У чацвер, 22 кастрычніка, у рэдакцыю прыйшоў актывіст, работнік ЗАТ «Маладзечнамэбля» Уладзімір Станевіч.

–   Ад пачатку тыдня людзі на фабрыцы пачалі задаваць пытанні, як ад панядзелка, 26 кастрыніка, мы падтрымаем пратэстоўцаў. Большасць нашых работнікаў супраць фальсіфікацыі, гвалту і таго, што сёння адбываецца ў краіне. Вырашалі, праводзіць забастоўку ці не. Мы – закрытае акцыянернае таварыства, працуем самі на сябе, таму нам баставаць нявыгадна. Але сваю думку і салідарнасць з бастуючымі мы хацелі б выказаць.

З пытаннямі людзі звяртаюцца да мяне. Я праз прафкам звярнуўся да дырэктара. Прасіў перадаць пытанне кіраўніцтву: Як мы можам выказаць свой пункт гледжання?

Праз прафкам кіраўніцтва перадало: пажадана нічога не праводзіць.

Я перадаў гэта людзям. Вырашылі: раз забастоўку нельга, то ў абедзенны перапынак у панядзелак выйдзем з плакатамі, на якіх выкажам свае патрабаванне – справядлівыя выбары, спыненне гвалту, вызваленне палітвязняў, пакаранне тых, хто вінаваты ў гвалце.

Папрасілі перадаць дырэктару. Адразу ён адказаў, што можам выходзіць на ўласны страх і рызыку, але каб адыходзілі далей ад прадпрыемства, бо будзем выказваць сваю думку, а не думку ўсёй фабрыкі. А пазней мяне выклікалі ў адміністрацыю і таксама сказалі – не. Была думка, усім напісаць заявы за свой кошт, але таксама сказалі, што масава не падпішуць. Пры гэтым дырэктар з намі асабіста на сувязь не выходзіць. У чацвер, 22 кастрычніка, мы прапанавалі кіраўніцтву сустрэцца да канца працоўнага дня, каб вырашыць нашы пытанні. На сустрэчу ніхто нас не паклікаў.

Атмасфера на фабрыцы такая: на прадпрыемства прыходзяць людзі з органаў. Работнікі баяцца за сябе, баяцца страціць працу.  Мая жонка ўвесь час хвалюецца за мяне, што могуць прыйсці і забраць.

А мы ж нічога не парушаем. Што мы дрэннага робім? Проста хочам выказаць сваю думку, а нам не даюць гэта зрабіць ніякім чынам.

У суботу, 24 кастрычніка, Уладзімір звязаўся з карэспандэнтамі і паведаміў, што ў пятніцу, 23 кастрычніка, работнікі ўсё ж пачалі пісаць заявы за ўласны кошт. Напісаў і Уладзімір. Яго заяву падпісалі.

«Рэгіянальная газета» адрыта да каментароў кіраўніцтва «Маладзечнамэблі».

• Текст доступен на языке: Русский