27 кастрычніка ў рэдакцыю «Рэгіянальнай газеты» звярнуліся бацькі, чые дзеці вучацца ў маладзечанскай гімназіі №10.

У аўторак, 27 кастрычніка, у гімназіі правялі суботнік. Кажуць, што ўрокі скарацілі, а вучні пасля 14 гадзін пачалі прыбіраць тэрыторыю. Асноўная частка бацькоў адмовілася ў суботу адпускаць дзяцей на суботнік, таму яго зрабілі сёння.

Дырэктар гімназіі Таццяна Камкова не пагадзілася адказваць на пытанні карэспандэнта.

Яна спаслалася на тое, што па тэлефоне каментарыі не дае, сустрэцца таксама адмовілася — у яе няма часу.

Па яе словах, калі ў вучняў будуць нейкія пытанні, то яны могуць звярнуцца наўпрост да яе, а не праз журналістаў.

Карэспандэнты «РГ» паглядзелі, як праходзіць суботнік у маладзечанскай гімназіі. Па ўсёй тэрыторыі школьнікі рознага ўзросту прыбіралі лісце з дапамогай грабляў: дзяўчаты грабуць, а хлопцы збіраюць лісце на цырату. Усяго прыбіралі тэрыторыю не менш за 30 дзяцей.

Фота Настассі УТКІНАЙ.