Фота Аксаны Ярашонак.

10 кастрычніка старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бегунец правёў «прамую лінію». У сектары па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама карэспандэнту расказалі пра тое, з якімі праблемамі на гэты раз вілейчукі звярталіся да старшыні і як іх будуць вырашаць.

Палова ўсіх пытанняў – да ЖКГ

Найбольш пытанняў – сем з чатырнаццаці – было па ЖКГ. Пыталіся пра рамонт двароў шматкватэрных дамоў у Вілейцы, вулічнае асвятленне ў вёсцы Седзіца Вязынскага сельсавета, прачыстку меліярацыйнай канавы ў Абадоўцах.

Наконт рамонту дваровых тэрыторый старшыня адказваў, што сёлета зробяць толькі тыя, якія былі запланаваныя. Пасля правядуць абследаванні іншых двароў. І зыходзячы з таго, наколькі там праблемнае пакрыццё, сфарміруюць чаргу на наступны год.

Бацькі школьніка – пра падвоз, вяскоўцы – пра лазню

Ад бацькоў школьніка з вёскі Мільча было пытанне пра тое, каб падвоз у школу і са школы ў Даўгінава зрабіць больш зручным па часе. Графік падвозу будуць разглядаць. Але, як паведамілі ў сектары зваротаў, не заўсёды яго можна змяніць. Графік падвозу складаецца з улікам урокаў, факультатываў, узросту дзяцей, кіламетражу.

А жыхары Куранца хацелі б, каб ім арганізавалі падвоз у вілейскую лазню. Тут першапачаткова спецыялісты, якім пераадрасавалі пытанне, павінны будуць вывучыць расклад маршрутнага транспарту. Калі прымальных аўтобусаў няма, разгледзяць магчымасць падвозу. Але за аўтобус, які вязе людзей у лазню, чакае іх пару гадзін, а потым вязе назад, вяскоўцы мусяць плаціць як за заказны.

Пытанні пра медыцыну і перанос грамадскай прыбіральні

Таксама жыхарам Куранца нязручна тое, што на месцы не працуе лабарант. Каб здаць аналізы, вяскоўцы мусяць ездзіць у Вілейку. У чарговы раз падымалася пытанне пра тое, каб адчыніць аптэку на Вілейскім аўтавакзале.

Гэта зручна і вяскоўцам, што прыязджаюць у горад, і жыхарам мікрараёна Воўкаўшчына, у якім няма аптэкі.

Ільянец з інваліднасцю звяртаўся з тым, каб зрабіць пандус у будынку гарадской стаматалогіі ў Вілейцы і каб грамадскую прыбіральню са сквера, што за былым універмагам, перанесці ў парк у цэнтры.

Як працуюць са званкамі на «прамую лінію»

Як расказала загадчыца сектара па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Вілейскага райвыканкама Вольга Зубель, «прамыя лініі» ладзяць кожную суботу. Званкі прымае або старшыня райвыканкама, або хтосьці з яго намеснікаў.

Усе званкі рэгіструюцца. Калі ёсць магчымасць, то адказ даецца адразу. Калі не – ставіцца на кантроль. На гэты раз з 14 пытанняў толькі на адно далі адказ адразу. Сям’я пыталася, ці можна выкарыстаць мацярынскі капітал, каб набыць новую газавую пліту. Па заканадаўстве пакупка пліты не з’яўляецца прычынай, па якой можна патраціць капітал. Гэта і растлумачылі сям’і.

Па словах загадчыцы сектара зваротаў, усім, хто тэлефанаваў на «прамую лінію» з пытаннямі, адказ дадуць на працягу 15 дзён. Калі праблема патрабуе дадатковага вывучэння і выезду на месца – на працягу месяца.

• Текст доступен на языке: Русский