Сёння, 27 кастрычніка, у Маладзечне развіталіся з музыкантам, хормайстарам, мастацкім кіраўніком заслужанага ансамбля песні і танца «Спадчына» Яўгенам Гарчаніным.

На грамадзянскай паніхідзе прысутнічалі родныя і сябры Яўгена Цімафеевіча, артысты «Спадчыны», калегі, прадстаўнікі Маладзечанскіх электрасетак, дзе Яўген Гарчанін кіраваў хорам «Світанак», прыхільнікі творчасці.

Развітальнае слова – ад былога старшыні ўкраінскай суполкі “Краяны” Леаніда Лысакабылкі.

– Смерць Яўгена Гарчаніна – вялікая страта для культуры Маладзечна і для ўсёй Беларусі. Так склалася, што лёс музыканта звязаны з Маладзечнам. У 1976 годзе ён паступіў у Маладзечанскае музвучылішча на спецыяльнасць «Харавое дырыжыраванне», а скончыўшы ўстанову, на прафесійнай аснове стаў працаваць у «Спадчыне». 38 год працаваў тут хормайстарам, а калі ўлічыць, што ён быў у ансамблі і ў час вучобы, атрымаецца больш за сорак год. Ён з’яўляўся сведкам усіх песень, якія ствараліся ў «Спадчыне» Іосіфам Сушко, бо над кожным творам працаваў як хормайстар.

У тандэме з Іосіфам Сушко яны стварылі вельмі прыгожы калектыў. Калектыў з’яўляўся візітоўкай Маладзечна і Беларусі. Яўген Цімафеевіч быў цудоўным чалавекам, адказным, прыгожым, таленавітым.

Дырэктар Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага Рыгор Сарока падзяліўся, што Яўгена Гарчаніна ведае з юнацтва. Адзначыў, што пасля смерці Іосіфа Сушко, заснавальніка і першага кіраўніка «Спадчыны», Яўген Гарчанін меў вельмі няпростую і адказную задачу – захаваць калектыў. З гэтай задачай ён вельмі паспяхова справіўся.

Артысты калектыву адзначылі, што за адносна невялікі тэрмін – чатыры гады – яны асірацелі другі раз. У 2016 годзе памёр Іосіф Сушко, а цяпер «Спадчына» засталася без Яўгена Гарчаніна.

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский