Налепкі з ГДР. Фота kufar.by.

Пару год таму ўраджэнец Вілейшчыны паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч расказваў карэспандэнтам «Рэгіянальнай газеты» пра свае паездкі ў Германію. У адной з гутарак прыгадаў, як савецкіх турыстаў дзівілі прылаўкі нямецкіх прадуктовых крам – адных толькі кілбас было каля ста гатункаў.

Як аказалася, прадукты – не адзінае, што магло здзівіць тут савецкага турыста ці салдата, што трапіў у нямецкую групу войскаў. Мы сабралі топ-5 катэгорый рэчаў, якія везлі турысты ў СССР падчас паездак у ГДР.

Налепкі

У 1970-1980-х гадах у шматлікіх савецкіх сям’ях налепкі з прыгажунямі з ГДР клеілі на халадзільнікі і магнітафоны, гітары і панэлі аўтамабіляў. Салдаты, якія служылі ва Усходняй Германіі, абклейвалі такімі налепкамі свае дэмбельскія чамаданы, пачкамі везлі іх сябрам.

Калі дакладна, то правільна гэта рэч называлася нават не налепка, а пераводка. Наклейваць яе трэба было вельмі акуратна, папярэдне памачыўшы ў вадзе. Тонкая плёнка адслойвалася ад папяровай асновы і накладалася на патрэбную паверхню. Пасля мяккай анучкай прыбіралі сляды вады і бурбалкі паветра.

Цацкі

Асаблівай папулярнасцю ў дзяцей карысталася чыгунка Piko з ГДР. Яна была вельмі падобная да сапраўднай, толькі маленькая. У набор уваходзілі паравоз, некалькі вагонаў, рэйкі. Маглі быць таксама семафоры, будынкі станцый, слупы, агароджы, мост. Дзецям таксама везлі мадэлькі машын і самалётаў, канструктары, мікраскопы і электрычныя падводныя лодкі «Дэльфін», гумовых ярка расфарбаваных індзейцаў і салдацікаў.

Тая самая чыгунка. Фота yaplakal.com.

Дзяўчынкі марылі пра лялек з ГДР. Такія цацкі былі ў прыгожым акуратным адзенні і абутку, у іх заплюшчваліся вочы, лёгка расчэсваліся валасы, тварык быў з мяккай гумы або фарфору.

Мэбля

Шафу «Хэльга» выпускалі ў ГДР у 1950-60-я гады. Універсальная шафа была прызначаная для посуду, адзення і іншых рэчаў. Самым вялікім было сервантнае аддзяленне за шклом – у цэнтры. Па баках – яшчэ два аддзяленні з вешалкамі і паліцамі для адзення. Унізе былі шуфляды. У 1970-1980-я з’яўляюцца шафы-сценкі або секцыі.

Камод вытворчасці ГДР. Фота i.pinimg.com.

Акрамя ГДР, падобныя выпускалі ў Югаславіі. Часта «родам» з ГДР былі і папулярныя ў савецкі час горкі, буфеты, трэльяжы – якасныя, з добрага дрэва, цяжкія, паліраваныя.

Посуд

З посуду самым папулярным быў сервіз «Мадонна». Яго асаблівасцю з’яўляўся дэкор, які быў зусім не падобны на тое, што выраблялі ў СССР. Менавіта роспіс у стылі барока і рабіў посуд такім вытанчаным і прыгожым. У якасці ўпрыгожання выкарыстоўвалі яшчэ і пазалоту. Таму выглядала «Мадонна» багата. Сервізы выпускалі розныя – сталовыя, чайныя, для кавы. Адрозніваліся яны таксама і па малюнках, і па колеры.

Першыя нямецкія сервізы з намаляванымі на іх напаўаголенымі прыгажунямі трапілі ў СССР пасля вайны ў якасці трафеяў. А калі ў 1950-я гады сталі вяртацца дадому прадстаўнікі групы савецкіх войскаў у Германіі, яны таксама везлі ў сваіх чамаданах гэтыя нямецкія сервізы. Раскоша даставалася не простым салдатам, а генералам.

так выглядае сталовы сервіз “Мадонна”. Фота serviz.shop

Такі посуд у тыя гады лічыўся адным з прыкмет прыналежнасці да эліты. Цікава, што «Мадоннай» сервіз назвалі ў Саюзе. У самой Германіі яны называліся інакш – «Марыя», «Ульрыка», «Фрэдэрыка».

У 1970-я многія савецкія гаспадыні марылі займець «Мадонну». У Германіі засталася вялікая група савецкіх войскаў. І ці не кожны, хто служыў там, лічыў неабходным набыць сервіз сабе і родным.

Адзенне і бялізна

У пачатку 1970-х у гардэробе савецкіх жанчын з’яўляюцца камбінацыі, ніжняя бялізна, капронавыя калготкі, панчохі, яркія купальнікі з ГДР. Усё адрознівалася ад савецкага і якасцю, і знешнім выглядам. Прывозілі і джынсы фірмы Wrangler, Boxer. Але больш папулярнымі былі амерыканскія Lee. Везлі гальштукі, сукенкі, трыкатаж, абутак.

Панчохі з ГДР. Фота livemaster.ru.

 

• Текст доступен на языке: Русский