Сёння, 16 кастрычніка, у Вілейскім судзе агучылі чарговы прысуд па частцы 1 арткула 23.34 Кодэкса адміністрацыйных парушэнняў. Педагог, мама дваіх непаўналетніх дзяцей Вольга Шостак атрымала штраф 45 базавых велічынь – 1 215 рублёў. Гэта другі штраф. У пачатку верасня Вольга атрымала 20 базавых.

Падтрымаць Вольгу прыйшло больш за 20 вілейчукоў. Пасяджэнне вёў суддзя Канстанцін Калядаў, абаронцам быў Андрэй Барташэвіч.

Суддзя агучыў, што згодна з пратаколам, складзеным міліцыянерам Хаценчыкам, Вольга 4 кастрычніка, каля 14.00, удзельнічала ў несанкцыянаваным шэсці па вуліцы Першага мая. Суддзя адзначыў, што гэта ўжо другое парушэнне цягам года.

Вольга з пратаколам не пагадзілася. Яна прадставіла шматлікія граматы, якія сведчаць пра яе актыўную і сумленную дзейнасць педагога.

– Я педагог ад 2003 года. Дзень настаўніка – маё прафесійнае свята. Пасля нараджэння другога дзіцяці ў мяне былі вельмі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Пасля гэтага я радуюся жыццю: таму, што магу хадзіць, бачыць. І вось у сваё свята, 4 кастрычніка, я павіншавала сваіх бацькоў, таксама настаўнікаў, і выйшла прагуляцца. Мне падарылі кветкі. Я ішла да сваей сяброўкі-настаўніцы. Праходзіла каля РАУС.

Суддзя спытаў, чаму тады ў пратаколе адзначаны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемтве. Спытаў, ці ведае Вольга, што па нядзелях на вуліцах збіраюцца людзі, нязгодныя з уладай.

Вольга адказала, што чула пра такія мерапрыемствы ў Мінску.

– Ці шмат ішло з вамі людзей? Ці былі ў іх бел-чырвона-белыя сцягі? – пытаўся суддзя.

– У мяне кепскі зрок, не магла гэтага разгледзець.

Суддзя:

– Вы саромецеся сваіх перакананняў? Не хочаце сказаць, што нязгодныя з уладай і таму выйшлі на шэсце?

Вольга:

– Я не саромлюся. У шэсці я не ўдзельнічала. Я выйшла гуляць.

Паказанні давалі сведкі – работнікі Вілейскага РАУС – Павел Усціновіч і Дзмітры Макатовіч. Яны адзначалі, што візуальна ведаюць Вольгу Шостак, што бачылі яе 4 катрычніка. Усціновіч у цывільнай вопратцы сядзеў на лаўцы ў парку і назіраў, як збіраецца группа людзей. Пасля разам з Макатовічам суправаджаў шэсце на службовым аўто.

– Чалавек 20-30 пастроіліся з бел-чырвона-белым сцягам і з фотаздымкамі невядомых мне людзей, – адзначыў сведка Усціновіч.

Абаронца адзначыў, што ў рапарце, які пісаў Усціновіч, зблытаныя паняцці шэсця і мітынга. Таксама спытаў у сведкі, як канкрэтна пратэставала Вольга.

– Яна ішла сярод людзей з б-ч-б сцягам і партрэтамі.

Абаронца:

– Гэта дзяржаўны сцяг…

Сведка:

– У нас іншы дзяржаўны сцяг.

Абаронца:

– Гэта дзяржаўны сцяг 1994 года. І ён назаўсёды застанецца сцягам 1994 года. Тое, што Шостак пратэставала, – гэта вашы здагадкі?

Сведка:

– Дапусцім, так.

Сведка Дзмітры Макатовіч сцвярджаў, што пратэстоўцы збіраюцца кожную нядзелю, да гэтага заклікаюць у тэлеграм-каналах і сацсетках.

Вольга Шостак.

Гэты сведка адзначыў, што бачыў Шостак дакладна ў парку. На конт знаходжання яе на шэсці сумняваўся.

Суддзя і ўдзельнікі пасяджэння прагледзелі відэа. Абодва сведкі пацвердзілі, што гэта відэа з 4 кастрыніка і што на ім ёсць Вольга Шостак.

Пасля дзесяціхвіліннага перапынку суддзя агучыў прыгавор – прызнаў Вольгу вінаватай і прысудзіў штраф 45 базавых.

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский