У сучаснай Беларусі няма пасад губернатараў і мэраў, а ёсць старшыні выканкамаў.

«Рэгіянальная газета» тлумачыць, чаму так адбылося і хто кіруе адміністрацыйнымі адзінкамі краіны.

Як з’явіліся пасады губернатараў і мэраў

Пасада губернатара была і застаецца ў многіх краінах па ўсім свеце. Губернатар – гэта намеснік кіраўніка дзяржавы на пэўнай тэрыторыі (дамініёне, губерні, штаце ці іншае).

У Брытанскай імперыі пасада губернатара ўводзілася на каланіяльных тэрыторыях.

У палітычнай сістэме ЗША дагэтуль ёсць губернатары: яны з’яўляюцца прадстаўнікамі выканаўчай улады штата. У Францыі губернатары былі прадстаўнікамі каралеўскай улады. Для Беларусі найбольш бліжэйшы прыклад – Расійская імперыя.

Пасада губернатара ў Расійскай імперыі з’явілася пасля тэрытарыяльна-адміністрацыйнай рэформы Пятра І. У 1708 годзе краіну раздзялілі на губерні,
намеснікамі імператара ў іх сталі губернатары. Некаторых з іх называлі генерал-губернатарамі – спачатку ў тытула быў ганаровы характар. З цягам часу генерал-губернатары сталі валодаць большымі паўнамоцтвамі, чым звычайныя губернатары, таму што маглі кіраваць мясцовымі сілавымі структурамі.

Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай на беларускіх землях, якія сталі называць Паўночна-Заходнім краем, расійская ўлада ўвяла пасаду генерал-губернатара. Самым вядомым сярод усіх чыноўнікаў, якіх імператары адпраўлялі кіраваць Паўночна-Заходнім генерал-губернатарствам, стаў Міхаіл Мураўёў. Вядомым ён стаў з-за падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Мураўёў падчас паўстання абкладаў шляхту «вайсковым падаткам», шырока практыкаваў канфіскацыю маёмасці, пад яго кіраўніцтвам трыбуналы пакаралі смерцю больш за 100 паўстанцаў (у тым ліку і Каліноўскага), тысячы чалавек саслалі ў Сібір.

За некалькі год кіраўніцтва Паўночна-Заходнім краем генерал-губернатар Мураўёў атрымаў мянушку Вешальнік. Мэр – выбарчая пасада кіраўніка мясцовай адміністрацыі, выканаўчай улады ў населеным пункце.

У Еўропе гэта пасада мае даўнія вытокі. Еўрапейскія гарады, у тым ліку і беларускія, пачалі атрымліваць Магдэбургскае права ад 12 стагоддзя. Пасля гэтага выбіралі мясцовае самакіраванне – магістрат, якім кіраваў войт. Для беларускіх гарадоў і мястэчак мясцовае самакіраванне было нормай, большасць з іх да далучэння да Расійскай імперыі валодалі Магдэбургскім правам.

Пры савецкай уладзе змянілася тэрытарыяльна-адміністрацыйнае дзяленне. Губерніі пераўтварыліся ў вобласці, а назву пасады губернатара прыбралі па ідэалагічных прычынах. Раённыя і абласныя камітэты партый узначальвалі першыя сакратары.

Беларусь без губернатараў і мэраў

Савецкую сістэму мясцовага кіравання пераняла сучасная Беларусь: на пачатку 1990-х гадоў стварылі сельвыканкамы, райвыканкамы і аблвыканкамы, а галоўнымі асобамі ў іх сталі старшыні.

Згодна з Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», старшынь прызначае прэзідэнт, а кандыдатуры ўхваляе мясцовы Савет дэпутатаў.

Вызваляць ад пасады можа толькі прэзідэнт, пасля гэта рашэнне таксама ўхваляецца Саветам дэпутатаў.

Пасады старшынь не выбарныя, як, напрыклад, у мэраў. У заходніх краінах, у тым ліку ў Расіі, мэраў гарадоў выбіраюць на прамых выбарах. Гэта калі людзі пэўнага населенага пункта ідуць у вызначаны дзень, галасуюць за кандыдата, які становіцца альбо не становіцца абраным мэрам.

Беларуская сістэма адрозніваецца тым, што ўсе прызначэнні на кіруючыя пасады ў мясцовыя адміністрацыі праходзяць праз прэзідэнта. Па заканадаўстве жыхары пэўнага населенага пункта не могуць абіраць кіраўніка гэтага населенага пункта, яго прызначае вышэйшае кіраўніцтва.

У Беларусі нельга называць старшынь выканкамаў губернатарамі і мэрамі, таму што гэта скажае інфармацыю і падмяняе паняцці. Пасады губернатара і мэра прадугледжваюць больш шырокія паўнамоцтвы і адказнасць перад жыхарамі пэўнага населенага пункта.

У старшыні выканкама абмежаваныя паўнамоцтвы, ён падпарадкоўваецца вышэйшаму кіраўніцтву і нясе адказнасць за свае дзеянні толькі перад ім.