9 кастрычніка ў судзе Маладзечанскага раёна прайшоў суд над Верай Валадзько. Яе абвінавачвалі ва ўдзеле ў вераснёвым шэсці.

Судовае пасяджэнне вяла суддзя Інэса Южык.

У Веры Валадзько ёсць малалетняе дзіця. Вера цяпер у дэкрэтным адпачынку. Яна не працуе, таму што яе звольнілі перад дэкрэтам.

Згодна з пратаколам аб адміністратыўным правапарушэнні, які склалі 16 верасня, 13 верасня Вера Валадзько прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым шэсці.

Валадзько адмовілася сведчыць супраць сябе.

Сведка Посах

Начальнік аддзела па справах непаўнагадовых Маладзечанскага РАУС Аляксей Посах выступіў сведкам у справе Валадзько. 13 верасня Посах знаходзіўся на службе па ахове грамадскага парадку. Ён уваходзіў у групу дакументавання, здымаў удзельнікаў шэсця на відэакамеру.

— Каля Лядовага палаца былі каля 50 чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі. Нехта нават зрабіў плакаты. Крычалі розныя лозунгі: «Ганьба», «Сыходзь», «Жыве Беларусь!».

Падчас судовага пасяджэння Посах паведаміў, што не памятае Валадзько, таму што ў Маладзечне кожную нядзелю праходзяць акцыі.

Сведка Кафанаў

Аляксей Кафанаў — міліцыянер Маладзечанскага РАУС. Ён выступіў другім сведкам у справе Валадзько. 13 верасня ён таксама нёс службу па ахове грамадскага парадку. Ён быў у групе інфармавання, расказваў грамадзянам у мегафон, што мерапрыемства несанкцыянаванае, а іх дзеянні незаконныя.

— Некаторыя ішлі з бел-чырвона-белымі сцягамі, плакатамі і транспарантамі. Яны крычалі лозунгу, абразліва крычалі ў бок супрацоўнікаў міліцыі.

Ён дакладна не памятае, ці бачыў Валадзько падчас гэтага шэсця.

— Прайшло дастаткова часу, я не памятаю. Памятаю, што была невысокая дзяўчына з таблічкай. Мяркую, гэта была Валадзько.

Валадзько запыталася, што было напісана на гэтай таблічцы і ў чым была апранутая падчас акцыі. Кафанаў сказаў, што не памятае.

Падчас пасяджэнне паказалі скрыншот відэа, два відэазапісы, на якіх, меркавана, была Вера Валадзько. Валадзько адзначыла, што была на адным з іх.

Суддзя Южык прызнала Валадзько вінаватай у парушэнні артыкула 23.34 КоАП, назначыла штраф у памеры 15 базавых велічынь (405 рублёў).