Фота boxingbelarus.org.

Сёння, 6 кастрычніка, у Маладзечанскім спартыўна-забаўляльным цэнтры пачаліся паядынкі папярэдняй стадыі спаборніцтваў, якія будуць доўжыцца да 7 кастрычніка. Затым у спартсменаў будзе дзень адпачынку. 9 кастрычніка пройдуць паўфіналы. Імёны ўладальнікаў залатых медалёў турніру стануць вядомыя 10 кастрычніка, піша БелТА.

Як адзначыў дзяржаўны трэнер нацыянальнай каманды па боксе Міністэрства спорту і турызму Беларусі Аляксандр Ермашэвіч, на турніры выступяць 28 жанчын і 59 мужчын з усіх рэгіёнаў Беларусі.

– На дадзеным турніры збіраемся праглядзець кандыдатаў на ўдзел у адборачных турнірах на Алімпіяду ў Токіа. Старт кантынентальнага адбору пройдзе ў лютым, а сусветнага – у маі 2021 года. Акрамя таго, пакуль ніхто не адмяняў чэмпіянаты свету, якія таксама запланаваныя на наступны сезон. Збіраемся па выніках старту ў Маладзечне акрэсліць кола прэтэндэнтаў і на гэтыя прэстыжныя міжнародныя спаборніцтвы, – адзначыў спецыяліст.

У ліку ўдзельнікаў турніру чэмпіён II Еўрапейскіх гульняў, маладзечанец Дзмітрый Асанаў, прызёр мультыспартыўнага форуму ў Мінску Уладзіслаў Смяглікаў, капітан нацыянальнай каманды Віталь Бандарэнка, маладыя атлеты Аляксандр Радзівонаў і Аляксей Алфёраў, Юлія Апанасовіч, Яна Бурым, Ала Яршэвіч, Дар’я Асмалоўская, Вікторыя Кебікава.

Жаночыя старты праходзяць у катэгорыях 48, 51, 54, 57, 60, 64, 69, 75, 81 кілаграм і звыш 81 кілаграма.

Мужчыны выступяць у вазе 52, 57, 60, 64, 69, 75, 81, 91 кілаграм і звыш.

Ва ўмовах пандэміі спаборніцтвы праходзяць у адпаведнасці з патрабаваннямі, прынятыя ўсе эпідэміялагічныя і санітарныя меры ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя Беларусі і рэкамендацыямі Міжнароднай федэрацыі бокса.

На трыбуны не пускаюць гледачоў, а ўдзельнікі абавязаны выконваць масачны рэжым. Для аматараў бокса арганізаваная анлайн-трансляцыя з месца падзей

• Текст доступен на языке: Русский