Фота Сяргея Гапона.

Экалагічную акцыю зладзілі 24 кастрычніка.

Супрацоўнікі прадстаўніцтва ААН у Беларусі і Маладзечанскага лясгаса сумесна пасадзілі больш за 3000 саджанцаў сасны, елкі і бярозы на тэрыторыі Маладзечанскага лясніцтва. Такім чынам адзначылі 75-годдзе Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Удзельнікі лічаць, што акцыя з’яўляецца калектыўным унёскам у захаванне біяразнастайнасці і барацьбу са змяненнем клімату.

Падчас мерапрыемства Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі адзначыла:

– Пасадка дрэваў з’яўляецца сімвалам, але таксама – хаця і вельмі маленькім – усё ж канкрэтным жэстам, які дэманструе прыхільнасць і волю да барацьбы са змяненнем клімату. Экасістэмы Зямлі становяцца ўсё больш і больш кволымі. Біяразнастайнасць скарачаецца беспрэцэдэнтнымі тэмпамі з ростам уплыву на людзей і планету. Прагрэс у дасягненні глабальных мэтаў у галіне біяразнастайнасці, у тым ліку мэтаў устойлівага развіцця, неабходна паскорыць.