Павел Цітавец у Чэхіі.

Пасля збіцця мужчыну тры дні не аказвалі медыцынскую дапамогу. У Беларусі яго стан не паляпшаўся, і сям’я выехала для лячэння ў Прагу.

Тры дні без дапамогі

44-гадовага Паўла Цітаўца затрымалі ў Маладзечне вечарам 9 жніўня. Ён ехаў на ровары ў раёне гімназіі №6. Там амапаўцы ўдарылі яго дубінкай так, што мужчына страціў прытомнасць. Яго зацягнулі ў аўтазак. Усю ноч у двары Маладзечанскага РАУС Павел не прыходзіў у сябе, пасля яго этапавалі ў Чэрвень.

«Калі ачуняў, ужо быў світанак. Там у двары ўсе сядзелі. Кайданкі ззаду былі, не мог устаць, сесці. Як у аўтазак грузілі, без памяці. Чаму мне “хуткую” не выклікалі, не разумею. Правае вока заплыло, не расплюшчвалася. На другі дзень пухліна пачала спадаць. Чаму ў Чэрвені міліцыянеры дактароў не выклікалі, не ведаю. Ім галоўнае было пратаколы скласці», – казаў Цітавец у інтэрв’ю журналісту «Рэгіянальнай газеты» 17 жніўня.

Жонка Алена Карэліна даведалася пра тое, дзе Павел, толькі праз тры дні. Пасля затрымання ў Паўла ўзніклі праблемы са здароўем. Яму цяжка размаўляць, запамінаць, думаць.

Маладзечанцу з чэрапна-мазгавой траўмай тры дні не аказвалі меддапамогу (Відэа)

Наступствы для здароўя

Пасля затрымання ў Паўла – чэрапна-мазгавая траўма, пераломы рэбраў, мужчына аглух на правае вуха. Мужчыну цягам трох дзён затрымання не аказвалі медыцынскую дапамогу. На восьмы дзень яму зрабілі рэнтген і знайшлі пераломы рэбраў. Жонка кажа, што з-за праблем з мозгам ён не адчуваў боль.

Мы распыталіся ў Алены Карэлінай пра самаадчуванне Паўла на канец верасня, праз паўтара месяца пасля здарэння.

– З вялікімі складанасцямі і нервамі мы выехалі за мяжу, каб завезці Пашу на лячэнне. Лячыць яго будуць доўга, наладжваць працу мозга будуць паступова. Ён ходзіць, але з галавой не сябруе. Думак многа, а слоў не мае, каб выказаць. Усе гэтыя працэсы ў галаве складаныя. Яго даглядаюць. Магчыма, спатрэбіцца аперацыя – будуць глядзець. Будуць рабіць МРТ, рабіць сваё абследаванне. Калі вырашаць, што спатрэбіцца аперацыя, яе будуць рабіць тут.

Доктар сказаў, каб Паша пакуль адпачываў, марудна хадзіў, любаваўся Прагай. Ведаю, што ў Беларусі трывожна, майму сэрцу гэта вельмі балюча.

Эпікрыз выбівалі праз міністэрства

Няпроста было нават выехаць за мяжу. Вось як пра гэта расказвае Алена:

– Лячыць Пашу далей трэба было ехаць у Чэхію. Для гэтага трэба было сабраць дакументы. І тут пачалося такое з дакументацыяй, што дагэтуль не магу адысці. У бальніцы Пашу лячылі антыбіётыкамі і трайчаткай, адначасова звярнулася ў прыватны медцэнтр. Там прапісалі лячэнне на немаленькую суму. Бегаю ў бальніцу і калю гэтыя лекі сама, таблеткі па гадзінах сачыла, каб піў, бо ён не запамінаў. Таму што калі паказала выпісанае прыватным доктарам таму, што лячыў у бальніцы, той адказаў, што не ведае, як гэтыя лекі будуць спалучацца.

А паглядзеўшы на КТ Пашу, прыватны доктар сказаў: «Што, гэты чалавек яшчэ жывы?».

Пасля Пашу перавялі з дзіцячай бальніцы, дзе ён ляжаў, у бальніцу на Чкалава. Там ужо мне ход быў закрыты з-за каронавіруса. Прыватны доктар выпісаў другі этап лячэння – кропельніца, якую сама зрабіць не магла б. Выпісалі Пашу, і тут адгукаецца Чэхія – ім патрэбны эпікрыз. А ў бальніцы кажуць, што не даюць. Выбівалі яго праз гарачую лінію міністэрства. А гэта ж усё цягнулася днямі! Пасля таго як Пашу выпісалі, у нас дом ператварыўся ў лабараторыю. Мы паставілі яго на ногі дзякуючы лячэнню доктара з прыватнага цэнтра.

Быў патрэбны дакумент ад доктара, які падпісаў бы дазвол для пералёту. Мы звярталіся да многіх медыкаў, нам казалі: ляцець ён можа, але пісьмова мы не можам даць дазвол.

Нават казалі: «Я што, з-за вас сядзець буду?»

Ну, раз нам не далі дазвол на больш лёгкі шлях, пералёт, мы вырашылі паехаць аўтобусам. Дарога была няпростая, але мы мелі ўсе патрэбныя дакументы. Хаця Паша ледзь вытрымаў. Яму пытанні задаюць, а ён жа не можа сфармуляваць адказы. Неяк усё пераадолелі. Цэлы тыдзень адыходзілі ад стрэсаў. Назіраюць гематому на галаве паміж чэрапам і мозгам – 9 сантыметраў на 2 міліметры. Калі яе стан пагоршыцца, спатрэбіцца аперацыя. Такі стрэс, столькі лекаў, так што ён аднаўляецца.

Як звярнуцца па дапамогу

Ініцыятыва падтрымкі by_help Molo дапамагае і падтрымлівае людзей, пацярпелых ад гвалту сілавікоў. Звяртацца могуць і жыхары суседніх раёнаў. Звязацца з ініцыятывай можна праз аднайменны канал у тэлеграме – by_help Molo.

Калі вы або вашы знаёмыя пацярпелі ад гвалтоўных дзеянняў сілавікоў 9 жніўня і пазней, пішыце на электронную пошту czhelp2020@gmail.com.

• Текст доступен на языке: Русский