Выбары 2020 года. Ілюстрацыйнае фота. Здымак Сяргея Лескеця.

Жыхарам Ракаўскага сельсавета амаль праз два месяцы пасля выбараў прыйшоў адказ ад Цэнтральнай выбарчай камісіі: Лідзія Ярмошына лічыць, што «дакладных дадзеных, якія паказваюць на няправільны падлік галасоў у Ракаве, не маецца», піша rakau.by.

Нагадаем, 9 жніўня а дзвярах Ракаўскага ўчастка для галасавання №19 быў вывешаны выніковы пратакол участковай камісіі, згодна з якім Святлана Ціханоўская набрала 84 галасы, а Аляксандр Лукашэнка-1426.

Жыхары Ракава і суседніх вёсак, нязгодныя з такімі вынікамі галасавання, ініцыявалі калектыўны зварот у пракуратуру Валожынскага раёна. Пад зваротам падпісаліся 227 грамадзян, якія галасавалі за Ціханоўскую, і папрасілі пракурора раёна праверыць, чаму ў пратаколе ўчастковай камісіі галасоў за кандыдата Ціханоўскую значна менш.

Пракуратура перанакіравала зварот у Цэнтральную выбарчую камісію, якая доўга маўчала, але ўсё ж такі выслала жыхарам Ракава адказ.

У адказе ЦВК стаіць подпіс Лідзіі Ярмошынай і гаворыцца, што сабраныя ў Ракаве подпісы ніяк не даказваюць, што галасы на Ракаўскім участку для галасавання №19 былі палічаныя няправільна:

«У Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў разгледжана заява, якая паступіла з пракуратуры Валожынскага раёна Мінскай вобласці ад імя жыхароў Ракаўскага сельсавета аб недакладнасці дадзеных пратаколу аб выніках галасавання на ўчастку для галасавання № 19 Валожынскага раёна.

Тлумачым, што ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь устанаўленне вынікаў галасавання на ўчастку для галасавання ажыццяўляецца ўчастковай камісіяй выключна на падставе спісу выбаршчыкаў і бюлетэняў, якія знаходзяцца ў скрынях для галасавання. Кодэксам не прадугледжаны такія крыніцы інфармацыі аб выніках галасавання грамадзян, як сабраныя па ініцыятыве каго-небудзь з іх пасля выбараў подпісы. Акрамя таго, гарантый таго, што выбаршчыкі пры іх апытанні прыхільнікамі аднаго з кандыдатаў паказалі свой сапраўдны выбар, не маецца. Само апытанне не ўзгадняецца з прынцыпам тайнага галасавання, устаноўленым выбарчым заканадаўствам.

Такім чынам, дакладных звестак, якія паказваюць на няправільны падлік галасоў на ўчастку для галасавання, не маецца».

Сканы дакумента з сайта rakau.by.

• Текст доступен на языке: Русский