Тое, што засталося ад капліцы. Фота забяспечанае Веранікай Гіль.

Пра гэта нам паведамілі сябры Вілейскай суполкі таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага.

Віляйчанка: Пасля таго, што здарылася, не знаходжу сабе месца

– Капліца, помнік 18 стагоддзя ў вёсцы Ручыца, рухнула літаральна днямі. Знаёмы перадаў мне фотаздымкі. Крыўдна, што на працягу года неабыякавыя вілейчукі і работнікі Вілейскага краязнаўчага музея вялі перапіску з Міністэрствам культуры, Вілейскім райвыканкамам, звярталіся, каб захаваць гэты помнік, зрабіць каля яго ахоўную зону, але нічога не атрымалася, – дзеліцца старшыня Вілейскай суполкі таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага Дзяніс Канецкі. 

Некалькі год таму сябры суполкі  зрабілі драўляны каркас, каб крыху захаваць капліцу ад атмасферных ападкаў.

– У верасні мінулага года, убачыўшы, у якім стане капліца, мы пачалі пісаць у Вілейскі райвыканкам, у Міністэрства культуры, вельмі дапамагалі ў гэтым супрацоўнікі Вілейскага краязнаўчага музея.

Пасля таго, што здарылася з капліцай, не знаходжу сабе месца. Заўтра ж буду пісаць у Міністэрства культуры, каб знайшлі вінаватых і пакаралі іх за халатнасць, – кажа віляйчанка Вераніка Гіль, якая на працягу апошняга года разам з аднадумцамі імкнулася прыцягнуць увагу да захавання помніка.

Міністэрства культуры ў 2019 годзе: За захаванне каштоўнасці адказвае ўласнік

У лістападзе 2019 года Вераніка Гіль атрымала адказ на свой запыт адносна капліцы з Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Капліца цяпер. Фота забяспечанае Веранікай Гіль.

Тут паведамлялася, што аб’ект унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўсцей. На яго распаўсюджваюцца патрабаванні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Згодна з Кодэксам, абавязак па захаванні гісторыка-культурнай каштоўнасці ўскладзены на ўласніка. Па інфармацыі Вілейскага райвыканкама, уласнікам помніка з’яўляецца Нарачанскі сельвыканкам. 23 красавіка 2018 года сельвыканкам падпісаў ахоўнае абавязацельства.

Згодна з артыкулам 41 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні Рэспублікі Беларусь» і артыкулам 14 Кодэкса Беларусі аб культуры, паўнамоцтвы па правядзенні мерапрыемстваў і кантролі за аховай помніка ляжаць на мясцовых выканнаўчых і распарадчых органах.

Вілейскі райвыканкам у 2019 годзе: Аб’ект не знаходзіцца ў крытычным стане

У адказе Вілейскага райвыканкама ад 2 снежня 2019 года паведамляецца, што капліцы ў 2017 годзе нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У 2016 годзе – гісторыка-культурнай каштоўнасці, якая мае значэнне для асобнага рэгіёна Беларусі.

Фота забяспечанае Веранікай Гіль.

Далей у адказе паведамляецца: «На момант уключэння ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці аб’ект не з’яўляўся цэласным, а быў уключаны як рэшткі былой сядзібы Агінскіх «Ганута»: вадаём, рэшткі дзвюх капліц і царква, другая палова 18 стагоддзя.

На дадзены момант аб’ект мае двух уласнікаў. Рэшткі былой сядзібы Агінскіх «Ганута»: царква – з’яўляецца прыходам храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Ручыца Вілейскага раёна Маладзечанскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, настаяцелем з’яўляецца протаіерэй Фёдар Алегавіч Кукс, з якім заключана ахоўнае абавязацельства, галоўнай мэтай якога з’яўляецца захаванне гісторыка-культурнай каштоўнасці. Нарачанскі сельскі выканаўчы камітэт Вілейскага раёна Мінскай вобласці ў асобе старшыні Абрамчык Алены Мікалаеўны з’яўляецца другім ўласнікам, з якім заключана ахоўнае абавязацельства, галоўнай мэтай якога з’яўляецца захаванне гісторыка-культурнай каштоўнасці на другую частку аб’екта – рэшткі былой сядзібы Агінскіх «Ганута»: вадаём, рэшткі дзвюх капліц.»

Выканкам паведамляў, што на снежань 2019 года капліца не знаходзіцца ў крытычным стане.

Нарачанскім сельскім выканаўчым камітэтам штогод праводзяцца мерапрыемствы па захаванні рэшткаў дзвюх капліц ў тым стане, у якім яны захаваліся да нашых дзён. Тэрыторыя некалькі разоў на год абкашваецца, прыбіраецца бур’ян. У 2018 годзе для абароны капліц з прыцягненнем сродкаў раённага суботніка былі ўзведзены ахоўныя пабудовы, якія спрыяюць мінімізацыі ўздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я з мэтай захавання капліц для іх наступнай рэстаўрацыі або кансервацыі. Падобныя збудаванні існавалі і раней. Каля капліц устаноўлены ахоўныя знакі і інфармацыйны стэнд.

«Правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’екце гісторыка-культурнай каштоўнасці – рэшткі былой сядзібы Агінскіх «Ганута» у цяперашні час, на жаль, не ўяўляецца магчымым. У той жа час пытанне можа быць вырашана пры наяўнасці бюджэтнага фінансавання ў наступныя гады.»

Даведка «РГ»

Маёнтак Ганута мае даўнюю і багатую гісторыю. Гэта адзін з самых прыгожых маёнткаў Вілейшчыны, які ўяўляў сабой велічны палац і гаспадарчы двор, што быў пабудаваны ў 1765 годзе вядомым італьянскім архітэктарам у стылі барока з элементамі ракако. У гэты ж час з’явілася і капліца, якая рухнула днямі.

Фотаздымак капліцы сябры Вілейскай суполкі таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага выкарыстоўвалі на кішэнных каляндарыках. Фота са старонкі суполкі.

З маёнткам звязана імя Міхала Клеафаса Агінскага, кампазітара, палітычнага дзеяча, аўтара знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай».

Маёнак Ганута на карціне Напалеона Орды.
А так выглядалі рэшткі капліцы ў 2014 годзе на фота вілейскага фатографа Міхася Куляша.

Назву маёнтак атрымаў дзякуючы рэчцы Ганутка. Капліца стаяла пры ўездзе ў маёнтак.

У 19 стагоддзі маёнтак маляваў вядомы тагачасны мастак Напалеон Орда.

Так выглядала капліца ў 1920-х. Фота з архіва Вілейскай суполкі таварыства аховы помнікаў імя Аляксея Лужынскага.

Пра маёнтак мы пісалі раней:

У трунах Валовічаў у савецкі час каталіся па возеры

Знайшлі ўнікальныя фота Гануты

 

• Текст доступен на языке: Русский