Фота delo.ua.

Днямі суд агучыў прыгавор 26-гадоваму жыхару Вілейшчыны. Мужчыну абвінавачвалі па частцы 1 артыкула 214 Крымінальнага кодэкса – угон. Падзеі адбываліся сёлета,19 чэрвеня, у прамежку ад 10 да 10.45 раніцы. Пра абставіны справы і прысуд расказала памочнік пракурора Вілейшчыны Наталля Стрэж.

Па словах памочніка пракурора, у той дзень жыхарка адной з вёсак Вілейшчыны святкавала народзіны. На свята прыйшоў абвінавачваемы і на машыне прыехаў пацярпелы з жонкай. Усе разам выпівалі. Калі абедзве жанчыны і гаспадар машыны заснулі, абвінавачваемы вырашыў з’ездзіць за дабаўкай спіртнога на машыне знаёмага.

Узяў з яго курткі ключы, завёў машыну і паехаў на ёй у краму ў суседнюю вёску. Па дарозе нехта заўважыў, што за рулём машыны, верагодна, едзе нецвярозы кіроўца, і выклікаў ДАІ. Работнікі прыехалі і склалі пратаколы. Акрамя таго, што мужчына быў у стане алкагольнага ап’янення, ён яшчэ не меў правоў – пазбавілі.

У гэты час прачнуўся пацярпелы. Ён заўважыў, што няма аўтамабіля і паведаміў пра гэта ў РАУС Вілейкі.

Падчас кіравання абвінавачваемы чужое аўто не пашкодзіў. Пацярпелы асаблівых прэтэнзій да знаёмага не меў, на строгім пакаранні не настойваў.

– Абвінавачваемы прызнаў віну, раскаіўся. Сказаў, што красці аўтамабіль не збіраўся. Хацеў толькі пакарыстацца ім для паездкі ў краму. Суд улічыў грамадскую небяспеку здарэння. Абвінавачваему прызначылі пакаранне – тры месяцы арышту. Згодна з артыкулам 107 Крымінальнага кодэкса, па месцы арышту мужчына будзе лячыцца ад алкагалізму, – падсумавала Наталля Стрэж.

• Текст доступен на языке: Русский