Фота з сайта Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

Сёння, 21 кастрычніка, Вілейская пракуратура накіравала ў суд справу па смяротным жнівенскім ДТЗ у Вілейцы, расказаў намеснік пракурора Вілейшчыны Андрэй Жукоўскі. Кіроўцу абвінавачваюць па двух артыкулах – 317 частка 2 – парушэнне правіл дарожнага руху, якое пацягнула смерць чалавека, і 159 частка 3 – пакіданне пацярпелага ў небяспецы.

Нагадаем, што 12 жніўня, ноччу, у Вілейцы, Вадап’янава, машына збіла 33-гадовага пешахода. Ён загінуў на месцы. Кіроўца ўцёк з месца здарэння, аднак на заўтра раніцай сам прыйшоў у РАУС.

Па словах Андрэя Жукоўскага, кіроўца растлумачыў: уцёк з месца здарэння, бо спалохаўся. На раніцу прачытаў навіны пра загінулага і сам прыйшоў у міліцыю.

Артыкул 159 прадугледжвае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам. Артыкул 317 – штраф, або пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, ці абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.