За некалькі год Навасады Вілейскага раёна пераўтварыліся ў пляцоўку з разнастайнымі актывісцкімі мерапрыемствамі. Мы паразмаўлялі з гаспадаром пляцоўкі Алегам Куралесавым пра тое, як ладзіць івенты, для каго і як пазбегнуць памылак навічкам.

Першае мерапрыемства, калі зразумеў, што актывізм  – гэта цікава?

– Такога не было, каб я разумеў, што актывізм – гэта цікава. Напэўна, і дагэтуль не лічу, што актывізм – гэта цікава. Людзі, якія займаюцца актывізмам, шукаюць ў гэтым не штосьці цікавае або забаўляльнае. Яны хочуць зрабіць штосьці лепшым.

Галоўнае – гэта адчуванне, што можаш зрабіць штосьці важнае і патрэбнае. 

Я падзялю ўдзел у мерапрыемствах на два сегменты – першы, калі я быў юнаком, да асэнсаванага падыходу. Другі – калі пачаў фарміравацца як асоба. Прывяду прыклад з другога этапа. Адным з першых першых такім мерапрыемстваў быў кінапаказ, калі я сабе на дзень нараджэння замест розных падарункаў купіў добры праектар і зрабіў кінапаказ для гасцей. Мы паказалі мультфільм на тэму экалогіі “Валлі”. Прыцягнуць спікераў да імпрэзы не атрымалася. Я сам падрыхтаваў матэрыял – колькі штодзень у Беларусі адыходаў, паразмаўлялі, паглядзелі мульцік. 

Ці было штосьці новае падчас падрыхтоўкі?

– Мая прафесійная камерцыйная дзейнасць звязаная з арганізацый забаўляльных мерапрыемстваў, так што складанасцяў не было. Патрэбнае гукавое абсталяванне меў, зрабіў афішы, дом культуры дапамог сабраць гасцей.

Чаму ты вырашыў, што ладзіць імпрэзы важна менавіта тут?

– Таму што я – тут. 

Як счытатваў рэакцыю ўдзельнікаў у першым мерапрыемстве?

– Вынік ад гэтага ўсяго будзе гадоў можа праз дваццаць. Дзіця атрымлівае шмат інфармацыі, робіць з яе высновы. Я зрабіў нейкі ўнёсак у гэтае інфармацыйнае поле. Гэта не значыць, што назаўтра яны пойдуць сартыраваць смецце. 

Калі пераязджаў у Навасады, разумеў, чым хачу займацца, што рабіць. У мяне ёсць пэўны багаж ведаў і магчымасцяў, і гэта можа быць карысна для іншых. 

Як зразумець, што ў актывізме – тваё?

– Трэба проста браць і рабіць. З’явілася ідэя  – і ўвасабляеш яе. У працэсе разумееш, ці камфортна з гэтым, ці рэалізуешся ў гэтым. Крок за крокам – і атрымліваеш досвед.

З усіх арганізаваных мерапрыемстваў што стала найбольшым расчараваннем?

– Усё ёсць досвед. Для мяне кожнае мерапрыемства важнае. Параўноўваць іх немагчыма. На адным былі эмоцыі адны, на іншым – іншыя. Гэта не робіць іх лепшым ці горшым, яны проста розныя.

Як шукаць аднадумцаў – тых, хто будзе дапамагаць і тых, хто прыйдзе ў якасці гасцей?

– Калі ты штосьці хочаш зрабіць, даць людзям, у цябе з’яўляюцца знаёмыя, блізкія па духу. Расказваеш пра ідэю блізкім, якім гэтая ідэя зразумелая. Яны расказваюць сваім сябрам і блізкім. 

Важны момант – як прыцягваць удзельнікаў. Камерцыйныя мерапрыемствы яскравыя і крыклівыя. Сабраць удзельнікаў на іх можна звычайнай маркетынгавай рэкламай.

Актывізм жа накіраваны на пашырэнне гарызонту, паляпшэнне чагосьці. І звычайна бюжэт невялікі, а людзей, якія хацелі б штосьці паляпшаць, не так шмат. 

У івент-маркетынгу персанальныя запрашэнні лічацца найбольш эфектыўнымі. Гэта калі асабіста тэлефануеш знаёмым і запрашаеш. І ўсе арганізатары абтэлефаноўваюць сваіх знаёмых. Тыя сябры бяруць з сабой кампанію. Проста афішы ў такіх выпадках пакідаюць без адказу шмат пытанняў – што за акцыя, хто за гэтым стаіць, што там будзе. І не зразумела, навошта збіраць смецце, калі заўтра трэба весці дзіця ў школу. Наша грамадства больш накіраванае на задавальненне фундаментальных патрэбаў. 

Ці добра, калі на імпрэзу прыходзяць людзі, якія не падзяляюць каштоўнасці мерапрыемства? Ці не будзе гэта разбураць атмасферу?

– На першы кінапаказа рабіў шмат афіш. На прагляд экалагічнага мульціка прыйшло некалькі аматараў выпіваць. Чалавек, які не з гэтага кола інтарэсаў, крыху замыкаецца і назірае за працэсам. Калі ёсць сярод удзельнікаў яшчэ людзі з падобнымі інтарэсамі, то аб’ядноўваюцца ў групу. Таксама больш назіраюць. 

Былі такія групы на маіх фестывалях. Для іх гэта быў новы Сусвет. Але пасля цягам года яны пра гэта гавораць, узгадваюць. Такім шляхам людзі адкрываюць штосьці новае. Таму раней нават не думалі, што такім чынам можна бавіць час. А на наступны год могуць нават у нечым паўдзельнічаць. 

Адкуль узяліся нашы інтарэсы? Нам у дзяцінстве паказалі некалькі варыянтаў заняткаў, і мы выбралі тое, што спадабалася. Але многае нам не паказвалі, таму гэта і выбраць не маглі. 

Якім чынам трансляваць людзям, якім ты бачыш мерапрыемства, каб яны зразумелі каштоўнасці і правілы паводзінаў?

– Праграмай. Калі напішаш “будуць шашлычкі, скідваемся на піва” – адпаведная група і збярэцца. Праграма фарміруе атмасферу мерапрыемства. Калі пішаш, што будзе “вечар паэзіі”, то сюды не паедуць школьнікі з півасам.

Якія эмоцыі пасля мерапрыемства?

– Спачатку – што дзе знаходзіцца ў доме, некалькі дзён даводзіцца вяртаць рэчы на свае месцы. Толькі калі цалкам аддаеш сябе падрыхтоўцы, можаш зрабіць штосьці якасна. Пасля мерапрыемства выдыхаеш. А глыбу атрыманай інфармацыі сартыруеш некалькі тыдняў.

Некалькі лайфхакаў для арганізатараў івентаў

– Калі ў вас невялікі досвед, то бюджэт, які плануеце з камандай, памнажайце на два. Дадаецца вельмі шмат непрадбачаных расходаў. Я, маючы больш за 300 мерапрыемстваў за плячыма, складаю бюджэт і дадаю зверху ад 15 да 30 працэнтаў у запас – у залежнасці ад маштаба мерапрыемства.

Самы мінімальны тэрмін для падрыхтоўкі івента – два тыдні. Калі плануецца больш за 100 гасцей – то мінімум за месяц.

Мерапрыемствы складаюцца з наступных сегментаў: рэклама, тэхнічная частка, узгадненні, артчастка. Пажадана, каб за кожны накірунак адказвалі розныя людзі.

Артыкул створаны ў межах праекта RegiON (уключаючы рэгіён).

рэгіён

Маладзечанскі валанцёр: «Пацярпелым варта тэрмінова звяртацца па дапамогу»

Прыйшла ў актывізм, каб уплываць і змяняць

Актывізм – гэта змяняць свет вакол да лепшага

Галоўнае ў актывізме – знайсці аднадумцаў

• Текст доступен на языке: Русский