26 кастрычніка ў Маладзечне адбылася пратэстная акцыя. Расказваем, як яна прайшла.

Каля 18 гадзін на Цэнтральнай плошчы з’явіліся два мужчыны з бел-чырвона-белымі сцягамі на плячах. «Рэгіянальная газета» даведалася, што аднаго з мужчын завуць Андрэй Булдай.

Затрыманне Андрэя Булдая.
Хлопец, якога затрымалі другім.
Затрыманне Андрэя Булдая.

Пасля затрыманняў на плошчы пачалі збірацца людзі ў групы. Іх было каля некалькіх дзясяткаў. У хуткім часе туды пад’ехалі дзве міліцэйскія аўтамабілі, з іх выйшлі два міліцыянеры, якія прайшлі па плошчы і вярнуліся да машыны.

Пасля міліцыянеры ўзялі мегафон і пачалі падыходзіць да груп людзей, аднак яны хутка адыходзілі ў бок алеі.

Каля алеі сабралася асноўная маса людзей. Яны спрабавалі гутарыць з міліцыянерамі, міліцыянеры гутарылі з людзьмі. У гэты час іншыя супрацоўнікі здымалі твары людзей на відэакамеру.

Адзін з супрацоўнікаў паведаміў, каб людзі сышлі з плошчы ў парк — маўляў, там да іх ніхто з міліцыянераў падыходзіць не будзе.

Людзі ідуць у парк.

Людзі дайшлі да парка, аднак сталі каля ўваходу ў ланцуг. Машыны сігналілі ў падтрымку. Калі да ланцуга пачалі падыходзіць міліцыянеры, людзі хутка схаваліся ў парку. За імі пайшлі і сілавікі.

Людзі яшчэ некалькі разоў кропкава збіраліся, аднак у хуткім часе разыходзіліся. Міліцыянеры не рабілі ніякіх папярэджанняў праз мегафон аб несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, толькі здымалі людзей на відэа.

Фота Настассі УТКІНАЙ.