Арцемій Супрановіч. Фота са старонкі Арцемія ў vk.com.

Сёння віляйчук Арцемій Супрановіч жыве і працуе ва Украіне. А яшчэ нядаўна вучыўся на архітэктара на пятым курсе БНТУ. Афіцыйная прычына адлічэння – за сістэматычнае паўторнае парушэнне вучэбнай дысцыпліны і невыкананне абавязкаў. Пра тое, што значыць для яго Вілейка, пра вучобу і выключэнне з пятага курса БНТУ хлопец распавёў «Рэгіянальнай газеце».

– Для мяне Вілейка – гэта шчырыя, адкрытыя людзі, падтрымка і ўзаемадапамога. Вучыўся ў гімназіі «Логас», чым да нядаўняга часу ганарыўся. Як і большасць вучняў гімназіі, я хацеў паступіць у прэстыжную сталічную ВНУ. Ад дзясятага класа сумленна мэтанакіравана рыхтаваўся да ўступных экзаменаў. У выніку паспяхова паступіў у БНТУ на архітэктара, – пачынае Арцём.

Па яго словах, вучыцца было нескладана. Часам мусіў паднапружыцца, але асаблівых цяжкасцей не было. Вучоба задавальняла студэнта, але хацелася чагосьці большага, інавацыйнага.

Да лета гэтага года Арцём зусім не цікавіўся палітыкай. Цікавасць прыйшла ў ліпені. Зарэгістраваўся назіральнікам на выбарах на двух участках Вілейшчыны, пабачыў парушэнні. І ўжо не змог заставацца ў баку ад палітыкі.

– Сітуацыяй у краіне заклапочаны цяпер кожны з маіх былых аднагрупнікаў, – кажа Арцём. – Ад верасня ў БНТУ мы пачалі ладзіць акцыі пратэсту. Яны праходзілі мірна ў дружалюбнай абстаноўцы. Студэнты выступалі за канструктыўны дыялог з адміністрацыяй і рэктарам універсітэта для вырашэння тых пытанняў, якія нас цікавілі.

Але ў адміністрацыі была іншая думка на конт дыялогу. Пачалі запалохваць, пагражаць сваім жа студэнтам. Асабіста мной пачалі цікавіцца ад пачатку гэтага навучальнага года. Але я асаблівай увагі не надаваў.

Пра тое, што яго выключылі з пятага курса, Арцём даведаўся ад сяброўкі.

– Афіцыйная прычына – пропускі. Так, я не ідэальны студэнт, часам мог прапусціць пару.

Але ў нас ёсць студэнты, якія сесію не здалі і ў сярэдзіне верасня яшчэ на заняткі хадзіць не пачалі, – дзеліцца былы студэнт.

Па словах хлопца, яго сям’я мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, неабыякавая да падзей у краіне, падтрымлівае яго. Адлічэнне родныя ўспрынялі спакойна, з разуменнем.

Ва Украіне Арцём працуе, таксама займаецца грамадскай дзейнасцю ў галіне незалежных прафсаюзаў. За падзеямі ў Беларусі сочыць і па інтэрнэту, і па ўкраінскім тэлебачанні. Па яго назіраннях, там тэлебачанне аб’ектыўна паказвае сітуацыю ў Беларусі.

– Як і ўсе беларусы, я вельмі хачу вярнуцца дамоў. А пакуль назіраю за сваімі землякамі – віляйчанамі – і радуюся, што яны такія актыўныя.

• Текст доступен на языке: Русский