Наталля пасля выхаду з РАУС 9 верасня.

5 і 6 кастрычніка ў судзе Маладзечанскага раёна прайшло пасяджэнне па справе Наталлі Шынгель. 9 верасня яе затрымалі пасля маўклівай акцыі ля Чырвонага касцёла.

Судовае пасяджэнне вяла суддзя Каханоўская. У пачатку судовага разбору Наталля Шынгель хадайнічала, каб да матэрыялаў справы дадалі характарыстыку з працы, медыцынскія дакументы і выпіску з былой работы Дэпартамента аховы МУС Беларусі.

Згодна з пратаколам, Наталля Шынгель парушыла артыкул 23.34 КоАП, удзельнічала ў акцыі, выказвала незадаволенасць дзеючай уладай.  Шынгель прызнала віну часткова.

«Мне сказалі, што вызавуць “хуткую”, калі я ўпаду»

Наталля патлумачыла ў судзе, што 9 верасня збіралася на прагулку, а потым на імшу ў Чырвоны касцёл. Каля касцёла ўбачыла жанчын, якія там стаялі.

У той дзень збіралася на прагулку, потым пайсці ў касцёл. Яна ўбачыла там жанчын, якія стаялі каля касцёла. Тыя паведамілі, што тут праходзіць маўклівая акцыя супраць гвалту, а нейкая жанчына дала Наталлі шарык.

— Было прыемна, як жанчыны сталага веку падыходзілі і станавіліся побач. Яны чыталі малітву, я таксама з імі гэта рабіла.

Потым Шынгель убачыла людзей у форме. Жанчыны побач паведамілі, што гэта забароненае мерапрыемства. Тады Наталля пайшла на паркоўку, сустрэла там знаёмую, якая пагадзілася падвезці яе дадому.

Аўтамабіль спынілі каля Стэлы супрацоўнікі ДАІ, побач спыніўся службовы аўтамабіль Маладзечанскага РАУС. Адзін міліцыянер размаўляў з кіроўцам, а двое іншых адчынілі дзверы і сказалі выходзіць, запрасілі ў службовую машыну. У аўто разам з Наталляй былі Юлія Рэут (далі 20 базавых велічынь) і Вікторыя Козак. Затрыманых адвезлі ў аддзяленне міліцыі.

— У той момант я не разумела, чаму мяне, калі нікога не забіла і не прычыніла шкоды, трымаюць у аддзяленні. Не разумею, як гэта расцанілі як масавае мерапрыемства. Жанчыны стаялі за мір і спакой. Думаю, любая жанчына таксама б выйшла і стала.

Пратакол на Наталлю складаў яе сусед па дому, міліцыянер Вадзім Вышыдкевіч. Па словах Наталлі, у кабінет кожныя 10 хвілін заходзіў начальнік Маладзечанскага РАУС Вадзім Прыгара. Ён задаваў пытанні і казаў, што Наталлю пасадзяць у ізалятар.

Жанчына прасіла вызваць «хуткую дапамогу”, таму што ёй было кепска.

— Мне сказалі, што вызавуць “хуткую”, калі я ўпаду.

У справе ёсць рапарты двух міліцыянераў. Мурза пісаў, што 9 верасня ў Маладзечне ля Чырвонага касцёла прайшоў несанкцыянаваны мітынг, у якім удзельнічалі жанчыны і мужчыны, трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і плакат з надпісам «Хопіць знішчаць беларускую нацыю».

У справе Шынгель ёсць рапарты міліцыянераў Мурзы і Каралькевіч. У сваім рапарце Мурза напісаў, што ў мітынгу ўдзельнічалі пераважна жанчыны, дзяўчына трымала ў руках плакат з надпісам «Хопіць знішчаць беларускую нацыю». У рапарце Каралькевіча напісана, што ён спыніў аўтамабіль, якім кіравала Вікторыя Козак. У машыне знаходзілася Наталля і яшчэ дзяўчына Юлія Рэут.

У судзе паказалі тры відэазапісы аператыўнай здымкі, на якім меркавана знаходзіцца Шынгель. Жанчына сказала, што ўбачыла сябе толькі ў адным моманце.

«Людзі на мітынгу крычалі лозунгі супраць прэзідэнта»

Аляксандр Сянько працуе міліцыянерам у Маладзечанскім РАУС.  9 верасня знаходзіўся на службе па ахове грамадскага парадку. Ён знаходзіўся ў службовай машыне, адтуль праз мегафон казалі людзям, што мітынг несанкцыянаваны і незаконны. Да касцёла міліцыянераў прыслала кіраўніцтва РАУС, таму што мітынг не санкцыянаваў Маладзечанскі райвыканкам.

— Стаялі людзі са сцягамі, крычалі лозунгі супраць прэзідэнта. Яны  знаходзіліся там ад 18 да 20 гадзін.

Сянько адзначыў, што бачыў Наталлю: яна была ў кепцы, валасы сабраныя ў хвосцік.

Шынгель: Вы сказалі, што валасы былі сабраны ў хвосцік. Гэта дакладна?

Сянько: Дакладна.

Шынгель: Мае валасы былі цалкам пад кепкай.

Жанчына спыталася ў сведкі, ці трымала яна нешта ў руках і што яна пела. Сянько сказаў, што не памятае. Шынгель спытала, што менавіта яна парушыла 9 верасня. Сведка зноў нічога не адказаў.

Яшчэ адзін сведка з міліцыі Філістовіч — на бальнічным. Сянько патлумачыў, што ў сувязі з каронавірусам Філістовіча нельга выклікаць у РАУС. Суддзя спыталася, хто яшчэ разам з Сянько знаходзіўся на службе. Сянько сказаў, што быў Яраслаў Туровіч. Суддзя спыталася, ці ёсць ён у судзе. Сведка сказаў, што ёсць, і яго адразу выклікалі ў залу судовага пасяджэння.

«Выказвала незадаволенасць дзеючай уладай»

Яраслаў Туровіч — міліцыянер Маладзечанскага РАУС. 9 верасня Туровіч здымаў на відэакамеру людзей, якія ўдзельнічалі ў акцыі. Па словах міліцыянера, яна выказвала незадаволенасць дзеючай уладай, выкрыквала «Жыве Беларусь».

Туровіч сказаў, што мерапрыемства пачалося каля 19 гадзін і доўжылася каля гадзіны.

Шынгель: Якія песні выконвалі жанчыны?

Туровіч: Не памятаю. У сувязі з тым, што ад 9 жніўня праходзяць несакнцыянаваныя масавыя мерапрыемства, не магу ўспомніць, якія песні пелі ў той дзень.

Шынгель: Можаце ўдакладніць, што ў мяне было ў руках?

Туровіч: Не памятаю.

Шынгель: Вы бачылі, як я сышла з гэтага мерапрыемства?

Туровіч: Пасля здымкі мерапрыемства я сышоў, далей на месцы працавалі іншыя супрацоўнікі.

Суддзя Каханоўская не пайшла ў пакой для нарадаў, адразу вынесла прысуд — штраф у памеры 25 базавых велічынь.