Позна вечарам 9 жніўня Яўгенію Жарскую затрымалі амапаўцы разам з сяброўкамі, калі яны ішлі ў кафэ. Жанчыну трымалі ноч у ізалятары, а праз два месяцы судзілі за ўдзел у мітынгу і непадпарадкаванне супрацоўнікам.

Судовае разбіральніцтва вяла суддзя Вольга Дубовік.

Яўгенію Жарскую абвінавачваюць у тым, што яна парушыла два артыкулы 23.34 і 23.4 КоАП Беларусі. Дубовік адпраўляла справу ў Маладзечанскі РАУС на дапрацоўку.

У пратаколе напісана, што 9 жніўня ў 23:47 Яўгенія Жарская ў стане алкагольнага ап’янення актыўна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу на Цэнтральнай плошчы ў Маладзечне. У 23:57 яна адмовілася выканаць патрабаванні супрацоўніка Маладзечанскага РАУС, які затрымліваў дзяўчыну.

Жарская сваю віну не прызнала.

«Пад’ехаў сіні бус, вылецелі амапаўцы, нас затрымалі»

9 жніўня Яўгенія з сяброўкамі планавалі паехаць у кафэ «Блюз». Прыкладна ў 23:00 замовілі таксі ў Чысць, адтуль паехалі ў Маладзечна. Па дарозе заехалі на запраўку, там разлічыліся карткай, таму можна аднавіць час — было 23:30. Таксіст давёз дзяўчат да Бярозкі, там сказаў, што дарога перакрытая, і высадзіў.

Жанчыны дайшлі да Цэнтральнай плошчы з боку гасцініцы. На ёй былі толькі міліцыянеры. Нейкі супрацоўнік падказаў, у які бок ім трэба ісці, каб бяспечна дабрацца да кафэ. Жанчыны ўжо стаялі на пешаходным пераходзе, калі да іх пад’ехала машына з сілавікамі.

— Загарэлася зялёнае святло, мы збіраліся пераходзіць дарогу. У гэты час пад’ехаў сіні бус, з яго вылецелі амапаўцы, нас затрымалі.

Іх пасадзілі ў бус, адвезлі ў Маладзечанскі РАУС.

Па словах Жарскай, іх ніхто не папярэджваў аб тым, што праходзіць несанкцыянаванае мерапрыемства, што яны парушаюць закон.

Лазавік: яна супраціўлялася супрацоўнікам АМАП

Андрэй Лазавік працуе старшым участковым інспектарам у Маладзечанскім РАУС.

Лазавік складаў рапарт, у якім напісаў, што 9 жніўня ў 23:20 у Маладзечне затрымалі Яўгенію Жарскую. Па словах Лазавіка, яна прыняла ўдзел ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, супраціўлялася міліцыянеру Кафанаву.

Лазавік складаў рапарт ноччу 10 жніўня. Сам міліцыянер знаходзіўся 9 жніўня на плошчы, а пасля затрымання жанчын, накіраваўся ў аддзяленне міліцыі.

Суддзя: Якое супраціўленне аказала Жарская?

Лазавік: Не скажу канкрэтна, але яна адмаўлялася выканаць патрабаванні супрацоўнікаў АМАП. Не хацела з імі ісці.

Суддзя: Чаму ў рапарце вы ўказалі, што яна супраціўлялася Кафанаву?

Лазавік: Можа быць, гэта памылкова ўказаў.

Лазавік не бачыў Жарскую да затрымання, а толькі ў момант затрымання. Па яго словах, у аддзяленні міліцыі складаў пратакол апытання разам з затрыманай у кабінеце. Жарская адзначыла, што ніякай размовы ў РАУС тэт-а-тэт з Лазавіком не было.

— Паперы мы падпісалі, каб над адпусцілі з ізалятара. Нас незаконна затрымалі, а потым трымалі ноч.

Кафанаў: у пратаколе памылка

Аляксей Кафанаў – міліцыянер Маладзечанскага РАУС. Ён другі сведка ў справе Жарскай.

Па словах міліцыянера, у фабуле пратакола аб адміністратыўнам правапарушэнні – памылка.

— Не ведаю, Высокі суд, як гэта патлумачыць. Гэта памылка, тэхнічная памылка.

9 жніўня Кафанаў знаходзіўся на выбарчым участку, у той дзень яго не было на Цэнтральнай плошчы.

Жарская прадставіла відэазапіс затрымання, які здымала яе сяброўка. Час здымкі — роўна 12 гадзін ночы.

Дубовік прызнала Жарскую вінаватай у парушэнні артыкула 23.34 КоАП. За гэта жанчына атрымала штраф у памеры 5 базавых велічынь (135 рублёў). Справу па артыкулу 23.4 суд спыніў у сувязі з недаказанасцю віны Яўгеніі Жарскай.