10 кастрычніка дзяўчына Паўла Пяскова Вераніка Французава разам з сябрамі наведала яго ў жодзінскай турме.  «Рэгіянальная газета» расказвае, як прайшла першая сустрэча асуджанага маладзечанца з яго дзяўчынай.

30 верасня суддзя Маладзечанскага раённага суда Вікторыя Паляшчук асудзіла Паўла Пяскова на 3,3 гады, а Уладзіслава Еўсцігнеева на 3 гады выпраўленчай калоніі па артыкуле 363 «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак». 19 чэрвеня падчас ланцуга салідарнасці маладзечанцы ўдзельнічалі ў сутычцы з амапаўцамі, якія затрымлівалі Мікалая Алейніка.

Цяпер Пяскоў і Еўсцігнееў часова знаходзяцца ў жодзінскай турме, іх павінны этапаваць у выпраўленчую калонію, аднак дагэтуль невядома, у якую.

Да жодзінскай турмы Вераніка з сябрамі прыехала ў 10 гадзін. Каля ўстановы дзяжураць валанцёры. Яны кожны дзень чакаюць пратэстоўцаў, якіх затрымліваюць на акцыях: даюць ежу, гарачы чай ці каву, вязуць дадому.

Валанцёры адразу падышлі да маладзечанцаў, якія выйшлі з машыны.

— Калі ласка, адыдзіце ад уваходу. Вось зайдзіце за бус, каб вас не ўбачылі. У нас дамоўленасці з адміністрацыяй турмы, не трэба, каб яны бачылі шмат людзей тут. Нам ужо казалі, што могуць прыйсці вайскоўцы. Разумееце, гэта ж не Акрэсціна, дзе толькі ізалятар. У жодзінскай турме сядзяць злачынцы, — расказаў адзін з валанцёраў.

Яны таксама папрасілі не здымаць на камеру саму турму. Па іх словах, таму што вартаўнікі будуць хвалявацца з-за гэтага.

— Нейкая тут атмасфера… Не добрая, — размаўляюць паміж сябры Паўла Пяскова ў 20 метраў ад уваходу ў турму.

Валанцёры расказваць, што ў суботу павінны выйсці 13 чалавек. Кажуць, што пра суд над Пясковым і Еўсцігнеевым ведаюць, чыталі ў СМІ. Пашкадавалі хлопцаў, маўляў, вельмі вялікія тэрміны далі.

Пасля прыезду маладзечанскіх наведвальнікаў да шлагбаума турмы пад’ехаў міліцэйскі аўтамабіль, супрацоўнікі не праехалі далей, а калі шлагбаум паднялі, з машыны не выходзілі. У хуткім часе прыехаў яшчэ адзін міліцэйскі аўтамабіль. З яго выйшаў мужчына ў цывільным, прадставіўся намеснікам начальніка жодзінскага РАУС Міхаілам Мурашкіным. Пацікавіўся, ці ўсё добра ў валанцёраў, а потым сказаў, што пакіне каля турмы двух супрацоўнікаў.

— Гэта толькі дзеля вас. Увесь час, што тут стаім, ніколі міліцыянеры не прыязджалі, — падзяліўся валанцёр з сябрамі Паўла.

У гэты час Вераніка пайшла падаваць заяву на сустрэчу з Паўлам, перадаць перадачу. Перадачу прынялі не ўсю: не ўзялі апошні нумар «Рэгіянальнай газеты», вэнджанае сала і соль. Вераніка не ведае, чаму не ўзялі сала і соль, а вось друкаваныя рэчы наогул не бралі — ні кнігі, ні часопісы турэмная адміністрацыя не прапусціла.

Перадача Паўлу Пяскову.

Родныя Уладзіслава Еўсцігнеева таксама прыехалі наведаць хлопца. Яны былі ў жодзінскай турме раней, чым Вераніка.

— Мне сказалі, што нельга будзе сустрэцца з Пашам. Гавораць, што сваякі Улада прыехалі раней, а так як яны змоўшчыкі і ідуць па адным крымінальным артыкуле, то ў Пашы ніякіх сустрэч сёння не будзе.

Сябры Пяскова абурыліся, частка з іх пайшла дамаўляцца аб сустрэчы разам з Веранікай да вартаўнікоў.

Тое, што забаранілі перадаць Паўлу: газета, сала, соль.

Атрымалася так: Вераніку пусцяць на паўгадзіны, але ўжо пасля сустрэчы родных з Еўсцігнеевым. Вераніка расказала, што тэлефанавала за дзень у турму, каб даведацца, у колькі можна прыехаць на сустрэчу. Па яе словах, іх праводзяць ад 8 да 18 гадзін. Аднак насамрэч спатканні асуджаных са сваякамі дазваляюць пасля абеду. Гэта пацвердзілі і валанцёры.

— Дазволілі. Пусцяць на паўгадзіны пасля двух. Спачатку пусцяць сястру і маці Улада, потым мяне да Пашы. А па тэлефоне казалі, што сустрэча — гэта две гадзіны, — расказала Вераніка пасля чарговай гутаркі з прадстаўнікамі адміністрацыі жодзінскай турмы.

Калі Вераніка даведалася, што трэба чакаць яшчэ некалькі гадзін, то ўсе вырашылі схадзіць на стадыён «Тарпеда». Там арганізаваны стыхійны мемарыял футбольнаму заўзятару Мікіце Крыўцову, якога знайшлі загінулым напрыканцы жніўня.

У некалькіх сотнях метраў ад жодзінскай турмы на балконе ў людзей вісіць бел-чырвона-белы сцяг.
Такія надпісы наш карэспандэнт сустрэла па ўсім Жодзіне.

Шпацыр да стадыёна завяршыўся пасля таго, як за маладзечанцамі адразу паехалі супрацоўнікі міліцыі, якіх пакінуў каля жодзінскай турмы намеснік начальніка мясцовага РАУС. Таму сябры Пяскова вырашылі не ісці да футбольнага стадыёна, а схадзіць паесці ў бліжэйшае кафэ.

Потым валанцёры раскажуць, што зноў прыязджаў Мурашкін, які спрабаваў даведацца ў іх, што за людзі прыехалі да турмы. Яшчэ супрацоўнікі міліцыі фатаграфавалі аўтамабіль, аднак не адказалі, навошта гэта рабілі. Валанцёры паведамілі, што міліцыянеры сказалі, што гэта нехта з іх начальства прасіў зняць транспарт маладзечанцаў.

— Глядзіце, у нас няма ніякай сімволікі, мы нічога не крычым, чаго яны за намі сочаць? Ды яшчэ так непрафесійна. Ёсць рэальныя злачынцы, ну вось у гэтых міліцыянераў ёсць вольны час, мабыць, — разважалі маладзечанцы падчас шпацыру.

Пасля двух гадзін на сустрэчу пусцілі сястру і маці Уладзіслава Еўсцягнеева. Яны змаглі паразмаўляць з ім гадзіну. Паведамілі, што Улад у добрым настроі, усміхаецца. Вераніка правяла з Паўлам таксама гадзіну. Яму не дазволілі расказваць, у якім аддзяленні ён сядзіць, колькі з ім чалавек.

Вераніка перад сустрэчай з Паўлам.

Па словах Веранікі, Павел добра сябе адчувае. Расказаў, што ў маладзечанскім ІЧУ захварэў, але лекі яму не давалі.

— На жодзінскую турму не скардзіўся: ежа нармальная, а ў чацвер — лазня. І іх пускаюць у душ яшчэ.

Пяскоў у чарговы раз пацвердзіў, што не адмаўляецца падаваць на абскарджванне прысуд маладзечанскага суда.

— Бачу, у яго слёзы накатваюцца. Кажу, «Ну, што ты плачаш, гэта я павінна плакаць». Але ў добрым настроі, канешне.

Пасля сустрэчы Веранікі з Паўлам усё ж такі людзі адправіліся да стадыёна. Міліцыянеры паехалі за імі, суправаджалі да «Тарпеда».

Потым маладзечанцы заблукалі, спыніліся недалёка ад выезду з Жодзіна, міліцыянеры таксама спыніліся. Суправаджалі наведвальнікаў турмы і пры выездзе з гораду прыкладна яшчэ 15 кіламетраў.

• Текст доступен на языке: Русский