29 кастрычніка ў маладзечанскім судзе разглядалі справу Андрэя Будая. Яго затрымалі ў панядзелак, 26 кастрычніка, на Цэнтральнай плошчы — там Андрэй стаяў з бел-чырвона-белым сцягам.

Затрыманне Андрэя Будая 26 кастрычніка.
Затрыманне Андрэя Будая 26 кастрычніка.

Суддзя — Вікторыя Паляшчук.

У судовым пасяджэнні разглядалі адразу чатыры пратаколы па адміністратыўных правапарушэннях. Андрэй Будай прызнаў сябе вінаватым толькі па трох з іх.

9 верасня — акцыя ля Чырвонага сцяга

— Людзі стаялі, я стаў. Ланцугом стаялі. Не ведаю, чаму там стаў.

У Будая не было з сабой сімволікі. Бачыў міліцыянераў, якія здымалі на відэакамеру, не памятае, што яны казалі. Зразумеў, што прысутнічае на мітынгу, толькі тады, калі аб гэтым заявілі супрацоўнікі органаў унутраных спраў. У той дзень ішоў з працы на «Модуль».

Суддзя: Чаму вы вырашылі застацца, а не сышлі?

Будай: Не ведаю, патлумачыць не змагу. Можа, цукеркі раздавалі б.

Суддзя: Хто?

Будай: Ну калі людзі стаяць, яны ж чагосьці чакаюць.

13 верасня — нядзельнае пратэстнае шэсце

Будай сказаў, што выказваў у той дзень сваё меркаванне аб прэзідэнцкіх выбарах. У той дзень у Маладзечне прайшло пратэстнае шэсце. Па словах Будая, ён не памятае, якія лозунгі крычалі людзі падчас шэсця.

23 верасня — пратэстная акцыя пасля інаўгурацыі Лукашэнкі

Будай не памятае, што 23 верасня адбывалася падчас акцыі.

26 кастрычніка — адзіночны пікет

Андрэй Будай сказаў, што пасля працы прыйшоў на Цэнтральную плошчу, хадзіў з бел-чырвона-белым сцягам на плячах.

Будай: Прыйшоў на плошчу, каб выказаць нязгоду з дзеючай уладай.

Суддзя: Чаму са сцягам?

Будай: Сцяг у нас не з’яўляецца забароненым.

Андрэй знаходзіўся на плошчы з 17:40-17:45. Супрацоўнікі з’явіліся не плошчы не адразу, яны спынілі свае аўтамабілі каля былога ўнівермага і з боку МТЭК. Потым да яго падашлі міліцыянеры.

— У райвыканкам не звяртаўся. Не лічу гэта мерапрыемствам, гэта быў шпацыр.

Андрэй Будай будзе абскарджваць пастанову суда.

Будая прывезлі да суда.

Сведка Трацкевіч

Аляксандр Трацкевіч — камандзір узвода патрульна-паставой службы Маладзечанскага РАУС. Ён расказаў, што заўважыў Будая, таму што ў яго быў бел-чырвона-белы сцяг, мужчына хадзіў па плошчы.

Сведка Мурза

Віталь Мурза — інспектар па дазвольнай працы Маладзечанскага РАУС. Мурза патлумачыў, што ўвесь верасень знаходзіўся ў аператыўна-сітуацыйным штабе Маладзечанскага РАУС. Ён даводзіў сітуацыю ў горадзе да атрадаў ППС, кіраўніцтву ў РАУС і абласному кіраўніцтву. Мурза пацвердзіў, што высветліў па аператыўных відэазапісах, што Андрэй Будай знаходзіўся на ўсіх гэтых мерапрыемствах.

Сведка Кеўра

Яўген Кеўра — старшы ўчастковы інспектар аддзела прафілактыкі Маладзечанскага РАУС. Разам з Мурзой працаваў у аператыўна-сітуацыйным штабе, маніторыў тэлеграм-каналы. Праз іх даведваўся пра магчымыя несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. 26 кастрычніка знаходзіўся ў службовым аўтамабілі, на Цэнтральнай плошчы ён бачыў Андрэя Будая з бел-чырвона-белым сцягам.

Будай перад судом.

Сведка Монід

Арцём Монід — участковы інспектар Маладзечанскага РАУС. 23 верасня працаваў на службе па ахове грамадскага парадку. Па яго словах, у той дзень на Цэнтральнай плошчы ў Маладзечне праходзіла пратэстная акцыя. Монід фіксаваў людзей на відэакамеру.

— Людзі крычалі розныя лозунгі: «Жыве Беларусь», «Міліцыя з народам», «Міліцыя з уродам». Трымалі бел-чырвона-белыя сцягі. Было каля 50 чалавек.

Монід пацвердзіў, што бачыў Будая падчас акцыі 23 верасня.

Сведка Грыдзюшка

Дзмітры Грыдзюшка — старшы ўчастковы інспектар Маладзечанскага РАУС. Сведка працаваў на службе па ахове грамадскага парадку 9 верасня. Ён забяспечваў ахову міліцыянера Яраслава Туровіча, які вёў відэаздымку. У той дзень ля Чырвонага касцёла праходзіла пратэстная акцыя. Грыдзюшка паведаміў, што не памятае, ці знаходзіўся на акцыі Будай. Па яго словах, прайшло шмат часу.

Суддзя Вікторыя Паляшчук прызнала Будая вінаватым ва ўдзеле ў чатырох несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Яго пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Андрэй Будай будзе абскарджваць пастанову суда.