Раман Гардзяюк выступаў у судовым пасяджэнні наконт адмовы Савета дэпутатаў ў сходзе для абмеркавання адклікання дэпутата Семенчука. Фота Настассі Уткінай.

Жыхары паскардзіліся на рашэнне прэзідыума Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў у суд. Першае судовае пасяджэнне адбылося, наступнае прызначанае на 13 кастрычніка.

Расказваем, што гэта за суд і на якой стадыі ініцыятыва па адкліканні дэпутата.

З чаго ўсё пачалося

У пачатку верасня ініцыятыўная група выбаршчыкаў па Маладзечанскай выбарчай сельскай акрузе №73 накіравала зварот старшыні Маладзечанскага райсавета дэпутатаў Андрэю Паўкшце. Жыхары заявілі аб скліканні сходу выбаршчыкаў па пытанні адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання Алега Семенчука.

Выбаршчыкі папрасілі арганізаваць сход выбаршчыкаў – вызначыць месца, час і дату. На сходзе меліся абмеркаваць пытанне адклікання дэпутата ў сувязі са стратай даверу. У заяве сцвярджаюць, што падчас прэзідэнцкай сёлетняй кампаніі быў шэраг парушэнняў заканадаўства, а пасля выбараў канстытуцыйныя правы мноства грамадзян груба парушылі – да мірных дэманстрантаў прымянялі фізічную сілу, зброю, у шэрагу выпадкаў у выніку гэтых дзеянняў зарэгістраваны смяротны зыход. Да затрыманых прымянялі гвалт, катаванне, своечасова не аказвалі медыцынскую дапамогу.

У заяве пішуць, што выбаршчыкам невядома пра дзеянні, якія дэпутат зрабіў, каб аднавіць парушаныя правы грамадзян. Таму яны лічаць, што маюць падставы лічыць, што мела месца бяздзеянне дэпутата. Гэта і стала прычынай страты даверу. Паводле Выбарчага кодэкса, пытанне аб адкліканні дэпутата можна падняць на сходзе выбаршчыкаў.

Ініцыяваць скліканне такога сходу можа група выбаршчыкаў, што пражывае на тэрыторыі акругі, у колькасці не менш за 150 чалавек.

Заяву падпісалі 173 чалавекі.

Сустрэча з дэпутатам

Пасля таго як гэту заяву адправілі, Семянчук пагадзіўся на сустрэчу з некаторымі ўдзельнікамі ініцыятыўнай групы. Размова адбылася, але, па словах ініцыятараў адклікання, паразумення на ёй не адбылося.

Сярод іншага дэпутат падчас сустрэчы сказаў, што галасаваў датэрмінова і за дзеючага прэзідэнта. А таксама, што ўпэўнены ў яго перамозе. Што тычыцца гвалту з боку сілавікоў, дэпутат пракаментаваў, што з гэтым павінны разбірацца кампетэнтныя органы.

Нагадаем, што ў Беларусі пакуль не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы з такім зместам па выніках падзей пасля выбараў.

Што прывяло да суда

10 верасня прэзідыум Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў прыняў рашэнне наконт арганізацыі сходу выбаршчыкаў.

У рашэнні пішуць, што ў заяве выбаршчыкаў няма фактаў парушэння дэпутатам законаў і дзеянняў, якія яго дыскрэдытуюць. Таму прэзідыум вырашыў адхіліць прапанову аб правядзенні сходу па пытанні аб адкліканні дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Семенчука.

Гэта рашэнне выбаршчыкі абскардзілі, а скаргу ўжо разглядае суд Маладзечанскага раёна.

Суд працягваецца

На судовым пасяджэнні 1 кастрычніка выбаршчыкаў прадстаўляў Раман Гардзяюк, другі бок прадстаўляў Андрэй Паўкшта. Бакі маглі выказаць сваю пазіцыю. Гардзяюк лічыць, што Выбарчы кодэкс не патрабуе ніякіх дадатковых дзеянняў, каб сустрэча па абмеркаванні адклікання адбылася. Паўкшта тлумачыў, якімі нарматыўна-прававымі актамі кіраваліся пры прыняцці рашэння.

Працяг працэсу прызначаны на 13 кастрычніка.

• Текст доступен на языке: Русский