Фота Habr.

Пра махлярства ў міліцыю заявіла 30-гадовая жыхарка Маладзечна. Жанчына расказала, што з яе банкаўскага карт-рахунку спісалі 1400 рублёў. Пры гэтым пацярпелая прызналася, што сама дапамагла зламыснікам падмануць сябе, паведаміўшы незнаёмцам дадзеныя карткі і коды, якія прыходзілі ёй у sms, паведаміла афіцыйны прадстаўнік РАУС Маладзечна Юлія Крук.

Жанчыне патэлефанаваў невядомы, які прадставіўся супрацоўнікам службы бяспекі банка, і напалохаў будучай стратай грашай. Персанальная інфармацыя, па словах суразмоўцы, яму была патрэбна, каб прадухіліць незаконнае спісанне з карткі. Для правядзення шэрагу маніпуляцый, паверыўшы незнаёмцу, маладзечанца назвала рэквізіты крэдыткі, а таксама коды для пацверджання аперацый. Такім чынам пазбавілася зберажэнняў.

Па факце крадзяжу пачалі крымінальную справу. Цяпер аператыўнікі групы па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці праводзяць шэраг праверачных мерапрыемстваў, накіраваных на ўсталяванне асоб, якія мелі дачыненне да крадзяжу.

Паводле аператыўнай інфармацыі, штодня ў Маладзечне фіксуюцца каля дзвюх-трох заяў па фактах такога махлярства. Сумы, выкрадзеныя ў грамадзян, у кожным выпадку розныя, да сотняў рублёў.

Праваахоўнікі ў чарговы раз нагадваюць, што супрацоўнікі фінансавых установаў не тэлефануюць сваім кліентам і не просяць паведаміць ім канфідэнцыйныя дадзеныя.

• Текст доступен на языке: Русский