Чыгуначны вакзал у Маладзечне. Фота history.rw.by.

Замыканне дротам рэйкавых ланцугоў набыло масавы характар, хоць гэтыя дзеянні забароненыя і небяспечныя.

Міліцыя Мінскай вобласці паведаміла ўчора пра замыканне дротам рэйкавых ланцугоў каля Калядзіч пад Мінскам.

Як стала вядома «Нашай Ніве» з унутраных чыгуначных зводак, гэта не адзіны такі выпадак. Толькі ўчора ў першай палове дня было шэсць выпадкаў закарочвання рэйкавых ланцугом дротам — на перагонах каля Жодзіна, Памыслішча, Сцяпянкі, Рудзенска.

Невядомыя рэгулярна замыкаюць дротам рэйкавыя ланцугі на ўчастках, прылеглых да Мінска. Гэтыя здарэнні, паводле нашай інфармацыі, фіксаваліся на баранавіцкім, асіповіцкім і маладзечанскім кірунках.

Такая маніпуляцыя дазваляе затрымаць кожны цягнік прыкладна на 10 хвілін. Машыніст павінен спачатку спыніцца перад ілжыва чырвоным сігналам, пасля, пасля загаду дыспетчара, пачаць рух з хуткасцю 20 км/г да святлафора з дазвольным сігналам.

Заканадаўства забараняе любыя маніпуляцыі на чыгунцы, бо яны могуць прывесці да збояў у працы.

«Замыканне дротам рэйкавых ланцугоў хоць і не стварае непасрэднай пагрозы аварый, але павялічвае верагоднасць збояў, якія могуць прывесці да аварый. Таму такога ні ў якім разе нельга рабіць», — патлумачыў «Нашай Ніве» спецыяліст чыгункі.