Вілейскі трэцякласнік заняў у шахматным спаборніцтве трэцяе месца з сямю ачкамі па выніках дзевяці тураў.

Першынство Беларусі па шахматах сярод хлопчыкаў і дзяўчынак да васьмі і да дзесяці год завяршылася ў Магілёве 12 кастрычніка. Спаборніцтвы праходзілі чатырма асобнымі турнірамі для хлопчыкаў і дзяўчынак па швейцарскай сістэме ў дзевяць тураў.

Захар трэніруецца ў шахматнай школе «Дзевязь ферзяў», якая працуе ў Маладзечне і Вілейцы. Трэнер школы Віктар Акотчык расказвае:

– Захар займаецца дома кожны дзень. Акрамя нашай шахматнай школы, індывідуальна вучыцца ў майстра па скайпе. Рашае шахматныя задачы, гуляе па інтэрнэце, глядзіць навучальныя відэа.

На тое, чым дапамагаюць шахматы ў жыцці, Віктар Акотчык адказвае:

– Усім дапамагаюць. Дзіця становіцца зусім іншым. Моцным, валявым, усвядомленым, самастойным, дысцыплінаваным, цярплівым, працаздольным, разумным, жывым, вясёлым, камунікабельным, клапатлівым, уважлівым і гэтак далей.

Вельмі заўважна развіваюцца логіка і ўяўленне, уменне планаваць і ўладкоўваць сваё жыццё і працу.

З шахматамі Захара пазнаёміў тата, калі хлопчыку было пяць год. У сям’і Емяльянавых прафесійных шахматыстаў няма. Тата Андрэй – індывідуальны прадпрымальнік, мама Алена – выкладчык англійскай мовы. Шахматыст вучыцца ў 3 «А» класе вілейскай сярэдняй школы №3.

Калі хлопчыку было сем год, бацькі даведаліся, што ў Вілейцы пачынае працу шахматная школа «Дзевяць ферзяў» пад кіраўніцтвам Віктара Акотчыка. Заняткі праходзілі тры разы на тыдзень.

– Захар з задавальненнем хадзіў на заняткі, пачаў удзельнічаць у розных шахматных турнірах, у якіх паказваў добрыя вынікі.

З мінулага года Захар пачаў займацца анлайн з трэнерам з Мінска Віталём Мерыбанавым. Віляйчук займаецца таксама спартыўным плаваннем, легаканструяваннем, футболам, камп’ютарнымі гульнямі.