Градзірні БелАЭС. Фота Настассі Уткінай.

Урад Беларусі афіцыйна перанёс тэрмін поўнага ўводу БелАЭС з 2020 года на 2022 год, піша interfax.by.

Рашэнне замацаванае пастановай Саўміна №582 ад 6 кастрычніка 2020 года. Гэтым дакументам унесеныя змены ў зацверджаны ў сакавіку 2016 года комплексны план развіцця электраэнергетычнай сферы да 2025 года з улікам уводу БелАЭС і міжгаліновы комплекс мер па павелічэнні спажывання электраэнергіі да 2025 года.

Раней завяршэнне будаўніцтва і поўны ўвод БелАЭС магутнасцю 2,4 тысячы МВт у эксплуатацыю прадугледжваўся ў 2019-2020 гадах. У новай рэдакцыі дакумента адпаведныя тэрміны запланаваны на 2019-2022 гады.

Акрамя таго, на 2022 год перанесены тэрмін завяршэння будаўніцтва і ўвод 800 МВт пікаў-рэзервовых магутнасцяў на электрастанцыях, якія працуюць у Беларусі. Пікаў-рэзервовыя магутнасці не будуць удзельнічаць у пастаяннай генерацыі і будуюцца з мэтай пастаўкі электраэнергіі ў сетку ў выпадку няштатнай сітуацыі на БелАЭС.

Таксама ў абноўленай рэдакцыі публікуецца міжгаліновы комплекс мер па павелічэнні спажывання электраэнергіі да 2025 года. У адпаведнасці з дакументам, мэтавы прагноз па павелічэнні спажывання электраэнергіі за перыяд да 2025 года павялічаны з 2,7 да 2,8 млрд кВт.гадз. На гэтыя мэты будзе задзейнічана 1,19 тысячы МВт магутнасцяў БелАЭС. Найбольшыя магутнасці будуць задзейнічаны для інвестпраектаў Мінтранса (354,2 МВт), “Белнафтахіма” (267 МВт), Мінпрама (97,95 МВт).

Нагадаем, што па надаўняй інфармацыі, запуск БелАЭС пераносілі на пачатак 2021 года, яшчэ раней БелАЭС планавалі запусціць да 7 лістапада 2020 года. А сёлета ў пачатку чэрвеня, падчас сустрэчы з прэм’ерам Венгрыі Віктарам Орбанам Аляксандр Лукашэнка казаў, што першы блок АЭС у Астраўцы запусцяць «літаральна на днях».

• Текст доступен на языке: Русский