дакладнае апісанне побыту і горада 300-гадовай даўніны – яшчэ адна асалода, якая чакае чытача.

  1. «Чытальнік», Бернхард Шлінк

Гэта гісторыя кахання, якое ўспыхнула паміж 15-гадовым падлеткам, які паходзіць з сям’і прафесара, і дарослай жанчынай. Каханая раптоўна знікла з горада, і малады чалавек вельмі няпроста перажываў такое развітанне.

Праз восем год ён стаў студэнтам выпускнога курса юрыдычнага факультэта. Мужчына прысутнічаў на судовым працэсе супраць нацысцкіх злачынцаў.

Сярод былых наглядальніц жаночага канцлагера была яна, яго каханая.

Перад чытачом раскрываюцца і іншыя таямніцы. І паўстае выбар: ці раскрыць сакрэт, якога саромеешся, каб выратаваць сябе?

  1. «Фаўст», Іаган Вольфганг фон Гётэ

Гэтая філасофская драма, якая ўяўляе сабой апрацаваную легенду пра доктара Фаўста.

Гэты твор для няспешнага, удумлівага чытання, дзе вы будзеце сачыць не толькі за сюжэтам, але і за кожнай думкай. Што Мефістофель сам не разумеў пра сябе? Які лёс чакае каханую Фаўста Маргарыту? Што здарыцца ў Вальпургіеву ноч?

Менавіта ў гэтай кнізе вы знойдзеце непараўнальныя цытаты: «Спыніся, імгненне, – ты чароўнае!», «Я – частка той сілы, што вечна прагне зла, і вечна здзяйсняе дабро» і іншыя.

Твор, поўны містыкі, няпростых пытанняў і чароўных адказаў – усё гэта чакае чытача галоўнага твора Гётэ.

  1. «Казкі», Вільгельм Гаўф

Не падманвайцеся назвай – гэтыя творы не будуць у дастатковай ступені зразумелыя дзецям, хаця і ім будуць цікавыя сюжэты. Зручна абраць адразу зборнік або пачытаць проста некалькі казак. Вось назвы некаторых з тых, якія звычайна рэкамендуюць: «Гісторыя пра каліф-бусла», «Караван», «Гісторыя пра карабель-прывід», «Гісторыя пра маленькага Мука», «Карлік Нос», «Халоднае сэрца».