Пра ДТЗ, якое адбылося 17 кастрычніка, каля чатырох гадзін раніцы, карэспандэнту расказаў намеснік начальніка Вілейскага РАУС Мікалай Мягкоў.

– Невядомы патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што на чыгуначных пуцях паміж Куранцом і Багданавым захрас легкавік. – Міліцыянеры выехалі на месца і сапраўды ўбачылі машыну на чыгунцы. На месцы даведаліся, што за рулём быў жыхар Маладзечна. Ён ехаў да маці, у вёску Язні. Пад’язджаючы да пераезда, мужчына не справіўся з кіраваннем на закругленні дарогі і паехаў па прамой. Аўтамабіль падкінула на чыгуначным насыпе і ён захрас на пуцях, – расказаў Мікалай Мікалаевіч.

Аказалася, кіроўца быў за рулём нецвярозым і не меў права кіравання аўтамабілем. За гэта яму пагражае штраф.

Магчыма, фігурант мусіць выплаціць і за ўрон чыгунцы, бо з-за ДТЗ амаль на гадзіну затрымалі грузавы цягнік.