У ноч з 2 на 3 кастрычніка супрацоўнікі крымінальнага вышуку затрымалі 38-гадовага жыхара вёскі Краснае, якога падазраюць у забойстве сваёй 35-гадовай жонкі. Аб здарэнні на лінію 102 паведаміў 41-гадовы мясцовы жыхар, які ўбачыў жанчыну ў лужыне крыві без прыкмет жыцця ў суседскім двары. На месца здарэння неадкладна прыбыла следча-аператыўная група.

У той вечар пятніцы фігурант застаў жонку ў гасцях у знаёмага, 35-гадовага жыхара вёскі. На глебе рэўнасці муж падчас канфлікту стаў біць жонку рукамі і нагамі па розных частках цела. Збіццё працягнулася ў двары прыватнага дома. Муж цягаў жонку за валасы, біў, ад чаго пацярпелая памерла на месцы. Гаспадар дома, дзе адбылася трагедыя, не ўмешваўся ў канфлікт.

Выпадковым сведкам трагедыі стаў сусед, які прыбег, пачуўшы крыкі і лаянку за плотам. Мужчына заспеў нецвярозага мужчыну. Той стаяў над скрываўленым целам забітай. Пасля паспрабаваў схавацца, але быў затрыманы. Сусед выклікаў хуткую дапамогу і праваахоўнікаў. Медыкі канстатавалі смерць пацярпелай. Паводле папярэдніх вынікаў прычынай гібелі стала тупая спалучаная траўма галавы, тулава і канечнасцяў.

Падазраваны на момант затрымання быў моцна п’яны, што пацвердзіла экспертыза. Што менавіта стала прычынай учынку, мужчына адразу патлумачыць не змог. Толькі прыгадаў, што канфлікт паміж імі адбыўся на глебе рэўнасці і асабістых непрыязных адносін.

У сям’і выхоўваецца 14-гадовы падлетак. Цяпер вырашаецца пытанне пра далейшы лёс дзіцяці.

Затрыманы не адмаўляе сваёй віны і напісаў яўку з павіннай. Яго дзеянні следчыя кваліфікавалі па частцы 1 артыкула 139 КК Рэспублікі Беларусь – «Забойства». Санкцыя артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі ад шасці да пятнаццаці гадоў.

• Текст доступен на языке: Русский