Фота gidpokraske.ru.

Ад 29 верасня па 19 кастрычніка ў Вілейскім краязнаўчым музеі працуе выстава выставы «Вобразы мілыя роднага краю» мастака з Маладзечна Рыгора Мяжуева.

Рыгор Васільевіч нарадзіўся 11 сакавіка 1958 года у вёсцы Паддубцы Аршанскага раёна. У 1980 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў такіх знакамітых дзеячаў, як Алег Арлоў, Іван Сталяроў, Пётр Анашчанка. Ад 1999 года – сябра Беларускага саюза мастакоў.

Рыгор Васільевіч працуе ў графіцы у жанрах краявід, натюрморт, сюжэтна-тэматычнай кампазіцыі, а таксама ў тэхніцы акварэлі, змешанай тэхніцы.

Ад 1996 года прымае ўдзел у шматлікіх мастацкіх экспазіцыях, паведамляюць у Вілейскім краязнаўчым музеі.

Персанальныя выставы майстра: «Выстава двух», «Акварэльныя вітражы», «Восень», «На скрыжаванні шляхоў», «Нашчадкам Міхала Падалінскага». Выставы ладзіліся ў Маладзечне, Вілейцы, Мінску.

Работы Рыгора Васільевіча захоўваюцца у Мінскім абласным краязнаўчым музеі, а таксама ў прыватных калекцыях Польшчы, Няметчыны, Ізраіля.

Ад 1985 года мастак займаецца педагагічнай дзейнасцю. Зараз працуе выкладчыкам малюнка і кампазіцыі ў Гімназіі-каледжы мастацтваў у Маладзечне. У гэтым горадзе і жыве.

Ацаніць разнастайнасць мастацкіх прыёмаў, самабытнасць маладзечанскага мастака вы зможаце на творчай сустрэчы з аўтарам, якая адбудзецца 16 кастрычніка, 16.00 ў Выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча.

Адрас: Вілейка, плошча Свабоды, 1, тэлефон (8 01771) 5 41 47.