Іван Вярбіцкі праводзіць аўдыт смецця.

Наша школа ўдзельнічае ў розных праектах. Адзін з іх – педагагічны праект «Развіццё экалагічнай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове стратэгіі ўстойлівага развіцця»

Падчас працы над праектам вучні неаднаразова ўдзельнічалі ў розных экалагічных конкурсах і акцыях – «Чысты лес», «Дзень Зямлі», «Дрэва замест букета», «Здаём макулатуру – захоўваем дрэва».

За працай.

Побач з нашай вёскай працякае рака Ілія. Адным з упадабаных месцаў для адпачывальнікаў з’яўляюцца берагі ракі каля бальніцы. Тут часта можна сустрэць аднавяскоўцаў або навучэнцаў мясцовага каледжа.

З часам самае люднае месца стала адначасова і адным з самых забруджаных.

Ля ракі сабралася шмат шклянога і пластыкавага посуду, упаковак ад чыпсаў, сокаў, сурвэткі і рэшткі іншых рэчаў і прадуктаў.

Зноў аўдыт.

Мы вырашылі не толькі пачысціць берагі ад смецця, але і прааналізаваць яго склад, колькасць і прыналежнасць да адпаведнага тыпу – правесці смеццевы аўдыт. На маю прапанову адгукнуліся сямікласнікі, якія ў школе адказваюць за паасобны збор смецця.

15 кастрычніка выйшлі на акцыю «Чыстая рака». Якраз надвор’е нам спрыяла. Узяўшы неабходныя рэквізіты, вучні з класным кіраўніком Аксанай Аляксееўнай Шушкевіч пайшлі да ракі. На здзіўленне, на гэты раз смецця аказалася няшмат. Хлопчыкі і дзяўчынкі разбегліся па беразе, збіраючы яго. Адны падбіралі пластыкавыя бутэлькі, другія шкляныя, трэція – рэшткі ад цыгарэт, чацвертыя – упакоўкі харчовых прадуктаў, вільготныя сурвэткі, ахоўныя маскі, металічны посуд ад энергетыка. Сабраўшы ўсё, мы падлічылі колькасць рэчаў, узважылі і запоўнілі форму аўдыту.

Скончылі збор.

З усяго сабранага толькі пластыкавыя і шкляныя бутэлькі годныя для перапрацоўкі. Іх мы прынеслі да спецыяльных кантэйнераў, астатняе пайшло ў кантэйнер для агульнага смецця.

Хочацца, каб рэкі і азёры нашай радзімы былі прыгожымі і чыстымі.

Фотаздымкі забяспечаныя аўтарам. 

• Текст доступен на языке: Русский