Адяксандр Грымаць. Фота Настассі Уткінай.

9 кастрычніка прайшло судовае пасяджэнне па справе Аляксандра Грымаця, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў несакцыянаваным мітынгу 12 жніўня ў Лебедзеве.

Пасяджэнне вяла суддзя Вікторыя Паляшчук. Аляксандр Грымаць віну не прызнаў.

Грымаць – дэпутат Лебедзеўскага Савета дэпутатаў 28-а склікання, раней працаваў участковым міліцыянерам.

View this post on Instagram

Сёння ў Лебедзеве Маладзечанскага раёна Мясцовыя жыхары панеслі калектыўны зварот разам з дэпутатам Грымацем да старшыні сельвыканкама Тамары Дудзіч. Па дарозе перахапіў АМАП. Збівалі мужчын. Жанчын, у там ліку журналістаў "Рэгіянальнай газеты", не. Амапаўцы мацюкаліся, крычалі Грымацю: "Што, сука, страну развалить захотел?" У звароце жыхары заклікаюць спыніць гвалт. #выбары2020 #беларусь #молодечно #маладзечна

A post shared by Рэгiянальная газета (@rg_rhby) on

Сведка Навіцкі

Аляксей Навіцкі — супрацоўнік Маладзечанскага РАУС. Ён ведае Грымаця, таму што разам служылі ў міліцыі.

Навіцкі склаў пратакол на Грымаця па артыкуле 23.34 – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці даслала ў Маладзечанскі РАУС матэрыялы праверкі па збіццю сілавікамі Грымаця і яшчэ трох мужчын у Лебедзеве 12 жніўня.

Навіцкі вывучыў матэрыялы праверкі, склаў пратакол адміністратыўнага правапарушэння, але Грымаця азнаёміў з матэрыяламі справы іншы міліцыянер, Віталь Мурза. Сведак і самога Грымаця Навіцкі не дапытваў.

У Лебедзеве 12 жніўня. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Грымаць: Якія актыўныя дзеянні былі з майго боку?

Навіцкі: Вы прысутнічалі на масавым мерапрыемстве, паклікалі людзей, неслі лістоўку.

На Грымаця раней склалі пратакол аб парушэнні добраўпарадкавання населеных пунктаў. Маўляў, ён прымацаваў лістоўку каля крамы ў Лебедзеве. Суд па гэтай справе ўжо адбыўся, яго аштрафавалі на 4 базавыя велічыні. З фабулы пратакола па гэтай справе значацца іншы адрас месца здарэння, чым у фабуле пратакола па цяперашняй справе. Грымаць задаў пытанне Навіцкаму, ці зможа той на карце паказаць, дзе менавіта дэпутат стаяў у час мерапрыемства. Міліцыянер патлумачыў, што пісаў пратакол са слоў Грымаця.

Грымаць

Грымаць патлумачыў, што ён з’яўляецца дэпутатам Лебедзеўскага савета дэпутатаў. Пасля 9 жніўня Грымаць размаўляў з многімі жыхарамі Лебедзева, тлумачыў, што трэба дзейнічаць выключна ў рамках заканадаўства. Пасля размовы з Сяргеем Бігелем Грымаць вырашаў зрабіць калектыўны зварот да Тамары Дудзіч. Аб гэтым ён сказаў індывідуальна некалькім чалавекам.

12 жніўня ён узяў дэпутацкі значок, зварот да Дудзіч, пайшоў да крамы на развілцы на ўездзе ў Лебедзева. Каля 12 гадзін Грымаць быў на месцы. Ён сказаў, што там жа зачытаў зварот да Дудзіч, людзі падпісалі зварот.

— Пасля таго, як усе, хто хацеў, падпісалі зварот, сказаў, што іду да сельвыканкама. Прапанаваў тым, хто хоча, пайсці са мной. Да сельвыканкама 800 метраў, мы прайшлі толькі 200 метраў.

Грымаць адзначае, што ішлі па пешаходнай дарожцы, дарожны рух ніхто не перакрываў. Таксама людзі ішлі без якой-небудзь сімволікі, не крычалі ніякія лозунгі.

— Я быў упэўнены, што раблю ўсё па заканадаўстве. У мяне няма службовага кабінета, таму месцам выбралі пляцоўку каля крамы. Я лічыў, што выконваю свой дэпутацкі абавязак, калі мы неслі ліст да старшыні дэпутатаў у Лебедзеве. Я нёс гэты ліст, каб адстойваць правы грамадзян, жыхароў Лебедзева.

Паляшчук: Ці было вам вядома, што ў Лебедзеве размешчаныя лістоўкі, аб’явы аб тым, што збіраюцца несці ліст?

Затрыманне ў Лебедзеве. Фота Настассі Уткінай.

Грымаць: 11 жніўня мне патэлефанаваў Бігель. Ён сказаў, што наляпіў аб’явы. Бігель не паведамляў, дзе гэтыя аб’явы.

Паляшчук: Хто быў ініцыятарам сустрэчы?

Грымаць: Я.

Паляшчук: Якія мерапрыемства вы праводзілі, каб зладзіць гэтую сустрэчу?

Грымаць: Я падрыхтаваў ліст да Дудзіч, зачытаў яго.

Паляшчук: Што вы канкрэтна зрабілі, каб зладзіць сустрэчу?

Грымаць: Індывідуальна размаўляў з жыхарамі Лебедзева. Размаўлялі пра тое, што адбывалася пасля выбараў у Мінску. Я сказаў, што падрыхтую калектыўны зварот, аднясу да Дудзіч.

Грымаць падрыхтаваў тры экзэмпляры звароту. Першы — для Дудзіч, другі — для адзнакі, што зварот прынялі. А трэці для таго, каб падпісаліся ўсе, Грымаць баяўся, што не хопіць месца на адным лісце.

Грымаць адзначыў, што не было міліцыянераў, якія б паведамілі, што мерапрыемства з’яўляецца несанкцыянаваным, а дзеянні яго ўдзельнікаў незаконныя.

— Сілавікі выбеглі з аўтамабіля, сталі крычаць «Усім на зямлю» з матам. Я паспеў адступіць ад жанчыны, якая ішла са мной. Да мяне падбег амапавец, даў нагой па твары, а потым я адчуў, што мяне б’юць дубінкамі. Далей быў жах, — расказаў Грымаць пра затрыманне.

Сведка Чарапко

Аляксандр Чарапко працуе ў УУС Мінаблвыканкама. Сведка расказаў, што ў той дзень знаходзіўся ў Маладзечанскім РАУС у камандзіроўцы. Начальнік Маладзечанскага РАУС паведаміў, што ў Лебедзеве праводзяць масавае несанкцыянаванае мерапрыемства. Яны прыехалі да крамы. Там сабраліся людзі.

— У іх у руках былі стосы лістовак, якія яны ляпілі на слупы, крычалі нейкія словы ў бок улады і міліцыі. На лістоўках былі заклікі супраць улады.

Па словах Чарапко, яны перад затрыманнем прадставіліся і сказалі людзям разысціся. Большасць разышліся, засталіся некалькі чалавек з лістоўкамі. Ім неаднаразова сказалі, што калі яны не разыдуцца, то ў іх дачыненні прыменяць фізічную сілу і спецсродкі.

— Грымаць пачаў бегчы. Пры затрыманні сеў на зямлю, пачаў крычаць і не даваў сябе затрымліваць. У гэты час ён крычаў розныя апазіцыйныя словы.

Паляшчук: Колькі чалавек засталося?

Чарапко: Два ці тры чалавекі.

Паляшчук: Колькі чалавек затрымалі?

Чарапко: Мабыць, трох. Не памятаю. Бігель быў, Грымаць, яшчэ нехта.

Паляшчук: Хто з супрацоўнікаў казаў, што мерапрыемства несанкцыянаванае?

Чарапко: Я сам. Кожны супрацоўнік, які размаўляе з грамадзянамі, расказвае пра несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Усё было ў рамках закона. Мы рэагавалі хутка, неаднаразова патрабавалі разысціся, але нашыя патрабаванні праігнаравалі.

У Лебедзеве 12 жніўня. Фота Настассі УТКІНАЙ.

***

Грымаць: Вы сказалі, што нас было трое, што вы зрабілі заўвагі. Дзе гэтая заўвагі вы рабілі?

Чарапко: Усё гэта пазначаў у рапарце. Недалёка ад крамы.

Грымаць: У што я быў апрануты?

Чарапко: Вы былі ў майцы і джынсах.

Грымаць: Якога колеру была майка?

Чарапко: Гэтае пытанне не да месца. Можа, аранжавага.

Грымаць: У які бок я рухаўся ад вас?

Чарапко: Якая сутнасць пытання?

Грымаць: Куды я рухаўся?

Чарапко: Вы беглі ад нас.

Грымаць: Дзе вы нас затрымалі?

Чарапко: Вы пачалі бегчы, тады вас затрымалі.

Грымаць: Якія каманды вы крычалі ў наш бок?

Чарапко: Мы прадставіліся, сказалі, па якому артыкулу затрымліваем.

Грымаць: Ці былі ў момант затрымання ў затрыманых нейкія рэчы?

Чарапко: Я бачыў лістоўкі.

Чарапко сказаў, што затрымліваў Грымаця. Грымаць пацікавіўся, дзе ён можа пабачыць пратакол затрымання. Сведка не адказаў. Грымаць хадайнічаў аб патрабаванні дадаць да матэрыялаў справы пратакол затрымання. Суддзя адхіліла.

Сведка Дудзіч

Тамара Дудзіч — старшыня Лебедзеўскага сельвыканкама.

12 жніўня Дудзіч патэлефанавалі ў 7 раніцы жыхары Заскавічаў. Сказалі, што ў Заскавічах размешчаныя лістоўкі, што ў Лебедзеве пройдзе мітынг. Дудзіч патэлефанавала кіраўнікам прадпрыемстваў у Заскавічах і паведаміла пра гэтыя лістоўкі, таму што яны адказваюць за працоўныя калектывы.

Інфармацыю пра аб’явы ў Лебедзеве паведамілі Дудзіч на працы паштальён. Бліжэй да 10 гадзін яна паведаміла вышэйшаму кіраўніцтву ў Маладзечна аб гэтых лістоўках. Калі Дудзіч была ў Малой Боркаўшчыне, ёй патэлефанавала жанчына, сказала, што Аляксандра Грымаця затрымалі.

Дудзіч заявіла, што 18 жніўня калектыўны зварот усе ж такі дайшоў да сельвыканкама па пошце.

— Але гэта было абсалютна незапатрабавана, таму што ў гэты час у краіне ўжо ўсё было спакойна.

Па словах Дудзіч, дэпутату трэба паведамляць старшыні Савету дэпутатаў пра сустрэчу з грамадзянамі. Дудзіч сказала, што Грымаць не паведаміў, што 12 жніўня ў яго пройдзе сустрэча.

Сведка Аляксандровіч

12 жніўня Віталь Аляксандровіч прыйшоў каля 12 гадзін да крамы. Там дачакаліся Грымаця, які зачытаў калектыўны зварот. Аляксандровіч пацвердзіў, што падпісаў зварот да Дудзіч. Далей пайшлі ў бок сельвыканкама. Потым пад’ехаў бус з амапаўцамі, яны пачалі крычаць і збіваць людзей.

— Супрацоўнікаў АМАП не бачыў каля крамы, ніякіх патрабаванняў у момант затрымання ў бок людзей яны не выказвалі.

Аляксандровіча першым завялі ў бус. Яго паклалі на падлогу, на яго паклалі Грымаця.

Падчас затрымання амапаўцамі ў Лебедзеве 12 жніўня. На зямлі ляжыць Аляксандр Грымаць.

Сведка Захаранка

12 жніўня каля 12 гадзін Вольга Захаранка пайшла ў краму з дзецьмі, каб купіць прадукты. Яна ведала, што будуць збіраць подпісы да калектыўнага звароту да Дудзіч. Аб гэтым ёй паведаміў асабіста Грымаць, а потым яна пабачыла аб’яву на дрэве каля крамы.

На сустрэчы Грымаць зачытаў зварот, потым Захаранка падпісала гэты зварот. Людзі пайшлі адносіць зварот у сельвыканкам да старшыні Дудзіч. Захаранка сказала, што ў людзей не было ніякай сімволікі, яны не скандавалі лозунгі.

Захаранка ішла ззаду, большасць людзей была наперадзе. Потым спынілася машына, выбеглі амапаўцы і сталі збіваць людзей. Затрымалі мужчын, якія ішлі наперадзе.

Сведка Ганушчанка

Сведкі  Ганушчанкі не было на адміністрацыйным працэсе, зачытвалі пратакол з яго тлумачэннямі.

12 жніўня Ганушчака заступіў на службу па ахове грамадскага парадку. Начальнік Маладзечанскага РАУС даў распараджэнне паехаць у Лебедзева, дзе праходзіла несанкцыянаванае масавае мерапрыемстве. Ганушчанка тлумачыў у пратаколе, што жыхарам паведамлялі, што мерапрыемства несанкцыянаванае і да людзей могуць прымяніць фізічную сілу і спецсродкі. Таксама Ганушчанка паведаміў, што Чарапко затрымаў Сяргея Бігеля, а не Грымаця.

Сведка Бігель

12 жніўня Віктар Бігель прыехаў разам з братам Сяргеем у Лебедзева, каб схадзіць у сельвыканкам і падаць туды калектыўны зварот. Калі прыехалі да крамы, там стаялі людзі. Грымаць паказаў людзям зварот, яго прачыталі, падпісалі і пайшлі ў бок сельвыканкама.

— Пад’ехаў мікрааўтобус, адтуль выйшлі людзі ў чорнай форме. Яны крычалі, казалі, каб мы клаліся на зямлю. Пасля нас на гэтым мікрааўтобусе адвезлі ў райаддзел міліцыі.

Бігель адзначыў, што ў руках у людзей не было сімволікі ці плакатаў, лозунгі не крычалі. Па яго словах, супрацоўнікі міліцыі не тлумачылі, што мерапрыемства несанкцыянаванае, каля крамы міліцыянераў не бачыў.

У судзе праглядзелі фотаздымкі і відэазапісы, якія зрабілі карэспандэнты «Рэгіянальнай газеты» 12 жніўня.

Суддзя Паляшчук прызнала Грымаця вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 КоАП і наклала штраф у памеры 20 базавых велічынь.

Аляксандр Грымаць збіраецца абскарджваць прыгавор.

«У бусіку амапаўцы сядзелі на нас і білі ўсю дарогу». Што абылося з затрыманымі ўчора ў Лебедзеве

Сёння ў Лебедзеве АМАП затрымліваў і збіваў жыхароў, якія неслі калектыўную заяву ў сельвыканкам (Фота, відэа)

• Текст доступен на языке: Русский