Сёння, 16 кастрычніка, у Маладзечне прайшоў суд над Паўлам Пясковым. Яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў вераснёвым шэсці — для гэтага Пяскова спецыяльна прывезлі з ізалятара жодзінскай турмы.

«Зараз перапынак, працяг будзе ў судзе»

Суд планавалі правесці ў Маладзечанскім РАУС у 15:00. Аднак пасля 15 гадзін людзей каля дзвярэй аддзялення міліцыі на выязное судовае пасяджэнне не пускалі. Хутка ў дзвярах з’явілася судовая сакратарка, якая паведаміла, што разбіральніцтва ўжо пачалося.

— Зараз у нас перапынак. Працяг будзе ў 15:30 у судзе. Ідзіце туды.

Павел Пяскоў знаходзіўся ў маладзечанскім ізалятары ад 13 кастрычніка. Аб гэтым журналістам «РГ» паведаміла дзяўчына Паўла Вераніка Французава.

Працэс

Судовае разбіральніцтва вядзе суддзя Алег Лагачоў. Згодна з пратаколам адміністратыўнага правапарушэння, 6 верасня Павел Пяскоў удзельнічаў у несанкцыянаваным Маладзечанскім райвыканкамам шэсці.

Пяскоў не згодны з пратаколам.

Лагачоў прасіў Пяскоў успомніць, што адбывалася ў той дзень.

— Не памятаю падзеі, якія праходзілі 6 верасня. У мяне не фенаменальная памяць. Пасля абеду я даглядаю бабулю. Магу выказаць здагадку, што тады быў каля вуліцы Маркава.

Па словах Пяскова, ён не ўдзельнічаў у шэсці.

— Не абмяркоўваў ніякія палітычныя пытанні. Як і 80 адсоткаў насельніцтва нашай краіны, раблю гэта на кухні, — расказаў Павел.

Падчас судовага разбіральніцтва сведкамі выступілі чатыры супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС Віталь Мурза, Яўген Кеўра, Юры Церашонак, Іван Якаўлеў.

6 верасня Мурза і Кеўра працавалі ў аператыўна-сітуацыйным штабе ў аддзяленні міліцыі. Супрацоўнікі, што былі на шэсці, паведамлялі пра падзеі Мурзе, а той — кіраўніцтву. Пасля Мурза глядзеў аператыўны відэазапіс, на якім пазнаў Пяскова.

— Пры праглядзе відэа высветліў, што чалавек падобны да Пяскова. Пазнаў яго па выразе вачэй, хадзе, рукам, — сказаў Мурза.

Міліцыянер удакладніў, што не ён асабіста пазнаў Паўла Пяскова. У гэтым яму дапамаглі іншыя супрацоўнікі, імёны іх не назваў.

Яўген Кеўра таксама адглядаў відэазапісы, на якіх пазнаў Пяскова. Па яго словах, у яго няма сумневаў, што на відэа быў менавіта Павел.

Юры Церашонак і Іван Якаўлеў у той дзень працавалі на службе па ахове грамадскага парадку. Абодва пазналі Пяскова ў натоўпе, таму што бачылі яго раней. Міліцыянеры правяралі мужчыну, калі той быў пад дамашнім арыштам.

Пасля допыту абвінавачваемага і сведкаў суддзя праглядзеў тры аператыўныя відэазапісы. Усе сведкі пазналі на іх Пяскова, Пяскоў сябе не пазнаў.

View this post on Instagram

Гэта Павел Пяскоў сёння перад пасяджэннем па адміністрацыйнай справе 23.34 КоАП. Калі Павел зразумеў, што ў залі суда ёсць людзі, то хтосьці побач з ім закрыў камеру, каб яго не было бачна. Яго этапавалі з Жодзіна ў Маладзечне яшчэ 13 кастрычніка, але суд праходзіў праз відэасувязь толькі 16 кастрычніка. Суддзя Лагачоў прызнаў Пяскова вінаватым у паўторным парушэнні артыкула 23.34, пакаранне – штраф у памеры 50 базавых велічынь. Нагадаем, што напрыканцы верасня Паўла Пяскова асудзілі на 3,3 гады выпраўленчай калоніі за гвалт над ампаўцамі падчас ланцуга салідарнасці 19 чэрвеня ў Маладзечне.

A post shared by Рэгiянальная газета (@rg_rhby) on

Рашэнне суддзі за пяць хвілін

Алег Лагачоў прыняў рашэнне па справе Пяскова за пяць хвілін. Суддзя прызнаў Пяскова вінаватым у паўторным парушэнні артыкула 23.34 КоАП. Пяскоў атрымаў пакаранне ў выглядзе штрафа у памеры 50 базавых велічынь.

Нагадаем, што 30 верасня Паўла Пяскова асудзілі на 3,3 гады выпраўленчай калоніі па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса. Маладзечанскі суд прызнаў Пяскова вінаватым у гвалце над супрацоўнікам АМАПа падчас ланцуга салідарнасці 19 чэрвеня.