Першыя выбаршчыкі 9 жніўня ў лебедзеўскім Доме культуры. Фота Сяргея Лескеця.

Падпалкоўнік ўнутраных войскаў на пенсіі атрымлівае каля тысячы рублёў, а былы падпалкоўнік міліцыі – 700 рублёў. Глядзім, якія пенсіі ў былых сілавікоў і дзяржслужачых.

Са жніўня гэтага года сярэдні памер месячных пенсій– 458 рублёў, сярэдні памер пенсій, назначаных па ўзросце – 473,8 рубля. У былых чыноўнікаў і сілавікоў пенсіі вызначаюцца па-іншаму і часцей за ўсё аказваюцца больш гэтых лічбаў, піша Радыё Свабода.

Колькі плацяць былым сілавікам

У адкрытых крыніцах няма звестак аб пенсіях сілавікоў. Памерамі гэтых выплат займаюцца профільныя міністэрства. Ад былых сілавікоў на ўмовах ананімнасці Свабода даведалася, што пенсія падпалкоўніка ўнутраных войскаў, які выйшаў у адстаўку пасля 50 гадоў, – каля тысячы рублёў. Старэйшы лейтэнант міліцыі, які быў камісаваны па стане здароўя (гэта значыць не даслужыўся да поўнай пенсіі), мае 450 рублёў.

Цяперашні старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, які звольніўся з міліцыі ў званні падпалкоўніка, атрымлівае пенсію крыху больш за 700 рублёў.

– У мяне 24 гады выслугі. Я звальняўся з РАУС як аператыўнік па асабліва важных справах. Калі нехта звальняецца з ГУУС або МУС, у іх выходзіць больш. Калі было апошняе павышэнне, пенсія не змянілася. Праўда, у мяне зараз судовыя выканаўцы вылічваюць частку пенсіі, – кажа Мікалай Казлоў.

Якая пенсія ў дзяржслужачых

Памер пенсіі дзяржаўных служачых і былых дэпутатаў у Беларусі рэгулююць два законы: «Аб дзяржаўнай службе ў Беларусі” і Указ прэзідэнта “Аб штомесячным грашовым утрыманні асобных катэгорый дзяржаўных служачых».

Чыноўнікі са стажам працы не менш за пяць гадоў маюць наступныя памеры пенсій:

  • Калі займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады – 75% зарплаты
  • Члены ўрада, паслы, старшыня ЦВК – 65% зарплаты
  • Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Нацыянальнага Сходу – 65% зарплаты

Калі заробак дэпутата ў сярэднім складаў 2,5 тысячы рублёў (па словах Ганны Канапацкай), то гэта 1615 рублёў пенсіі.

Былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч цяпер атрымлівае пенсію, «крыху больш за сярэдні заробак па Менску». Раней яго пенсія была роўная сярэдняй зарплаце, але ў гэтым годзе павысілася, так як ён мае званне прафесара.

– Я доктар навук і прафесар, а Лукашэнка выдаў указ, і з гэтага года для дактароў і прафесараў вырасла пенсія на 370 рублёў. Але, вядома, пенсійную сістэму трэба ўніфікаваць. Патрэбна, каб была адзіная сістэма пенсійнага забеспячэння, дзе павінны быць каэфіцыенты за нейкія заслугі. Павінны быць уніфікаваны і тэрміны выхаду на пенсію. Дзяржава павінна забяспечыць нармальны пражытачны мінімум з улікам былой зарплаты чалавека. Ненармальна, што пенсіі ў сілавікоў вышэй, – лічыць Станіслаў Багданкевіч.

Паводле звестак Белстата, сярэдні заробак у жніўні ў Мінску была 1766 рублёў.

• Текст доступен на языке: Русский